Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНТУ паскардзіўся ў міліцыю на адміна студэнцкага Telegram-каналу. Яму можа пагражаць да 3 гадоў зьняволеньня


Адміністратар Telegram-каналу «Отчислено» раней стварыў пэтыцыю за адстаўку рэктара БНТУ.

Ігар Кабушкаў паведаміў, што Савецкае РУУС праводзіць у дачыненьні да яго праверку паводле артыкулу 369-3 Крымінальнага кодэксу («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў»).

4 траўня яго выклікалі ў РУУС Савецкага раёну Менску для тлумачэньняў.

«Я ніякага мерапрыемства не арганізоўваў, нічога не хацеў арганізоўваць і нічога не парушыў, — кажа Ігар Кабушкаў у камэнтары Радыё Свабода. — Напісаў адзін радок у чаце БНТУ, пасьля чаго стварыў пэтыцыю пра адстаўку рэктарата БНТУ».

Што за «радок» стаў прычынай заявы ў міліцыю з боку ўнівэрсытэту, не паведамілі ані сам Кабушкін, ані прарэктар БНТУ Георгі Вяршынін, да якога Свабода зьвярнулася па камэнтар.

«Міліцыя разьбярэцца, што там адбылося. Свабода слова ў яго, свабода слова ў іншых, давайце даверымся нашым праваахоўным органам», — сказаў Георгі Вяршынін. Ён пацьвердзіў, што заяву на Кабушкава БНТУ падаў.

«Ён студэнт БДУІР, а піша пра БНТУ, адкуль ён усё так ведае?» — зьдзіўляецца ў размове са Свабодай прарэктар Вяршынін.

Кабушкаў кажа, што «фактычна ўсё было прывязана да слова «бунт», і яно стала ўжо прычынай заявы і ўсёй гэтай сытуацыі». Ён мяркуе, што заява стала адказам на пэтыцыю. Яна зьвязаная з эпідэміялягічнай сытуацыяй вакол каранавірусу ва ўнівэрсытэце.

«Справа пакуль не пачатая; была праведзеная размова і напісана тлумачэньне з майго боку, — кажа Кабушкаў. — Далей будзе праводзіцца праверка, ці заводзіць крымінальную справу, ці ў гэтым няма складу злачынства».

Пакараньне паводле артыкулу 369-3 КК РБ «парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў» прадугледжвае арышт, або да 3 гадоў абмежаваньня альбо пазбаўленьня волі.

Тэлеграм-канал «Отчислено» мае больш за 66 тысяч падпісантаў і зьбірае выпадкі парушэньня правоў студэнтаў у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG