Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пандэмія яшчэ больш прывяжа Ўсходнюю Эўропу да Кітаю, — экспэрты Sinopsis


Паліцыя канфіскоўвае вівэравых катоў на рынку ў Гуанчжоў у Кітаі (архіўнае фота)
Паліцыя канфіскоўвае вівэравых катоў на рынку ў Гуанчжоў у Кітаі (архіўнае фота)

Чаму некалькі эпідэмій апошніх гадоў пачыналіся менавіта ў Кітаі? Чаму мэр Уханя так доўга чакаў дазволу даць інфармацыю пра вірус і прымаць меры бясьпекі? Чаго можа чакаць Беларусь ад кітайскага індустрыйнага парку? Тлумачаць экспэрты чэскага дасьледчага цэнтру Sinopsis.

Sinopsisпраект чэскай недзяржаўнай арганізацыі AcaMedia супольна з катэдрай сыналёгіі Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе. Яго стварылі, каб даваць аб’ектыўную інфармацыю пра сытуацыю ў Кітаі, а таксама адсочваць кітайскія і міжнародныя мэдыі, якія асьвятляюць кітайскія падзеі.

— Чаму некалькі эпідэмій апошняга часу — птушынага грыпу H7N9, SARS і новага каранавірусу — пачаліся менавіта ў Кітаі?

— Верагодна, існуе некалькі прычын, чаму ўсё больш эпідэмій/пандэмій прыходзіць з КНР. Гэта і канцэнтрацыя насельніцтва, і нізкія санітарныя стандарты, плюс спажываньне дзікіх жывёлін (кажаноў, пангалінаў, вівэравых жывёлаў і г. д.), якія часта пераносяць вірусы, патэнцыйна небясьпечныя для людзей. І не забывайцеся пра недахоп нормаў і стандартаў для рынкаў, дзе гандлююць дзікімі жывёламі. Кітаю трэба прыняць распрацаваныя на Захадзе ўсясьветныя стандарты, меры кантролю і сэртыфікацыі і выконваць іх.

Найбольшай праблемай з пашырэньнем гэтага вірусу была запозьненая рэакцыя — запозьненае ўмяшаньне і дзеяньні. Паводле экспэртаў, мясцовыя ўлады спазьніліся з умяшаньнем на тэрмін да трох тыдняў. Гэта паскорыла пашырэньне вірусу ўнутры краіны і па-за яе межамі. Кітайскі ўрад (і Сусьветная арганізацыя здароўя) нясуць адказнасьць за гэтую пандэмію.

— Выказваліся падазрэньні, што Кітай наўмысна заніжаў колькасьць захварэлых у краіне — прынамсі на пачатку эпідэміі. Ці ёсьць падставы для такіх падазрэньняў?

Так, прадстаўнікі КНР хавалі ўсю інфармацыю пра пашырэньне вірусу больш як 3 тыдні. Пра першы выпадак было вядома ў другой палове лістапада. Але прайшоў нейкі час, перш чым кітайскія экспэрты высьветлілі, што гэта быў зусім новы вірус. Першы пацыент з COVID-19 быў дыягнаставаны 10 сьнежня 2019 году.

Інфармацыя пра новы вірус прыйшла з Уханя ў Пэкін у канцы лістапада. 9 студзеня 2020 году стварылі мапу генома новага каранавірусу. Але цэнтральныя ўлады пачалі рашучыя дзеяньні толькі пасьля таго, як 20 студзеня было апублікаванае інтэрвію са знакамітым эпідэміёлягам Чжун Наньшанем. Ухань закрылі 23 студзеня. Пэкін страціў да трох тыдняў.

У тым ліку 24 студзеня ў Кітаі сьвяткавалі Новы год, гэта найвялікшы сьвяточны пэрыяд у краіне. Людзі падарожнічалі па ўсім Кітаі, каб сустрэцца са сваякамі. Да таго, як ва Ўхані абвясьцілі локдаўн (23 студзеня), гэты горад пакінулі прыблізна 5 мільёнаў чалавек. Гэта паказвае, што ўся сыстэма недастаткова празрыстая і адказная.

— Цяпер можна пачуць галасы, што пандэмія будзе тэстам для заходніх дэмакратый у параўнаньні з Кітаем — гаворыцца, што моцна цэнтралізаваная сыстэма кантролю ў Кітаі больш эфэктыўная для змаганьня з хваробай. Якія перавагі і недахопы Кітаю ў гэтым змаганьні параўнальна з заходнімі дэмакратыямі?

— Мы пабачылі, што нават гэтая цэнтралізаваная сыстэма ня здолела своечасова ўзяцца за пандэмію. Праблема ў тым, што ў аўтарытарным рэжыме існуе цэнтралізаваная сыстэма кантролю і дэцэнтралізаваная адказнасьць — кожны мясцовы чыноўнік адказвае за ўласныя хібы і памылкі. Таму мэр Уханя так доўга чакаў дазволу даць інфармацыю пра вірус і прымаць меры бясьпекі і абмежаваньні.

— Як цяперашняя пандэмія можа памяняць пазыцыю Кітаю ў сьвеце і, у прыватнасьці, у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе?

Мы ўжо бачым, што некаторыя краіны — без запасу трываласьці, належнага дэмакратычнага кіраваньня, чые эліты ў значнай ступені пад вонкавым кантролем, а інстытуты пераарыентаваныя — рызыкуюць страціць цэласнасьць сваіх палітычных сыстэм і нацыянальныя інтарэсы. Кітайская прапаганда і зьвязаны з уладай каразійны капітал (пра гэта напісаў у дакладзе для [амэрыканскага фонду] NED Марцін Гала) адыгрываюць важную ролю ў гэтай сумнай «гульні». Улічваючы такія праблемы, мы чакаем, што краіны рэгіёну будуць нават больш прывязаныя да КНР.

[Марцін Гала, у прыватнасьці, піша, што на пачатку эпідэміі кітайскія камэрцыйныя структуры, каардынаваныя ўладамі, масава скуплялі ў Чэхіі мэдычныя матэрыялы для вывазу ў Кітай, Чэхія аказвала Кітаю афіцыйную гуманітарную дапамогу, а ў выніку гэта прывяло да недахопу такіх матэрыялаў у самой Чэхіі, і потым іх давялося імпартаваць з таго ж Кітаю на камэрцыйнай аснове].

— Падчас грамадзкай дыскусіі ў Празе дасьледчыца Ітка Чэрнашава сказала што кітайская ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях» практычна нічога не дае краінам, дзе робяцца праекты. Паводле яе, Кітай часта чакае, што слабыя эканомікі ня здолеюць выплаціць пазыкі і можна будзе танна набыць іх актывы. Наколькі вы падзяляеце гэтае меркаваньне?

Праактыўная замежная палітыка «Новай эры» Сі Цзіньпіна карыстаецца эканамічнай рыторыкай, як відаць на прыкладзе ініцыятываў «Адзін пояс, адзін шлях» ці «16+1» (цяпер «17+1»). Але сапраўдны ўплыў гэтых ініцыятываў часта бывае хутчэй палітычны, чым эканамічны. У КНР «ва ўладзе» палітыка, і адносіны паміж палітыкай і эканомікай больш складаныя, чым звычайна прызнаецца. (Больш пра гэта можна даведацца з нашага дакладу «Страчана ў перакладзе»)

Беларуска-кітайскі індустрыйны парк «Вялікі камень»
Беларуска-кітайскі індустрыйны парк «Вялікі камень»

— Наколькі выгадныя кітайскія індустрыйныя паркі для краін, дзе яны будуюцца? З вашага досьведу — якія будуць плюсы і мінусы ад кітайскага індустрыйнага парку «Вялікі камень» у Беларусі, які мае стаць найвялікшым у Эўропе?

— Сам па сабе памер эканомікі робіць Кітайскую Народную Рэспубліку важным гандлёвым партнэрам і патэнцыйнай крыніцай інвэстыцый для многіх краін Эўразьвязу. Але гэта таксама магутная дзяржава з радыкальна іншай палітычнай сыстэмай і сыстэмай каштоўнасьцяў, якая праводзіць усё больш амбітную замежную палітыку. Эканамічная дыпляматыя КНР зрабілася пасьля 2008 году больш жорсткай. Краіна пачала больш адкрыта выкарыстоўваць доступ да кітайскага рынку як інструмэнт прымусу — рознага кшталту неафіцыйныя байкоты, скіраваныя на асобныя замежныя кампаніі ці нават цэлыя краіны.

Індустрыйны парк у Беларусі можа быць у нейкай ступені выгадным, але вашай краіне трэба мець на ўвазе, што кітайскія інвэстыцыі заўсёды выкарыстоўваюцца ў інтарэсах КНР. Мы бачым падобныя працэсы ў Чэхіі — неабгрунтаваныя набыткі, зробленыя кітайскай кампаніяй CEFC, перш чым яна збанкрутавала.

Іншая праблема — гэта лягістыка і інфраструктура супраць геапалітыкі. Наколькі Беларусь на правільным месцы на мапе? (Шмат залежыць ад даступнасьці, уплываў, цяперашняй палітычнай сытуацыі і г. д.)

— Як звычайна дзейнічае Кітай у такіх праектах у іншых краінах? Ці ёсьць прыклады краін, якія шмат выйгралі ці прайгралі ад такіх індустрыйных паркаў?

— Ідэя, якой абгрунтоўваўся праект «16+1», [Беларусі ў гэтым праекце няма] была ў тым, што краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы змогуць атрымаць доступ да кітайскага эканамічнага патэнцыялу, у асноўным, прыцягваючы кітайскія інвэстыцыі. Гэтыя чаканьні ня спраўдзіліся. Інвэстыцыі КНР у Эўропу ў асноўным прайшлі міма гэтага рэгіёну. Непасрэдныя кітайскія інвэстыцыі ва Ўсходняй Эўропе складаюць усяго некалькі працэнтаў ад агульных інвэстыцый Кітаю ў Эўропу за апошнія гады.

Гандлёвыя стасункі таксама не паспрыялі рэгіёну. Чэскі прыклад выдатна ілюструе недахоп эканамічнай базы пад нібыта «ўзаемавыгадным» эканамічным партнэрствам: У Кітай ідзе толькі 1.3% чэскага экспарту (гэта відаць на графіку), а імпарт з КНР стварае большы гандлёвы дэфіцыт, чым чэскі прафіцыт у гандлі з найвялікшым партнэрам, Нямеччынай.

Такая сытуацыя далёка не ў адной толькі Чэхіі. Агулам гандлёвы дэфіцыт «шаснаццаткі» ў гандлі з Кітаем працягвае расьці, бо ад 2013 да 2017 году імпарт з Кітаю рос удвая хутчэй за экспарт туды. І такі дысбалянс тычыцца ня толькі краінаў «Вышаградзкай чацьвёркі» (Вугоршчыны, Польшчы, Славаччыны і Чэхіі). Тым часам як, паводле папярэдніх зьвестак, для Чэхіі кітайскі імпарт перавышае экспарт у 10 разоў, у Сэрбіі — адной з найбольш прыхільных да Пэкінскай ініцыятывы краін — гэтая прапорцыя складае 24 да 1.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG