COVID-19 выявілі ў двух зьняволеных у беларускіх папраўчых установах, расказаў 5 траўня міністар унутраных спраў Беларусі Юры Караеў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Па словах міністра, адзін з хворых ужо паправіўся, пра гэта стала вядома сёньня, 5 траўня. Стан другога хворага невядомы.
Як адзначыў Караеў, хворыя адбываюць пакараньне ва ўстанове адкрытага тыпу. Гэта значыць, яны мелі магчымасьці выходзіць на працу за межы папраўчай установы.
Па словах міністра ўнутраных спраў, у ведамстве «ня сталі чакаць пагаршэньня сытуацыі», а зрабілі неабходныя захады самастойна.
«На самой справе ў папраўчых установах знаходзіцца вялікая колькасьць людзей у цесных умовах, — расказаў Караеў. — Асабліва ва ўстановах закрытага тыпу. Іх ізаляцыя і непранікненьне да іх вірусу стала найпершым нашым галаўным болем. Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў адразу, не чакаючы ніякіх распараджэньняў, прыняў усе меры».
Як сказаў міністар, у папраўчых установах Беларусі часова спынілі спатканьні асуджаных з роднымі. Пры гэтым прапушчаныя спатканьні можна будзе правесьці пасьля паляпшэньня эпідэміялягічнай сытуацыі. У якасьці кампэнсацыі асуджаным дазваляюць часьцей размаўляць з роднымі праз тэлефон.
«Там, дзе ёсьць магчымасьць, адміністрацыя ўстановаў арганізавала відэазванкі з роднымі, каб яны сябе не адчувалі пакінутымі, не заставаліся без увагі, — дадаў міністар. — Гэта нават было больш трэба родным асуджаных, яны дзякавалі адміністрацыі папраўчых установаў».
Акрамя гэтага, па словах міністра Караева, асуджаным дазволілі перадаваць больш прадуктовых перадач з садавіной, гароднінай і вітамінамі.
«Цыбуля, часнык, гэта неабмежавана ўсё, — сказаў Караеў. — Арганізавана правядзеньне дэзынфэкцыі памяшканьняў, праветрываньні. Допуск на тэрыторыю папраўчых установаў дапускаецца з прымяненьнем тэрмамэтрыі. Упраўленьне ўласнай бясьпекі кантралюе, каб гэта было абавязкова».
Акрамя гэтага Юры Караеў расказаў, што на мінулым тыдні сам удзельнічаў у працы міліцэйскага нараду, які правяраў, ці выконваюць самаізаляцыю тыя асобы, якім пастанавілі гэта рабіць мэдыкі. Па словах міністра, ён застаўся задаволены пабачаным, парушэньняў выяўлена не было.
Беларускія калёніі закрылі на карантын яшчэ ў сакавіку: спатканьні забаранілі, але дазволілі дадатковыя 10-кіляграмовыя перадачы з садавіной, гароднінай і вітамінамі. На пэтыцыю за спрошчанае забесьпячэньне вязьняў лекамі МУС адказала адмовай: сьцьвярджаюць, запасаў лекаў дастаткова.
22 красавіка ў МУС казалі, што і ў іншых папраўчых установах, у тым ліку ў лячэбна-працоўных прафілякторыях», калёніях і сьледчых ізалятарах «няма захварэлага спэцкантынгенту».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.