Парлямэнт Кіргізстану ўхваліў законапраект аб амністыі. Закона прынялі ў гонар 75-годзьдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 10-годзьдзя Красавіцкай рэвалюцыі, паведамляе кіргізская служба Радыё Свабода.
У Дзяржаўнай службе выкананьня пакараньняў краіны паведамілі, што пад амністыю падпадаюць больш за 3 тысячы чалавек — гэта практычна палова тых, якія адбываюць пакараньне ў калёніях краіны.
Законапраект прадугледжвае вызваленьне з турмаў:
- мужчын старэйшых за 60 гадоў;
- жанчын старэйшыя за 55 гадоў;
- людзей з інваліднасьцю I і II групаў;
- адзіных карміцеляў сем’і з непаўналетнімі дзецьмі або дзецьмі з інваліднасьцю;
- зьняволеных, якія зьдзейсьнілі няцяжкія злачынствы;
- маці-адзіночак і шматдзетных жанчын;
- непаўналетніх і жанчын, якім на момант уступленьня ў сілу закону засталося адбыць менш за год зьняволеньня.
Дакумэнтам прадугледжваюцца паслабленьні і для астатніх зьняволеных, якія не трапляюць пад вызваленьне. У асуджаных за няцяжкія злачынствы тэрмін пакараньня скароціцца напалову, асуджаных за цяжкае злачынства — на траціну, у асуджаных за асаблівую цяжкае злачынства — на чвэрць.
Паводле інфармацыі Дзяржаўнай службы выкананьня пакараньняў, у калёніях Кіргізстану ў цяперашні час адбываюць тэрміны 7000 чалавек, з іх 427 — жанчыны, 19 — непаўналетнія.
Юбілеі перамогі ў Другой сусьветнай вайне даўно сталі нагодай у постсавецкіх краінах для правядзеньня амністый.
Закон аб амністыі рыхтуецца таксама ў Беларусі. Старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала паведаміў, што па амністыі могуць быць вызваленыя зь месцаў пазбаўленьня волі каля 2 тысяч чалавек.
Акрамя таго мяркуецца, што па амністыі таксама могуць быць вызваленыя ад іншых відаў пакараньня, акрамя пазбаўленьня волі, каля 3,5 тысячы чалавек. Для 6,5 тысячы асуджаных тэрмін пакараньня можа быць скарочаны на адзін год.