Чэскае выданьне «Respekt» працягвае расьсьледаваньне дзейнасьці расейскіх спэцслужбаў, зьвязаных з рашэньнем уладаў Прагі зьняць з пастамэнту статую савецкага маршала Івана Конева.
У чарговы публікацыі распавядаецца, што тры тыдні таму ў аэрапорт імя Вацлава Гаўла прыбыў чалавек з расейскім дыпляматычным пашпартам. Яго сустракаў аўтамабіль, які даставіў пасажыра ў амбасаду Расеі.
Крыніцы «Respekt» сьцьвярджаюць, што з багажу ў яго быў невялікі сакваяж, у якім, як мяркуецца, знаходзілася сьмяротная атрута рыцын.
Чэскія спэцслужбы ведалі аб прыбыцьці ўладальніка расейскага дыпляматычнага пашпарту і паставіліся да яго як да чалавека, які ўяўляў непасрэдную пагрозу для двух чэскіх палітыкаў. Размова ідзе пра кіраўніка адміністрацыі 6-га раёну Прагі, які прыняў рашэньне зьняць з пастамэнту статую Конева, і мэра чэскай сталіцы, які падпісаў рашэньне аб перайменаваньні плошчы перад цэнтральнай прахадной амбасады Расеі ў Празе ў плошчу Барыса Нямцова. Абодва палітыка пасьля прыбыцьця ў Прагу падазронага расейскага «дыплямата» атрымалі кругласутачную ахову ад чэскіх спэцслужбаў.
Крыніцы «Respekt» паведамілі аўтару публікацыі, што «чалавек з рыцынам — агент расейскіх сакрэтных службаў». Тая жа крыніца паведаміла, што" яго калегі месяц таму павінны былі адправіцца з Расеі ў розныя гарады Эўропы".