Пісьменьнік беларускага паходжаньня, аўтар раману «Бунт на "Кейне"», Герман Воўк (Herman Wouk) памёр у пятніцу, 17 траўня ва ўзросце 103 гадоў. Пра гэта паведаміла агенцтва Associated Press са спасылкай на літаратурнага агента пісьменьніка.
Воўк памёр у сьне ў сваім доме ў Палм-Спрынгс, што ў штаце Каліфорнія.
Пісьменьнік нарадзіўся ў Ню-Ёрку ў габрэйскай сям’і. Ягоныя бацькі да эміграцыі жылі ў Менску. Яго бацька кіраваў адной з найбуйнейшых пральняў горада. Бацька яго маці, равін Мэндэль Лэйб Левін, быў набожным артадаксальным габрэем, які сфармаваў рэлігійную адукацыю Воўка.
Падчас Другой усясьветнай вайны ён служыў у ВМС ЗША.
У 1952 годзе Воўк атрымаў Пулітцэраўскую прэмію за раман «Бунт на "Кейне"» (The Caine Mutin). Зьнятая па ім аднайменная кінастужка атрымала сем намінацый на прэмію Оскар.
Таксама Воўк вядомы як аўтар двухтомнай рамана «Вятры вайны» і «Вайна і памяць» (The Winds of War і War and Remembrance), якія апавядаюць пра перадгісторыю Другой усясьветнай вайны і жыцьцё на фронце.