«Цяпер лепш разумееш старцаў, якія жылі ў багаборныя часы», — сказаў Свабодзе найстарэйшы манах Беларусі Іаан (Алег Бембель) і падзяліўся тым, як перажывае карантын і расстаньне з дачкой.
Неўзабаве споўніцца 25 гадоў, як філёзаф-дысыдэнт, прафэсійны піяніст Алег Бембель, ён жа паэт Зьніч, жыве за манастырскімі мурамі. Перш чым стаць манахам Іаанам, пабыў паслушнікам Алегам і інакам Мікалаем.
Тэсту на каранавірус пакуль не здаваў
Сьвята-Ўсьпенскі манастыр у Жыровічах цяпер закрыты для наведнікаў. Іаан разам зь іншымі манахамі ў карантыне ў сувязі з выбухам каранавірусу ў Жыровіцкім манастыры. Хворым ён сябе не адчувае, сымптомаў ніякіх ня мае.
У інтэрвію Свабодзе манах Іаан паведаміў, што сярод ягоных братоў у манастыры шмат пажылых людзей.
Некаторыя пасьля велікодных сьвятаў, калі манастыр наведвала вялікая колькасьць паломнікаў, былі шпіталізаваныя ў Слонім і Горадню з падазрэньнем на пнэўманію. Астатнія мусяць заставацца ў сваіх кельлях, выходзіць з будынка на вуліцу забаронена.
Не абмінула хвароба і сьвятароў, якія служаць у храмах, і маладых сэмінарыстаў — кагосьці як кантактэраў першага ўзроўню выправілі на ізаляцыю дадому да бацькоў, іншыя ў лякарні ці на карантыне. У манаха Іаана тэстаў на каранавірус ня бралі, таму «лечыцца» ён выключна малітвамі.
«У мяне дакладна ніякіх тэстаў ня бралі, дый наогул што ўжо дзядоў турбаваць? Проста ізалююць, каб былі далей ад граху. Асабліва гэта тычыцца братоў, якім за 70 — пераседзець келейна, з адчыненым вакном», — тлумачыць манах Іаан.
Умовы карантыну ў манастыры
Усяго ў манастыры каля паўсотні жыльцоў. Манах Іаан паводле свайго статусу жыве ў кельлі адзін. Удакладняе, што, адрозна ад побыту ранейшых манахаў-пустэльнікаў, гэта не спартанская пячора, а сучаснае памяшканьне з выгодамі і вялікім акном.
Хоць энэргічная натура манаха Іаана патрабуе пастаяннай дзейнасьці, вымушаная ізаляцыя спрыяе творчаму натхненьню — вершы сыплюцца, як з рога, кажа ён. Апошнім з-пад пяра выйшла прысьвячэньне Віктару Вейніку — вядомаму навукоўцу, які тэарэтычна абгрунтаваў магчымасьць падарожжа ў часе. А калі пасьля ваяўнічага атэізму прыняў веру, за сукупнасьць «дзіўных учынкаў» калегі прызналі яго «вар’ятам».
Калі творчы працэс і перарываецца, дык толькі на неабходнасьць фізычна падтрымаць душу ў целе, кажа манах Іаан.
«У трапезную выходзіць ня трэба, ежу прыносяць проста пад дзьверы — дзяжурны стукае, сыходзіць, я пасьля гэтага адчыняю і забіраю харчы. Так што ўсё як мае быць, ніхто не галадае», — усьміхаецца ён.
Манах лічыць, што нічога кепскага ў новым графіку няма. Хутчэй наадварот: можа, хоць цяпер маладзейшыя браты зразумеюць, якім павінен быць побыт сапраўднага манаха.
«Нарэшце ёсьць магчымасьць зразумець манахаў, якія жылі за гэтымі мурамі ў багаборныя савецкія часы, — кажа ён. — За імі пільна наглядала міліцыя, партыйныя ідэолягі, а яны сыходзілі ў сябе і маліліся Богу — жменька старых манахаў. Цяпер дадзена зьведаць, як старцы таго пакаленьня трымаліся сваёй веры. Для мяне гэта Божы дар, бо дадзена схіма яшчэ да фармальнага пастрыжэньня. Яшчэ да моманту аддзяленьня ад плоці я трапіў у рай. І гэта не паэтычны радок, а канстатацыя факту».
Схіма — урачыстая клятва (абяцаньне) праваслаўных манахаў выконваць асабліва строгія аскетычныя правілы паводзінаў, тлумачыць ён для неабазнаных.
Пандэмія разьдзяліла бацьку і дачку
І ўсё ж карантын спрычыніўся да вялікіх нязручнасьцяў. У манастыры працуе малодшая дачка манаха Іаана Іна. Нейкі час таму яна сьвядома разьвіталася са сьвецкім жыцьцём, пераехала ў Жыровічы і цяпер служыць Госпаду пры духоўнай сэмінарыі.
Яна ня толькі выконвае функцыі рэгента навучальнай установы, сьпявае ў хоры і выкладае гісторыю музыкі, а і апякуецца сваім бацькам: гатуе яму дыетычныя стравы і напоі, рэкамэндаваныя пасьля старой язвы. Іна штодня наведвалася ў ягоную кельлю, аднак цяпер сама ў вымушанай ізаляцыі — мае станоўчы тэст на каранавірус. Але форма хваробы ня самая складаная, таму да шпіталізацыі не дайшло. Яна застаецца дома і моцна перажывае за тату.
Папярэдне вырашана, што карантын на тэрыторыі манастыра будзе дзейнічаць да 10 траўня. Пакуль жа сюды не пускаюць турыстаў, вернікаў, прыпынілі царкоўныя службы.
Працяг ізаляцыі на фоне распаўсюду каранавірусу можа парушыць маштабныя пляны царкоўнага і дзяржаўнага кіраўніцтва.
18–20 траўня ў Жыровічах зьбіраюцца адзначыць адразу два вялікія юбілеі: 500-годзьдзе заснаваньня манастыра і 550 гадоў зьяўленьня сьвятога цудатворнага абраза Маці Божай Жыровіцкай. На імпрэзы запрошаныя высокія рэлігійныя і сьвецкія чыны зь Беларусі і Расеі. Таму ў канцылярыі абмяжоўваюцца спадзяваньнем, што да прызначанай даты сытуацыя нармалізуецца.
Шлях Бембеля ад дысыдэнта ў манахі
Біяграфіі гэтага чалавека хапіла б не на адно жыцьцё. Нарадзіўся ён 80 гадоў таму ў сям’і скульптара Андрэя Бембеля. Кажа, ад маленства яго атачала мастацкая вытанчанасьць, «угноеная савецкай ідэалёгіяй».
Алег скончыў Менскую музычную вучэльню. Пачынаў у 1950-х з таго, што вучыў дзяцей граць на піяніна ў Глыбокім, быў выкладчыкам музыкі ў Менску. Паступіў у Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю, дзе яму адкрываліся добрыя пэрспэктывы. Але трапіў не на сцэну, а ў «псыхушку». Здарылася гэта пасьля таго, як адзначыў 25-годзьдзе распаўсюдам сярод студэнтаў сваёй паэмы, прысьвечанай ідэям «хрысьціянскага камунізму».
У лякарні яго нашпігоўвалі псыхатропамі. Бацька забраў сына пад уласную адказнасьць і адправіў у Маскву, дзе экспэрымэнтальная лябараторыя набірала добраахвотнікаў для вывучэньня эфэкту лячэбнага галаданьня. «Цалкам ачышчаны», Алег пазьней уладкаваўся выкладчыкам фартэпіяна ў музычнай школе гораду Тарусы — так званы соты кілямэтар ад сталіцы СССР, за які выпраўлялі нядобранадзейных.
З улікам перажытага «глытаў» філязофскія трактаты. Неўзабаве стаў асьпірантам Інстытуту філязофіі і права Акадэміі навук БССР, залічылі ў штат навуковым супрацоўнікам сэктару сацыяльнай псыхалёгіі і эстэтыкі. Пачаў пісаць дысэртацыю «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў духоўнай культуры».
Алег Бембель правёў беспрэцэдэнтнае для Беларусі сацыялягічнае апытаньне аб моўнай дыскрымінацыі і напісаў манаграфію «Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс». Рукапіс у машынапісных копіях хадзіў па руках і ўрэшце трапіў у Лёндан, дзе ў 1985 годзе выйшаў асобнай кнігай. Урыўкі загучалі на Радыё Свабода.
За антысавецкую прапаганду аўтару пагражала турма, і не дайшло да гэтага толькі таму, што дырэктар інстытуту філязофіі Яўген Бабосаў дамогся, каб працу перакваліфікавалі з «антысавецкай» (ярлык «ворага народу» і тэрмін зьняволеньня) у «немарксісцкую» (спагнаньне па партыйнай лініі). Другі сакратар Менскага гаркаму КПБ Пятро Краўчанка стрымаў кампанію цкаваньня на партыйным узроўні. За сукупнасьць правін дасьледчыка выключылі з КПСС і звольнілі з працы. Сэктар эстэтыкі і псыхалёгіі быў распушчаны. Так філёзаф стаў дысыдэнтам.
У 1996 годзе былы навуковец прыехаў у Жыровічы, як ён думаў, паміраць. Лекары прызналі, што мэдыцына ня ў сілах вылечыць ягоную прабадную язву. Але вось ужо чвэрць стагодзьдзя ён дзякуе вышэйшым сілам за падоўжанае жыцьцё. Займаецца выдавецтвам, ладзіць літаратурныя сустрэчы зь пілігрымамі, духоўна выхоўвае будучых аграрыяў — навучэнцаў мясцовага каледжу.
Ужо будучы манахам, атрымаў запрашэньне з-за акіяну — тамтэйшыя беларусы прапаноўвалі ўзяць прыход у ЗША ці Канадзе і служыць у якасьці сьвятара. Клопат ацаніў, але адмовіўся: ягонае пакліканьне — аскетычны послух за мурамі манастыра ў Жыровічах.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ