Міністэрства абароны ЗША 27 красавіка апублікавала тры відэаролікі, зробленыя лётчыкамі ваенна-марскога флёту, якія раней былі даступныя ў інтэрнэце неафіцыйна як запісы сустрэч зь «неапазнанымі паветранымі зьявамі» (unidentified aerial phenomena).
Адзін зь відэазапісаў паказвае здарэньне 2004 году, а два іншыя былі запісаныя ў студзені 2015 году. Відэаролікі сталі публічнымі пасьля несанкцыянаваных публікацый у 2007 і 2017 гадах.
Інцыдэнт 2004 году адбыўся ў Ціхім акіяне, за 100 міляў ад берага. Два пілёты-зьнішчальнікі з крэйсэра падчас звычайнай навучальнай місіі былі накіраваныя для расьсьледаваньня неапазнанага самалёта.
Лётчыкі знайшлі прадаўгаваты прадмет даўжынёй каля 12 мэтраў, які вісеў на вышыні каля 15 мэтраў над вадой і пачаў імкліва ўздымацца, калі пілёты набліжаліся да яго. «Гэта было такое паскарэньне, якога я ніколі раней ня бачыў», — сказаў потым адзін зь пілётаў выданьню The Times.
Пілёты пакінулі тое месца, прызначыўшы сабе сустрэчу за 60 міль (больш за 95 кілямэтраў) ад яго. З крэйсэра ім паведамілі, што неапазнаны аб’ект ужо знаходзіцца ў месцы сустрэчы, прайшоўшы адлегласьць 60 міль «менш чым за хвіліну».
Два іншыя відэа інцыдэнтаў у 2015 годзе паказваюць прадметы, якія хутка рухаюцца ў паветры.
«Паветраныя зьявы, якія можна назіраць на відэа, па-ранейшаму характарызуюцца як неапазнаныя», — пракамэнтаваў афіцыйную публікацыю відэаролікаў прадстаўнік Пэнтагону.