Лінкі ўнівэрсальнага доступу

80 гадоў Алегу Бембелю. Яму прапаноўвалі стаць сьвятаром у ЗША, а ён выбраў манаства ў Жыровічах


Алег Бембель перад сыходам у манастыр
Алег Бембель перад сыходам у манастыр

У Літаратурным музэі Янкі Купалы прайшла вечарына, прысьвечаная 80-гадоваму юбілею Алега Бембеля — паэта, музыкі, філёзафа-дысыдэнта, а цяпер манаха Іаана, насельніка манастыра ў Жыровічах.

Пераклады і сямейны архіў

На імпрэзу сабраліся людзі, якія былі побач зь ім на розных этапах пакручастага лёсу, — старыя сябры-аднаклясьнікі, аднадумцы, зь якімі займаўся падпольным пашырэньнем рукапіснай рэлігійнай літаратуры, тыя, хто ўратаваў ад турмы за «антысавеччыну».

Бембелі: бацька і дачка
Бембелі: бацька і дачка

Вяла рэй Тацяна Бембель — старэйшая дачка, мастацтвазнаўца. Гэта трэцяе пакаленьне вядомага роду, якое ў паваенны час уславіў знакаміты скульптар Андрэй Бембель. Зь яе ініцыятывы акцэнт быў зроблены на яшчэ адным бацькавым захапленьні — перакладніцкім.

«Менавіта тут выяўляюцца рысы ягонага таленту, незаслужана прыглушаныя асноўнаю творчасьцю», — патлумачыла яна.

Паэт Зьніч дэклямуе аўтарскія пераклады
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:48 0:00
Наўпроставы лінк


Паэт Зьніч у свой час пераняў амаль страчаную традыцыю беларускай духоўнай лірыкі, пазьней захапіўся перакладамі. У ягоным даробку — асыміляваныя творы расейскіх клясыкаў рознага часу, чатырохрадкоўі-рубаі пэрсыдзкага паэта і філёзафа Амара Хаяма, патрыятычныя вершы армянскага майстра Авэтыка Ісаакяна, сучасьніка Купалы і Коласа.

Насельнік Жыровічаў манах Іаан

Пераклад у ягоным выкананьні — гэта ня спроба літаральнага падрадкоўя, а хутчэй імправізацыя на кімсьці зададзеную тэму. І ён не баіцца быць скрытыкаваным у вольнай інтэрпрэтацыі знаёмага сюжэту. Вечарына не абмежавалася аднымі чытаньнямі. Тацяна Бембель паказала рэдкія адлічбаваныя сямейныя фатаграфіі. Адна з самых прыкметных — яе бацька яшчэ ў манаскім строі інака Мікалая стаіць побач з мармуровай галавой хлопчыка.

Сямейны альбом: маленькі Алег са старэйшай сястрой
Сямейны альбом: маленькі Алег са старэйшай сястрой

Гэта Андрэй Бембель, вярнуўшыся ў ліпені 1944 году ў вызвалены Менск з Цэнтральнага штабу партызанскага руху, да якога быў прыкамандзіраваны ў Маскве, перадусім з фатаграфічнай дакладнасьцю вылепіў свайго 5-гадовага сына.

Акадэмія навук і манастыр

Ці не ўпершыню шырокая публіка пабачыла працоўную кніжку Алега Бембеля — гэта сапраўдны біяграфічны летапіс. Пачынаў шлях у канцы 1950-х з навучаньня дзяцей ігры на піяніна ў Глыбокім. Потым была праца выкладчыкам музыкі ў Менску.

Пераломным этапам стала праца ў Інстытуце філязофіі і права Акадэміі навук з жорсткім прысудам: вызвалены ад працы паводле вынікаў атэстацыі. Гэтаму запісу папярэднічала напаўдэтэктыўная гісторыя, якая зрабіла навукоўца дысыдэнтам. Пра тыя часы ў вялікім прынагодным інтэрвію згадваў сам Алег Бембель, а на вечарыну завіталі людзі, якія не далі герою скончыць турмой. Гэта тагачасныя дырэктар акадэмічнага інстытуту Яўген Бабосаў і сакратар Менскага гаркаму КПБ Пятро Краўчанка.

Прамаўляе Пятро Краўчанка
Прамаўляе Пятро Краўчанка

Першы дамогся, каб скандальная праца «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў духоўнай культуры» была перакваліфікаваная з «антысавецкай» (ярлык «ворага народу» і тэрмін зьняволеньня) у «немарксісцкую і нацыяналістычную» (спагнаньне па партыйнай лініі), другі стрымаў кампанію цкаваньня.

Дарэчы, калі Пятро Кузьміч у бытнасьць міністрам замежных справаў наладжваў актыўныя масты зь беларускай дыяспарай, то атрымаў адмысловую прапанову для Алега Бембеля, які на той момант ужо абраў для сябе манаскі шлях. Яму давалі магчымасьць узяць прыход у ЗША ці Канадзе і служыць у якасьці сьвятара. Прывабнае запрашэньне інак Мікалай ацаніў, але адказаў адмовай: ягонае пакліканьне — аскетычнае паслушэнства за мурамі праваслаўнага манастыра ў Жыровічах.

Паэт і навуковец Алесь Клышка
Паэт і навуковец Алесь Клышка

Пра супрацу з манахам Іаанам згадваў паэт і навуковец Алесь Клышка — зачытаў вершаванае прысьвячэньне. Калі мэдыкі вынесьлі яму практычна сьмяротны прысуд, менавіта духоўныя гутаркі зь сябрам сталі той саломінай, за якую асуджаны хапаўся да апошняга. Тыя дыялёгі потым сталі асновай для супольных кніжак філязофскіх роздумаў «Жыровіцкія камяні», «Шлях да Жыровічаў», «Жыровіцкая пастараль», «Званіца». Былі прадэманстраваныя ўрыўкі з дакумэнтальнага фільму пра лёс манаха, які ў суаўтарстве зьнялі Тацяна Бембель і рэжысэр Андрэй Куціла.

Філёзаф, дысыдэнт, манах

Біяграфіі Алега Бембеля хапіла б не на адно жыцьцё. Ён нарадзіўся 16 сьнежня 1939 году ў сям’і славутага скульптара, яго ад маленства атачала мастацкая вытанчанасьць, угноеная савецкай ідэалёгіяй. Так і рушыў па жыцьці — свабодалюбны, але абмежаваны ў дзеяньнях.

Ён скончыў Менскую музычную вучэльню і паступіў у Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю. Але прыйшоў не на сцэну, а ў «псыхушку». Здарылася гэта пасьля таго, як малады чалавек адзначыў 25-годзьдзе распаўсюджваньнем сярод студэнтаў сваёй паэмы, прысьвечанай ідэям «хрысьціянскага камунізму».

Рэдкія асобнікі падпольнай рэлігійнай літаратуры
Рэдкія асобнікі падпольнай рэлігійнай літаратуры

У лякарні напампоўвалі псыхатропамі, пакуль не пачала «адмаўляць галава». Андрэй Бембель забраў сына пад уласную адказнасьць і празь сяброў адправіў у Маскву, дзе экспэрыментальная лябараторыя набірала добраахвотнікаў для вывучэньня эфэкту лячэбнага галаданьня.

«Цалкам ачышчаны», пазьней ён уладкаваўся выкладчыкам піяніна ў музычнай школе гораду Таруса — гэта так званы соты кілямэтар ад сталіцы СССР, за які выпраўлялі нядобранадзейных. Паралельна рыхтаваўся да іспыту ў менскай кансэрваторыі і, з улікам перажытага, пачкамі «глытаў» філязофскія трактаты.

Неўзабаве стаў асьпірантам Інстытуту філязофіі і права Акадэміі навук, пазьней залічаны ў штат навуковым супрацоўнікам новастворанага сэктару сацыяльнай псыхалёгіі і эстэтыкі. Аднак усплыла дысэртацыя «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў духоўнай культуры», над якой ён пачаў працаваць яшчэ ў асьпірантуры.

Віншаваньні ад прафэсара хіміі Кастуся Лапко
Віншаваньні ад прафэсара хіміі Кастуся Лапко

Алег Бембель правёў беспрэцэдэнтнае для Беларусі сацыялягічнае апытаньне з нагоды моўнай дыскрымінацыі. Яно стала ядром манаграфіі «Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс», якая ў машынапісных копіях хадзіла па руках. Рукапіс урэшце трапіў у Лёндан, дзе ў 1985 годзе тамтэйшыя беларусы выдалі працу асобнай кнігай.

Пра далейшы лёс аўтара ўжо згадвалі Яўген Бабосаў і Пятро Краўчанка: Бембеля выключылі з КПСС і звольнілі з працы. Сэктар эстэтыкі і псыхалёгіі быў распушчаны. Так філёзаф стаў дысыдэнтам.

У 1996 годзе апальны навуковец прыехаў у Жыровічы паміраць. Лекары прызналіся, што зямная мэдыцына ня ў сілах вылечыць ягоную прабадную язву. І вось ужо трэці дзясятак гадоў «сьмяротна хворы» дзякуе вышэйшым сілам за падоўжанае жыцьцё.

Там ён цяпер займаецца выдавецтвам, ладзіць літаратурныя сустрэчы зь пілігрымамі, нават духоўна выхоўвае будучых аграрыяў — навучэнцаў мясцовага каледжу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG