Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля 15 сутак у берасьцейскім ізалятары блогера Кабанава даставілі ў пінскую міліцыю 


Блогер Аляксандар Кабанаў
Блогер Аляксандар Кабанаў

Праціўнік будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці блогер Аляксандар Кабанаў пасьля вызваленьня з Ізалятару часовага ўтрыманьня зноў быў затрыманы.

Як паведаміў Аляксандар Кабанаў БелаПАН, 3 траўня яго выпусьцілі з ІЧУ Ленінскага РАУС Берасьця, дзе ён адбываў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства». І адразу ж пасьля гэтага затрымалі паўторна.

«Каля 11.30 мяне прывезьлі ў Пінскі ГАУС, — расказаў Кабанаў. — Ніхто не патлумачыў, навошта. Я доўга чакаў супрацоўніка міліцыі, які апытаў мяне паводле нашых відэаматэрыялаў ў праекце „Народны рэпартэр“ на канале YouTube. Прыкладна а 13-й адпусьцілі. Толькі ў 18.30 я здолеў дабрацца да Гарадзішча».

У пасёлку Гарадзішча на Піншчыне Аляксандар Кабанаў знаходзіўся на самаізаляцыі да 18 красавіка. У той жа дзень яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі і даставілі ў Берасьцце.

Аляксандр Кабанаў і другі актывіст, Дзьмітры Андрасюк, павінны былі выйсці з ІЧУ раніцай 3 траўня пасьля 15-дзённага арышту за ўдзел у акцыі супраць акумулятарнага заводу 12 красавіка ў абласным цэнтры.

Сустракаць іх прышла група праціўнікаў заводу. Пасьля таго, як арыштаваныя ў прызначаны час ня выйшлі, бацька Андрасюка зьвярнуўся да кіраўніцтва ўстановы. Яму паведамілі, што і ягоны сын, і Кабанаў «даўно на волі».

Пазьней высьветлілася, што Андрасюка вызваліла толькі ў другой палове дня, а Кабанава адвезьлі ў Пінск, каб тыя не далучыліся да пратэстоўцаў, якія па нядзелях зьбіраюцца на берасьцейскай плошчы Леніна.

Жыхары рэгіёну лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Пры рэалізацыі праекту ўжо выявілі шэраг парушэньняў.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG