Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая 29 красавіка падала ў Генэральную пракуратуру заяву на міністра аховы здароўя Беларусі Ўладзіміра Караніка. На Facebook яна выклала поўны тэкст заявы.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Канапацкая просіць правесьці праверку і прыцягнуць Караніка да адказнасьці за:
- «дзеяньні, накіраваныя на максымальны распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі» ў Беларусі;
- «увядзеньне ў зман шляхам унясеньня фальшывых зьвестак і запісаў у афіцыйныя дакумэнты па захворвальнасьці і сьмяротнасьці»;
- «дэзынфармаваньне насельніцтва адносна небясьпекі распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі».
Таксама Канапацкая адзначае, што міністар не зрабіў захадаў дзеля належнага інфармаваньня свайго кіраўніцтва пра характар распаўсюду эпідэміі і цяжкасьць наступстваў, а мэдычнага пэрсаналу і насельніцтва — пра небясьпеку інфэкцыі; не забясьпечыў падначаленых належнымі сродкамі абароны і ня выканаў рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя адносна дыстанцыйнай адукацыі, захадаў сацыяльнага дыстанцыяваньня і забароны масавых мерапрыемстваў.
Канапацкая мяркуе, што ў дзеяньнях міністра ёсьць склад злачынстваў паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- арт. 307 КК РБ — «непрыманьне захадаў дзеля ратаваньня людзей»;
- арт. 308 КК РБ — «непаведамленьне інфармацыі аб небясьпецы для жыцьця людзей»;
- арт. 336 КК РБ — «парушэньне санітарна-эпідэміялягічных, гігіенічных патрабаваньняў і працэдураў»;
- ч.2 арт. 427 КК РБ — «службовы падлог»;
- арт. 428 КК РБ — «службовая халатнасьць»;
- арт. 424 КК РБ — «злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі».
На пэрыяд праверкі яна просіць унесьці прадпісаньне прэм’ер-міністру аб неадкладным прыняцьці комплексу захадаў дзеля прадухіленьня распаўсюду інфэкцыі, барацьбы з эпідэміяй COVID-19 і мінімізацыі наступстваў, у тым ліку прыняць захады, рэкамэндаваныя Сусьветнай арганізацыяй здароўя.
Каб прыцягнуць да адказнасьці міністра, яна просіць зьвярнуцца па згоду да кіраўніка дзяржавы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.