Прэмія мэдыякампаніі Deutsche Welle «За свабоду слова» (Freedom of Speech Award) сёлета ўручаецца за асьвятленьне крызісу, выкліканага пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі. Яе лаўрэатамі сталі 17 журналістаў і блогераў з розных краін сьвету, якія пісалі пра сытуацыю ў іх краінах ва ўмовах пандэміі і зазнавалі пагрозы, арышты і судовыя перасьледы.
Сёлета 25 сакавіка галоўнага рэдактара сеткавага выданьня «Ежедневник» Сяргея Сацука затрымалі па падазрэньні ў атрыманьні хабару і пачалі супраць яго крымінальную справу. Як піша Deutsche Welle, калегі Сацука ўпэўненыя, што прычынай перасьледу стаў ягоны артыкул «Хто сее паніку вакол каранавірусу, прэзыдэнт ці сайты і каналы?» У ім Сацук выказаў сумневы ў дакладнасьці афіцыйных зьвестак пра распаўсюд інфэкцыі ў Беларусі.
4 красавіка генэральны пракурор Беларусі адмяніў рашэньне аб узяцьці Сяргея Сацука пад варту, аднак абвінавачаньні зь яго не былі зьнятыя. Раней на сайце «Ежедневника» быў надрукаваны артыкул Сацука аб карупцыі ў Міністэрстве аховы здароўя. Сам журналіст неаднаразова заяўляў, што зь ім спрабуюць расправіцца за прафэсійную дзейнасьць.
«Асабліва прыемна прыемна атрымліваць прэмію ў такі складаны для мяне час — пасьля арышту і завядзеньня крымінальнай справы. Гэта дае сілаў», — сказаў Сяргей Сацук Радыё Свабода.
Як мяркуе рэдактар «Ежедневника», журналісцкія расьсьледаваньні карупцыі будуць і надалей вельмі запатрабаваныя ў беларускім грамадзтве.
«Для мяне галоўнае — маральная падтрымка такога аўтарытэтнага ў сьвеце мэдыя, як DW. Што да матэрыяльнага складніка прэміі, дык, калі шчыра, нічога пра яго ня ведаю. Калі будзе — вельмі дарэчы, улічваючы мае даўгі. Калі не — і на гэтым дзякуй!» — сказаў Сяргей Сацук.
4 красавіка Сяргея Сацука вызвалілі з ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Менску пасьля затрыманьня супрацоўнікамі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. Што вядома пра расьсьледаваньне справы журналіста?
«Ды нічога ня ведаю. Праз колькі дзён пасьля вызваленьня выклікалі на допыт і азнаёмілі са складам сьледчай групы. У ёй ажно 5 чалавек. Як сказана ў пастанове, гэтак шмат "у сувязі з складанасьцю расьсьледаваньня справы". Але, калі шчыра, не ўяўляю, што там складана расьсьледаваць? Ёсьць відэа, ёсьць мае паказаньні. Што там незразумелага?» — кажа Сацук.
Сяргея Сацука вінавацяць у атрыманьні хабару ад бізнэсоўца, які нібыта замовіў у журналіста артыкул супраць канкурэнтаў. Сацук адмаўляе, што браў хабар. Паводле журналіста, грошы, якія прапаноўваў бізнэсовец, ён раіў легальна пералічыць як дапамогу ў журналісцкім расьсьледаваньні.
«У часы глябальнага крызісу здароўя журналістыка выконвае ключавую функцыю, і кожны журналіст нясе вялікую адказнасьць, — заявіў генэральны дырэктар Deutsche Welle Пэтэр Лімбург, абвяшчаючы пераможцаў конкурсу ў Бэрліне. — Грамадзяне кожнай краіны маюць права на доступ да інфармацыі, заснаванай на фактах і крытычным аналізе. Любая форма цэнзуры можа каштаваць жыцьця! Спробы крыміналізаваць паведамленьні аб бягучай сытуацыі відавочна парушаюць свабоду меркаваньняў».