25 студзеня 1960 года загадам МУС СССР№ 020 быў расфармаваны ГУЛАГ. Сыстэма лягераў налічвала каля 30 тысяч месцаў зьняволеньня, у якія траплялі мільёны рэпрэсаваных савецкіх грамадзян.
Але нягледзячы на афіцыйнае закрыцьцё, палітычныя перасьледы і барацьба з іншадумствам працягваліся ажно да распаду Савецкага Саюза. Да 60-й гадавіны ліквідацыі ГУЛАГа Настоящее время паразмаўляла з Эн Эплбаўм, амэрыканскай журналісткай і аўтарам кнігі «ГУЛАГ: павуціна Вялікага тэрору», пра прычыны рашэньня 1960 года, яго наступствах і захаваньні памяці пра рэпрэсіі.
«Але гэта быў не канец канцлягераў»
— 25 студзеня 1960 года савецкае МУС ліквідавала ГУЛАГ. Можаце расказаць, што прывяло да гэтага рашэньня? Якая была матывацыя?
— Самае важнае, што тут неабходна зразумець, — што гэтае рашэньне скасавала ўстанова, якая называлася ГУЛАГам. Гэта быў канец масавай сыстэмы лягераў, якія былі шчыльна зьвязаныя з прымусовай працай і ў якіх пабывала шмат мільёнаў людзей. Але гэта быў не канец канцлягераў у Расеі.
Было некалькі прычын, па якіх ГУЛАГу як маштабнай сыстэме быў пакладзены канец. Па-першае, гэтая сыстэма была вельмі дарагой і нявыгаднай. Той факт, што зьняволеных выкарыстоўвалі ў многіх важных інфраструктурных праектах, азначаў, што гэтыя праекты былі
павольнымі, неэфэктыўнымі і дрэнна працавалі. Ужо да канца жыцьця Сталіна яго асяродзьдзе разумела, што такая эканамічная сыстэма, у якую ўбудаваны ГУЛАГ, была вельмі марнатраўнай і разбуральнай.
Па-другое, існавалі яшчэ і палітычныя матывы. Група людзей вакол Сталіна, у тым ліку Мікіта Хрушчоў, ня верылі ў тое, што масавыя арышты — гэта добры спосаб падтрыманьня парадку. Яны ведалі, што многія людзі ў сыстэме лягераў былі невінаватымі і не заслугоўвалі таго, каб апынуцца ў турме.
Але ў іх перапісцы адзін з адным і ў газэтах, якія выходзілі паміж 1953 годам, калі памёр Сталін, і 1960-м, яны ў асноўным кажуць пра эканоміку. Яны называлі гэта рашэньне эканамічным, хоць я ўпэўненая, што гэта быў і палітычны намер.
— То бок савецкае кіраўніцтва прыйшло да высновы, што ГУЛАГ больш не зьяўляецца жыцьцяздольнай сыстэмай?
— ГУЛАГ у 1930-х і 1940-х гадах выкарыстоўваўся для буйных дарожных праектаў, для таго, каб разьвіваць заводы, калгасы, капаць вугаль, здабываць золата, секчы дрэвы. Гэта была вельмі важная частка эканомікі. Сталін спадзяваўся выкарыстаць ГУЛАГ як самы хуткі спосаб дамагчыся індустрыялізацыі і думаў, што выкарыстаньне зьняволеных дапаможа яму гэта зрабіць. Але нават калі Сталін быў жывы, людзі пад ім ведалі, што гэта ня так — што зьняволеныя, на самой справе, ня вельмі добрыя работнікі. Сыстэма была вельмі неэфэктыўнай і фактычна не працавала. І гэта быў іх эканамічны аргумэнт на карысьць таго, каб ГУЛАГ перастаў існаваць.
«Палітвязьняў працягвалі ў асобных спэцыяльных турмах да канца 1980-х гадоў»
— Ці хацелі яны замяніць сыстэму ГУЛАГа нечым новым?
— Яны ня сталі аднаўляць і вяртаць сыстэму зь мільёнамі зьняволеных, але палітычныя арышты працягнуліся [і пасьля 1960 г.]. Па-ранейшаму захоўваліся спэцыяльныя артыкулы ў законе, якія выкарыстоўваліся для арышту людзей па палітычных матывах. І яны працягвалі трымаць палітвязьняў у асобных спэцыяльных турмах і ўстановах, так было да канца 1980-х гадоў.
— Вы сказалі б, што рашэньне 1960 года было ў значнай ступені сымбалічным? Ці меў ён якія-небудзь доўгатэрміновыя наступствы або наступствы наогул?
— Гэта быў канец бюракратычнага інстытута, званага ГУЛАГам. Сам інстытут быў сымбалем сталінскіх рэпрэсій. Так што ў гэтым сэнсе гэта было сымбалічна. Але я ня думаю, што рашэньне 1960 года вельмі важнае. Яно было толькі часткай працэсу.
Першая маштабная амністыя для зьняволеных ГУЛАГа была абвешчаная яшчэ ў 1953 годзе, тады было вызвалена больш за мільён чалавек. У пэрыяд паміж 1953-м і 1960-м было яшчэ больш вызваленых. Такім чынам, большая частка вязьняў да 1960 года ўжо зьехалі зь лягераў, і сыстэме сталінскіх рэпрэсій фактычна надышоў канец. Рашэньне 1960 года было толькі фінальнай кропкай гэтага працэсу.
«Гэта не зьмяніла фундамэнтальную прыроду сыстэмы»
— Ці можна сказаць, што фармальнае рашэньне аб роспуску ГУЛАГа прывяло да зьмены ўспрыманьня свабоды савецкімі грамадзянамі?
— Ня думаю. Сыстэма стала менш жорсткай, людзей перасталі забіваць за тое, што яны кідаюць выклік дзяржаве, або, прынамсі, [сталі забіваць] ня так часта. Менш людзей стала трапляць у турму, але гэта не зьмяніла фундамэнтальную прыроду сыстэмы.
— Ці прывяло гэта хаця б да больш адкрытага абмеркаваньня сыстэмы ГУЛАГа ў савецкім грамадзтве ў гады хрушчоўскай «адлігі»?
— Што сапраўды прывяло да больш адкрытай дыскусіі, — дык гэта рашэньне Хрушчова дазволiць асобным людзям публічна распавядаць пра лягеры. Самы вядомы прыклад — Салжаніцыну было дазволена выдаць свой аповед «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» (апавяданьне было напісанае ў 1959 годзе і апублікаванае ў часопісе «Новый мир» у 1962-м — НВ). Гэта было першае адмоўнае апісаньне лягера з пункту гледжаньня зьняволенага, да гэтага публікаваліся толькі станоўчыя [прапагандысцкія] водгукі і фатаграфіі. Аповед Салжаніцына быў выдадзены ў савецкім пэрыядычным выданьні, ён быў даступны простым людзям. Гэта выклікала хвалю нацыянальнай дыскусіі ў канцы 1950-х гадоў.