Справа распачатая паводле артыкулу «Апаганьваньне сымбаляў вайсковай славы Расеі, учыненае публічна».
Сьледчы камітэт РФ завёў крымінальную справу паводле факту дэмантажу помніка маршалу СССР Івану Коневу ў Празе. Пра гэта журналістам паведаміла афіцыйная прадстаўніца СК РФ Сьвятлана Пятрэнка.
Пятрэнка паведаміла, што «гэткімі цынічнымі дзеяньнямі муніцыпальныя ўлады Прагі груба парушылі ўзятыя на сябе Чэскай Рэспублікай абавязаньні ў рамках двухбаковых дамоўленасьцяў з Расейскай Фэдэрацыяй, прадэманстраваўшы сваё грэбаваньне агульнай памяцьцю і гісторыяй барацьбы савецкага народу з фашызмам».
Раней міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу зьвярнуўся да кіраўніка Сьледчага камітэту Расеі Аляксандра Бастрыкіна з просьбай разгледзець пытаньне аб прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці прадстаўнікоў улады асобных замежных краін за прынятыя імі рашэньні аб зносе мэмарыяльных збудаваньняў, якія ўвекавечваюць памяць загінулых савецкіх грамадзян.
Манумэнт Конева быў зьняты з пастамэнта рашэньнем муніцыпальных уладаў раёну Прага-6, на адміністрацыйнай тэрыторыі якога ён знаходзіўся. Муніцыпальныя ўлады плянуюць разабраць таксама і пастамэнт, на якім помнік Коневу быў усталяваны на плошчы Інтэрбрыгады. Рашэньне пра перанос манумэнта прынята муніцыпалітэтам 12 верасьня летась з ініцыятывы старасты раёну Ондржэя Коларжа.
7 красавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў фэдэральны закон, які дазваляе прыцягваць да крымінальнай адказнасьці за зьнішчэньне або пашкоджаньне савецкіх мэмарыяльных збудаваньняў.