Палата прадстаўнікоў галасуе за закон аб амністыі ў сувязі з 75-годзьдзем перамогі ў Другой усясьветнай вайне. Ад адказнасьці вызваляць больш за 5000 асуджаных.
Праект закону на галасаваньне быў вынесены кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле яго, ад розных відаў пакараньня вызваляць 5372 чалавек. 1985 зь іх выйдуць на волю з калёніяў. Таксама ў межах амністыі 6400 чалавек атрымаюць скарачэньне тэрміну зьняволеньня на 1 год.
Амністыя датычыць у першую чаргу непаўналетніх, цяжарных, жанчын і мужчын, якія маюць на ўтрыманьні непаўналетніх, пэнсіянэраў, інвалідаў і іншых.
Амністыя таксама закране асуджаных за карупцыйныя злачынствы, а таксама непаўналетніх, асуджаных паводле частак 4 і 5 «наркатычнага» 328 артыкулу КК. Пры гэтым карупцыянэраў яна закране толькі ў тым выпадку, калі яны кампэнсуюць нанесеную дзяржаве шкоду.
Прадстаўляць законапраект у Палату прадстаўнікоў прыехаў асабіста міністар унутраных спраў Беларусі Юры Караеў.