Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кітай вучыцца ў Расеі». Каранавірус і наступ Кітаю ў Эўропе


«Сапраўдныя сябры пазнаюцца ў бядзе». Налепкі з такім надпісам на кітайскай і італьянскай мовах упрыгожвалі кантэйнэры з маскамі, рэсьпіратарамі і іншымі ахоўнымі сродкамі, якія прыбывалі ў сакавіку і пачатку красавіка з Кітаю ў Італію. Да таго часу ўлады КНР заявілі пра спад эпідэміі каранавіруснай інфэкцыі ў іх краіне, тады як у італьянскіх гарадах ад COVID-19 да гэтага часу штодня паміраюць сотні людзей.

Кітай усьлед за Расеяй выкарыстоўвае пандэмію для прасоўваньня сваіх інтарэсаў і ўзмацненьня ўплыву ў Эўропе. Наколькі пасьпяхова, тлумачыць Яраслаў Шымаў з расейскай службы Радыё Свабода. Пераклад публікуецца са скарачэньнямі арыгіналу.

«Кітай імкнецца стварыць вобраз адказнай дзяржавы, якая гатовая дапамагаць іншым у цяжкі час. І тым самым пазбавіцца ад рэпутацыі краіны, адкуль прыйшла пандэмія. Кітайская амбасада ў Рыме бесьперапынна выступала з заявамі пра салідарнасьць з Італіяй і распаўсюджвала фота кітайскіх паставак», — кажа італьянскі палітоляг Франчэска Гірэці, спэцыялістка па кітайска-эўрапейскіх адносінах.

Паводле яе, Кітаю ўдалося стварыць інфармацыйную дымавую заслону, дзякуючы якой і ўласна кітайская, і сусьветная грамадзкасьць доўгі час ня ведалі, прыкладам, пра тое, што абсалютная большасьць гэтых паставак была не гуманітарнай дапамогай, а таварамі, прададзенымі за цалкам рынкавую цану.

Паводле зьвестак газэты Wall Street Journal, кітайскія дзяржаўныя і прыватныя структуры да пачатку красавіка перадалі ў дар 89 краінам, уключаючы 54 афрыканскія, 26 мільёнаў масак і больш за 2,3 млн набораў для тэстаў на каранавірус. Агульны аб’ём продажаў той жа прадукцыі Кітаем перавышае названыя лічбы прыкладна ў 10 разоў — пасьля таго, як эпідэмія ў самой КНР пайшла на спад і ўласныя патрэбы краіны ў ахоўных сродках зьнізіліся.

Рэпутацыю Кітаю, аднак, прыпсавала якасьць пастаўленых тавараў: прыкладам, з 1,3 млн рэсьпіратараў, закупленых для сваіх шпіталяў Нідэрляндамі, прыблізна палова аказалася непрыдатная да выкарыстаньня. Аднак у многіх краінах важнасьць кітайскай дапамогі, бескарысьлівай або аплочанай, актыўна падкрэсьлівалі афіцыйныя асобы — напрыклад, прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч, прэмʼер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш ці міністар замежных спраў Італіі Люіджы Ды Маё.

Прыбыцьцё катайскага самалёта з мэдычным грузам у Чэхію, сакавік 2020
Прыбыцьцё катайскага самалёта з мэдычным грузам у Чэхію, сакавік 2020

У Італіі кітайскім пастаўкам надавалася істотная ўвагу і ў інфармацыйнай прасторы — куды больш значная, чым дапамозе зь іншых краін Эўразьвязу і ЗША, якая, нягледзячы на першапачатковыя затрымкі, пазьней пачала паступаць у большых абʼёмах, чым кітайская. Мэдыяаналітыкі вывучылі інфармацыйныя праграмы італьянскага дзяржаўнага телерадыёголдынгу RAI, якія выходзілі ў эфір на працягу трох выходных у сярэдзіне і канцы сакавіка. У сярэднім аб кітайскай дапамозе гаварылася на працягу 1904 сэкунд, расейскай — 741 сэкунды, амэрыканскай — 589 сэкунд.

У выніку ў той жа Італіі, паводле апошніх апытаньняў, Кітай выйшаў на першае месца па папулярнасьці як найбольш пэрспэктыўны для краіны партнэр за межамі ЭЗ — такім яго лічаць 36% рэспандэнтаў. ЗША, якія ідуць на другім месцы, назвалі 30% апытаных. Акрамя таго, паводле вынікаў іншага апытаньня, 49% італьянцаў падтрымалі б цяпер выхад краіны з Эўразьвязу. Гэта відавочны вынік прамаруджаньня ЭЗ з дапамогай на пачатковым этапе пандэміі, за што перад Італіяй нядаўна выбачылася кіраўніца Эўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

Інфармацыйна-палітычны наступ Кітаю ў Эўропе, асабліва ў яе ўсходняй, посткамуністычнай частцы — не такая ўжо нечаканая зьява, лічаць аўтары дакладу «Больш не пустая шкарлупіна: сьлед Кітаю ў Цэнтральнай і Усходняй Эўропе», апублікаванага некалькі тыдняў таму міжнароднай аналітычнай групай CHOICE (China Observers in Central and Eastern Europe). Гэтая група абʼядноўвае кітаістаў, палітолягаў і сацыёлягаў з паўтара дзясятка эўрапейскіх краін.

Пэкін даўно разьвівае сваю стратэгію эканамічнага, палітычнага і інфармацыйнага ўплыву ў Эўропе, шмат у чым выкарыстоўваючы вопыт Расеі зь яе тактыкай «бізуна і перніка», які спалучае агрэсіўныя мэтады палітычнага ўмяшаньня і прапаганды з элемэнтамі charm offensive — гэты выраз азначае актыўную да дакучлівасьці спробу спадабацца і пасябраваць. Пра тое, наколькі каранавірусная пандэмія дапамагла мэтам кітайскай палітыкі ў Эўропе, наколькі ў гэтых адносінах падобныя і ў чым розныя мэты і мэтады Пэкіну і Масквы, у інтэрвію Радыё Свабода распавядае адзін з аўтараў дакладу групы CHOICE, кітаіст, аналітык Асацыяцыі міжнародных праблем (Прага) Філіп Шэбак.

Філіп Шэбак
Філіп Шэбак

— Наколькі вялікім PR-посьпехам Пэкіну выглядае цяпер каранавірусны крызіс? У канцы сакавіка-пачатку красавіка, калі ў Італію, Нідэрлянды, Аўстрыю, Чэхію прыляталі самалёты з кітайскімі ахоўнымі маскамі, спэцвопраткай, абсталяваньнем, здавалася, што Кітай на шляху да вялізнага ўзмацненьня свайго ўплыву ў Эўропе. Якія вашы цяперашнія ўражаньні?

— Для кітайскіх уладаў куды важней імідж у вачах іх уласных грамадзян, чым замежнай грамадзкасьці. З гэтага пункту гледжаньня крызіс Пэкіну ўдалося перанесьці даволі пасьпяхова. Бо нават у самім Кітаі ў пачатку эпідэміі гучалі крытычныя галасы. Потым рэакцыя ўладаў збольшага аказалася даволі эфэктыўнай, збольшага была ў такім выглядзе паднесеная грамадзтву. Да таго ж, калі эпідэмія ператварылася ў пандэмію, высьветлілася, што праблемы ў барацьбе зь ёй паўсталі амаль у кожнай краіне — і тут Кітай атрымаў магчымасьць прадэманстраваць, што ён яшчэ і дапамагае іншым, пастаўляе неабходныя рэчы, дзеліцца вопытам барацьбы з каранавірусам. Па меры таго, як у самой КНР эпідэмію быццам бы атрымалася ўзяць пад кантроль, у вачах кітайскай грамадзкай думкі яна стала як бы ўжо чужой праблемай, у вырашэньні якой Пэкін даволі пасьпяхова ўдзельнічае.

Што тычыцца замежных ацэнак кітайскай дзейнасьці, то тут усё больш складана. Спачатку мы назіралі кітайскі прапагандысцкі наступ у сувязі з гэтымі пастаўкамі, перш за ўсё ў Эўропу і Афрыку, але потым пайшлі непрыемныя для Кітая навіны — у прыватнасьці, аб няякасных рэсьпіратарах і абсталяваньні для шэрагу краін. Занадта агрэсіўная прапаганда мела адваротны эфэкт. У дадатак пачаўся скандал у сувязі з перасьледам афрыканцаў у самім Кітаі, які небывалым за апошнія гады чынам крыху сапсаваў адносіны Пэкіну зь некаторымі краінамі Афрыкі, дзе кітайскія пазыцыі да гэтага былі вельмі моцныя.

— Пра што ідзе гаворка?

— Пра суполкі грамадзян розных краін Афрыкі ў горадзе Гуанчжоў на поўдні Кітаю, гэта самая буйная такая суполка ў КНР, хоць у цэлым і нешматлікая. Там і раней былі праблемы, таму што Кітай у прынцыпе не ўспрымае сябе як краіну, адкрытую для мігрантаў, і расізм у Кітаі ёсьць, перш за ўсё ў дачыненьні як раз да прадстаўнікоў чорнай расы.

У пэрыяд эпідэміі гэтыя настроі абвастрыліся, тым больш, што, як я сказаў, на пэўным этапе кітайскае грамадзтва стала ўспрымаць каранавірус, хоць ён і зьявіўся ў самім Кітаі, ужо як праблему ў асноўным замежную. Пайшлі чуткі, што менавіта афрыканцы ствараюць небясьпеку ў гэтым аспэкце.

Пачаліся інцыдэнты, шматлікіх такіх іншаземцаў, напрыклад, выкідалі з нанятых раней кватэр, проста выганялі на вуліцу. Справа дайшла да дыпляматычных скандалаў: у некалькіх краінах Афрыкі кітайскім амбасадарам быў заяўлены афіцыйны пратэст, гэта нечуваная справа ў апошнія пару дзясяткаў гадоў.

Кіраўнік КНР Сі Цзіньпін падчас візыту ў горад Ухань, дзе ўзьнік першы асяродак каранавіруснай інфэкцыі, 10 сакавіка 2020
Кіраўнік КНР Сі Цзіньпін падчас візыту ў горад Ухань, дзе ўзьнік першы асяродак каранавіруснай інфэкцыі, 10 сакавіка 2020

— Які ж у выніку балянс для Кітаю ў палітычна-прапагандысцкіх адносінах: выйграў ён ці прайграў у выніку пандэміі?

— Думаю, што на ўнутраным «рынку» кітайскія ўлады дакладна выйгралі. Што тычыцца карціны па-за межамі Кітаю, то яна адрозьніваецца ад краіны да краіны. Скажам, у Італіі стаўленьне да Кітаю відавочна стала больш пазытыўным: паводле некаторых апошніх апытаньняў, італьянцы ставяцца да КНР цяпер лепш, чым да Эўразьвязу або да ЗША. Тут вырашальны фактар — пазыцыя палітычнай эліты. Кітайская прапаганда, вядома, дзейнічае, але яна яшчэ недастаткова моцная для таго, каб вызначаць меркаваньне грамадзтва, калі няма садзейнічаньня з боку мясцовых палітыкаў.

Скажам, у Італіі і Сэрбіі такое садзейнічаньне ёсьць. Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандр Вучыч выкарыстаў тэму кітайскіх паставак для крытыкі Эўразьвязу — гэта яго даўняя тактыка. У Італіі міністар замежных спраў Люіджы Ды Маё раней інвэставаў нямала палітычнага капіталу ва ўмацаваньне сувязяў з Кітаем, і цяпер яму трэба было паказаць, што яго намаганьні прынесьлі плён. У Чэхіі прэзыдэнт Мілаш Зэман павёў сябе сапраўды гэтак сама. Наадварот, у ЗША прэзыдэнт Трамп наўмысна падкрэсьлівае, што гэта «кітайскі вірус», у тым ліку і для таго, каб адцягнуць увагу публікі ад уласных пралікаў у барацьбе з пандэміяй. І гэта таксама прыносіць вынікі: у амэрыканскім грамадзтве пераважаюць адназначна нэгатыўныя рэакцыі ў дачыненьні да Кітаю.

— Калі казаць пра тое, як сам Кітай спраўляецца з COVID-19, то можна пачуць розныя ацэнкі, у тым ліку і вельмі хвалебныя. Ці можна сказаць, што каранавірус стаў «рэклямным агентам» для кітайскай аўтарытарнай сацыяльна-палітычнай мадэлі ў сьвеце?

— У прапагандзе ў самой КНР ўлады вельмі моцна падкрэсьліваюць перавагі рэжыму, якія дазволілі, як яны сьцьвярджаюць, хутка і эфэктыўна справіцца з эпідэміяй. Такія аргумэнты, мабыць, цяпер будуць выкарыстоўвацца Пэкінам і на міжнароднай арэне — у якасьці адказу на якую-небудзь крытыку ў яго адрас. Уласна, гэта адзін з асноўных матываў кітайскай прапаганды: кантраст паміж стабільным, спарадкаваным, плянамерным кітайскім рэжымам і хаатычнымі, нестабільнымі, схільнымі да крызісу дэмакратыямі. Усё гэта выкарыстоўвалася ў такія моманты нядаўняга мінулага, як «арабская вясна», рэфэрэндум аб выхадзе Брытаніі з Эўразьвязу або абраньне Трампа. Цяпер — новы зручны момант.

Але я не лічу, што Кітай асабліва схільны да экспарту сваёй мадэлі ў іншыя краіны. Яму гэта ня трэба. Хутчэй наадварот, гаворка ідзе пра абарончы падыход, жаданьне абараніць уласныя пазыцыі ў міжнароднай палітычнай барацьбе і палеміцы. Зь іншага боку, ускосна гэтыя прыёмы самапрэзэнтацыі КНР могуць дапамагаць тым рэжымам і палітыкам, якія самі па сабе схільныя да аўтарытарызму, а таму адчуваюць сымпатыі да Пэкіну — як, напрыклад, Віктар Орбан у Вугоршчыне.

Расея таксама паўдзельнічала ў аказаньні дапамогі Італіі, але была адсунутая ў цень Кітаем
Расея таксама паўдзельнічала ў аказаньні дапамогі Італіі, але была адсунутая ў цень Кітаем

— Калі супаставіць эўрапейскую палітыку Кітаю і Расеі цяпер — чыя зь іх выглядае, спрошчана кажучы, разумнейшай або хітрэйшай? І хто з гэтых дзьвюх дзяржаў уяўляе сабой большую патэнцыйную пагрозу для стабільнасьці ў Эўропе?

— У кантэксьце сувязяў з Эўропай Кітай паводзіць сябе менш дэструктыўна, чым Расея. Ён не выкарыстоўвае ў такой меры, як Масква, наступальныя сродкі: палітычны ціск, рознага роду «гібрыдныя» прылады і г.д. Пэкін паводзіць сябе жорстка ў асноўным калі закранаюцца канкрэтныя балючыя для яго пытаньні: становішча з правамі чалавека ў КНР і тэрытарыяльныя праблемы — Тайвань і Тыбэт. У Кітаю няма схільнасьці ў такой меры, як у Расеі, умешвацца ва ўнутраную палітыку іншых краін.

Прапагандысцкі ўплыў Кітаю на грамадзкую думку ў Эўропе таксама куды меншы, чым у Расеі. Калі Расея імкнецца гэтае меркаваньне фармаваць «зьнізу ўверх», заваяваць сымпатыі часткі грамадзтва, то Кітай дзейнічае інакш, знаходзячы саюзьнікаў сярод канкрэтных палітычных фігур у іншых краінах.

Але трэба заўважыць, што ў пэрыяд пандэміі Кітай як бы пачаў вучыцца некаторым прыёмам у Расеі. Прапагандысцкі наступ, зьвязаны з супрацьэпідэмічнымі пастаўкамі ў Эўропу, Пэкін вёў вельмі агрэсіўна, у «расейскім» стылі. Спробы кітайскіх СМІ паддаць сумневу паходжаньне каранавірусу — гэта таксама адносна нетыповы да гэтага часу для Кітаю элемэнт выкарыстаньня тэхналёгій дэзынфармацыі за межамі сваёй краіны.

Што тычыцца таго, хто больш небясьпечны… Праблемы і пагрозы, зьвязаныя з Расеяй, больш відавочныя, яны ляжаць для Эўропы непасрэдна ў вайсковай вобласьці і ў сфэры інфармацыйнай бясьпекі. Але Кітай — пагроза больш складаная, спэцыфічная і доўгатэрміновая. У Кітаю ёсьць амбіцыі ўплываць на стан усёй глябальнай эканомікі і палітыкі — і ёсьць адпаведны патэнцыял. Магчымасьці цяперашняй Расеі ў гэтым пляне выглядаюць значна больш абмежаванымі. Кітай, акрамя таго, можа паказваць на свой адносна пасьпяховы досьвед рэформаў і мадэрнізацыі апошніх дзесяцігодзьдзяў, на сваю па-ранейшаму для многіх прывабную мадэль. У Расеі з гэтым куды складаней.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG