Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адміністрацыі Лукашэнкі расказалі, хто трапіць пад амністыю да 75-годзьдзя перамогі


Непаўналетнія асобы, асуджаныя паводле «наркатычнага» артыкулу 328, трапяць пад амністыю ў сувязі з 75-годзьдзем перамогі ў Другой усясьветнай вайне, заявіла намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Вольга Чупрыс.

«Кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову, выказаную Вярхоўным судом аб тым, каб распаўсюдзіць гэтую меру на непаўналетніх асобаў, якія ўчынілі злачынства ў сфэры абароту наркотыкаў. На іх будзе распаўсюджвацца гэтая мера, незалежна ад частак арт. 328 Крымінальнага кодэксу», — сказала Вольга Чупрыс у інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-1».

Пры гэтым, адзначыла яна, для асобаў, якія былі асуджаныя за злачынствы ў сфэры незаконнага абароту наркотыкаў, задзейнічаюць інстытут парукі.

Кажучы пра тое, ці амністуюць карупцыянэраў, намесьніца кіраўніка Адміністрацыі падкрэсьліла, што «гэтыя пытаньні былі пастаўлены на асаблівы кантроль кіраўніком дзяржавы».

«Калі будзе гэтая мера [амністыя] і прэзыдэнт падтрымае яе, тым ня менш гэта не азначае, што нейкім чынам стане больш мяккай пазыцыя кіраўніка дзяржавы ў дачыненьні карупцыянэраў», — падкрэсьліла Чупрыс.

На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка правёў нараду ў пытаньнях амністыі. Па выніках яе старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала паведаміў, у рэспубліцы па амністыі могуць быць вызваленыя зь месцаў пазбаўленьня волі каля 2 тысяч чалавек.

Акрамя таго, мяркуецца, што па амністыі таксама могуць быць вызваленыя ад іншых відаў пакараньня, акрамя пазбаўленьня волі, каля 3,5 тысячы чалавек. Для 6,5 тысячы асуджаных тэрмін пакараньня можа быць скарочаны на адзін год.

Што варта ведаць пра ініцыятыву «Маці 328»

  • Абʼядноўвае 1,5 тысячы бацькоў дзяцей, асуджаных за наркотыкі.
  • Грамадзкую арганізацыю «Маці-328» не дазваляюць зарэгістраваць.
  • Напісалі звыш 3 тысяч зваротаў у Палату прадстаўнікоў, дамагліся сустрэчы з колішняй кіраўніцай Адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай, міністрам унутраных справаў Юрыем Караевым.
  • Зьвярнулі ўвагу, што пішуць у абвінавачваньні іхных дзяцей: «у нявызначаны час, у нявызначаным месцы, нявызначанай асобай; мяркуецца, з мэтай збыту».
  • Ладзілі масавыя галадоўкі дзеля зьменаў.
  • Ажыцьцявілі паломніцкі тур па калёніях з іконай Маці Божай, якую ім падаравалі на гары Афон, ад Менску да Марʼінай Горкі.

Чаго дамагліся «Маці 328»

  • Сёлета ў Беларусі на два гады зьменшылі ніжэйшы парог тэрміну, на які можна пасадзіць за наркотыкі (раней — 8 гадоў, цяпер — 6).
  • Дзякуючы гэтаму ўжо асуджаным, якія абскарджваюць свае выракі, скарачаюць тэрміны.
  • У калёніях асуджаным паводле 328-га артыкулу замянілі зялёныя нашыўкі на робе зь імем і нумарам атраду на звычайныя белыя, як ва ўсіх. Зялёныя нашыўкі зьявіліся ў 2015 годзе, імі адзначалі «наркаманаў». Бацькі іх параўноўвалі з «зоркамі Давіда», якія мусілі насіць габрэі падчас апошняй вайны.
  • Рух «Маці 328» працягне працу, хоць многіх асуджаных ужо вызвалілі.
Актывісткі і прыхільнікі руху «Маці 328» на мітынгу ў Менску, траевнь 2019
Актывісткі і прыхільнікі руху «Маці 328» на мітынгу ў Менску, траевнь 2019

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG