Сярод пацыентаў Рэспубліканскага клінічнага мэдцэнтру кіраўніцтва спраў прэзыдэнта ў Ждановічах — сябра выканкаму Міжнароднай фэдэрацыі самба Ўладзімер Япрынцаў. Сюды яго паклалі з двухбаковым запаленьнем лёгкіх і каранавірусам, цяпер ён у палаце інтэнсіўнай тэрапіі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У Рэспубліканскім клінічным мэдцэнтры кіраўніцтва спраў прэзыдэнта ў Ждановічах перапрафілявана спэцыяльнае аддзяленьне для лячэньня пацыентаў з каранавірусам.
«У нас лечаць хворых з каранавірусам, як і ва ўсіх лячэбных установах», — сказала карэспандэнту Свабоды галоўны доктар мэдцэнтру Ірына Абельская.
«Нашым лекарам трэба паставіць помнік, вось гэта я ведаю дакладна»
Раней на відэа Ўладзімер Япрынцаў паказаў сваю палату: кісларод, маску, ложак і вакно з маляўнічым пэйзажам. У палаце ён адзін.
Уладзімер Япрынцаў сказаў, што ён моцна кашляе, таму цяпер яму нязручна даваць інтэрвію.
«Нашым лекарам трэба паставіць помнік, вось гэта я ведаю дакладна», — сказаў карэспандэнту Свабоды Ўладзімер Япрынцаў.
Раней на відэа падчас онлайн-эстафэты On A Wave Stay Live Уладзімер Япрынцаў казаў, што яму стала лепш і доктар дазволіў рабіць невялікую гімнастыку. Спартовец заклікаў «ня падаць духам» і зьвярнуўся да іншых спартоўцаў, каб тыя дзяліліся сваім досьведам, практыкаваньнямі, як падтрымаць форму ў самаізаляцыі. Ён пастаяў на галаве, пакачаў прэс і ўтрымаў цела на руках у бакасане (поза жорава).
Уладзімер Япрынцаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што пасьля гэтага відэа многія выказалі яму словы падтрымкі.
«Гэта мяне папрасілі сябры з Расеі, што ідзе вар’яцтва, гістэрыя, усе баяцца, падтрымайце. Вось я такое відэа зрабіў, што нічога страшнага няма. Ва ўсялякіх сытуацыях бывае чалавек, і ён павінен заставацца чалавекам, а ня нейкай спалоханай жывёлай. Чыноўнікі павінны рабіць сваю справу, і, лічу, правільна, што кіраўніцтва ў нас, калі ты працуеш на людзей, то ідзі і працуй, і няма чаго тут страх паказваць. Ну, а людзі няхай паберагуцца, калі можна».
Уладзімер Япрынцаў кажа, што не выстаўляў відэа ў інтэрнэт, «гэта проста ішло ў Маскву, а нехта, відаць, падзяліўся». Для яго было нечаканым, што яно зьявілася ў Беларусі.
«Нас з кіраўніцтвам фэдэрацыі самба Беларусі крыху закранае, што нас, беларусаў, лічаць ненармальнымі, што многія спартоўцы трэніруюцца. Яны трэніруюцца ў ізаляцыі, знаходзяцца на зборах у Стайках, дзе іх дзяржава корміць, падтрымлівае, і яны адтуль не выяжджаюць. Калі яны нават выяжджаюць па сваіх справах, то пасьля гэтага цягам двух тыдняў павінны знаходзіцца ў самаізаляцыі, каб не было рызыкі заражэньня. Мы да гэтага ставімся вельмі сур’ёзна. Таму нельга казаць, што тут усе вар’яты і ненармальныя».
Паводле Япрынцава, Міністэрства спорту робіць усё магчымае, каб ніхто не заразіўся і каб усе працягвалі трэніроўкі.
«Я не саромеюся казаць, што „падхапіў“»
Уладзімер Япрынцаў ня ведае, як мог заразіцца каранавірусам, бо з 28 сакавіка знаходзіўся ў Беларусі.
«Але як толькі адчуў сябе кепска, адразу ж пайшоў на самаізаляцыю і нікога не падпускаў. Дзеці прыносілі ежу, пакідалі яе, я да гэтага сур’ёзна паставіўся. Ну, што зробіш, для нечага гэта трэба. Я спакойна да гэтага стаўлюся. Героі — гэта лекары. Уявіце, раніцай яны на зьмену апранаюць гэтую абарончую вопратку і цягам васьмі гадзін нават у прыбіральню ня могуць схадзіць. І гэта тут, я знаходжуся ў лечкамісіі. А ўявіце ў іншых бальніцах, дзе больш людзей, яны там наогул „пашуць“. Яны ўсе героі», — кажа Ўладзімер Япрынцаў.
Уладзімер Япрынцаў ня стаў расказваць, хто ў мэдцэнтры, апроч яго, з каранавірусам — маўляў, «няхай яны самі кажуць».
«Я не саромеюся казаць, што „падхапіў“. У гэтым жыцьці былі, ёсьць і будуць непрыемнасьці і нейкія праблемы. Галоўнае, каб хапала сіл мужна і годна іх пераадольваць. У кожнага свая гісторыя. А людзі тут ёсьць, гэта зразумела».
Уладзімер Япрынцаў кажа, што ўжо восем дзён ён у лякарні ў ізаляцыі, нікуды не выходзіць.
«Праз вакно бачу, як тут усё прыгожа, прыбрана. Кіраўніцтва — малайцы. У нас ёсьць многа прадпрыемстваў, ім грошы дадуць, а быў бардак і застаўся. А тут усюды чысьценька, ня чысьценька-бедненька, а ўсё добра, усё на самым сучасным узроўні і, самае галоўнае, чалавечае стаўленьне».
Уладзімер Япрынцаў цяпер адзін у платнай палаце.
«Я зьвязваюся са сваімі сябрамі, у мяне ёсьць спартоўцы, як дзеці мае, за кім я заўсёды глядзеў, і якія хварэюць, у абласной бальніцы ляжаць. І ўсе кажуць, што стаўленьне дактароў чалавечнае, яны на сваім месцы. У мяне кола такое, я не цярплю людзей, якія румзаюць, ныюць, усе вінаватыя вакол. У мяне няма такіх людзей, я стараюся іх абмінаць».
Уладзімер Япрынцаў сказаў, што ягоная сям’я на самаізаляцыі, тэсты адмоўныя. А ў яго, «напэўна, падсела імунка», бо ён моцны чалавек і ніколі не хварэў на запаленьне лёгкіх.
Як праходзіла хвароба?
«Цяжкага нічога не было, як звычайны грып, нічога звышардынарнага. Нічога геройскага пераадольваць мне не давялося. Лёгкія ж не баляць, баляць цягліцы».
Пасьля выздараўленьня Ўладзімер Япрынцаў зьбіраецца здаваць кроў для плязмы, каб дапамагчы іншым хворым.
«Тут нічога геройскага няма, многія, з кім я размаўляў, казалі таксама, што абавязкова пойдуць, каб падзяліцца, калі гэта трэба людзям. Гэта, магчыма, і знак такі, каб падзяліцца, хто душой, хто цяплом».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ