З інтэрнату № 17 Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту (БНТУ) (Менск, праспэкт Незалежнасьці, 148), выселілі ўсіх насельнікаў для разьмяшчэньня там тых студэнтаў БНТУ, у якіх быў выяўлены каранавірус.
Гэтае рашэньне патлумачыла ў сваім тэлеграм-канале Міністэрства здароўя Беларусі.
Сярод студэнтаў, якія пражываюць у інтэрнаце № 6 БНТУ (Менск, вул. Я. Коласа, 26) былі зарэгістраваныя выпадкі інфэкцыі COVID-19.
Пасьля рэгістрацыі першага выпадку, кіраўніцтва унівэрсытэту прыняло рашэньне аб пераводзе студэнтаў, якія пражываюць у гэтым інтэрнаце, на дыстанцыйную форму навучаньня. Уведзена забарона на іх наведваньне.
Каб папярэдзіць пашырэньне інфэкцыі COVID-19 сярод студэнтаў інтэрнату, спэцыялісты санітарна-эпідэміялягічнай службы рэалізавалі комплекс супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Былі выяўленыя кантактныя асобы, якія мелі цесныя зносіны з хворымі. Была арганізаваная і праведзеная дэзынфэкцыя ў месцах пражываньня студэнтаў, у якіх была пацьверджаная інфэкцыя, а таксама месцаў агульнага карыстаньня — душавых, санітарных вузлоў, лесьвічных маршаў і г. д.
Студэнтаў абсьледавалі лекары паліклінікі № 33. У кантактных асобаў таксама будуць узятыя тэсты на каранавірусную інфэкцыю.
Дзеля таго, што ў інтэрнаце № 6, у сувязі з архітэктурна-пляніровачнымі рашэньнямі (агульныя душавыя, санітарныя вузлы, кухні), забясьпечыць поўную самаізаляцыю было немагчыма, кіраўніцтва ўнівэрсытэту разам з прадстаўнікамі санэпідслужбы, прыняло рашэньне перавесьці студэнтаў, у якіх пацьверджаная інфэкцыя COVID-19 і захворваньне працякае ў бессымптомнай лёгкай форме, у інтэрнат № 17 (пр. Незалежнасьці, 148).
Студэнтам, якія раней жылі ў інтэрнаце № 17, параілі зьвярнуцца ў студэнцкі гарадок для атрыманьня месцаў у іншых інтэрнатах унівэрсытэту.