У Рэспубліканскім клінічным мэдцэнтры кіраўніцтва спраў прэзыдэнта ў Ждановічах перапрафілявана спэцыяльнае аддзяленьне для лячэньня пацыентаў з каранавірусам.
«У нас лечаць хворых з каранавірусам, як і ва ўсіх лячэбных установах», — сказала карэспандэнту Свабоды галоўны доктар мэдцэнтру Ірына Абельская.
Яна не паведаміла, колькі ў лякарні цяпер такіх пацыентаў.
«Гэтую інфармацыю мы апэратыўна перадаём у Міністэрства аховы здароўя, лічба мяняецца штодня: нехта выпісваецца з выздараўленьнем, а нехта паступае».
Паводле Ірыны Абельскай, у цэнтры ёсьць аддзяленьне рэанімацыі, дзе ёсьць апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
«На гэты момант у нас ніводнага пацыента на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх няма».
Ірына Абельская сказала, што ніякай канкрэтнай інфармацыі па пацыентах даць ня можа, бо гэта лекарская таямніца.
Сродкаў індывідуальнай засьцярогі для спэцыялістаў, мэдычных работнікаў хапае.
«У нас яны былі і на той момант, бо мы заўсёды рыхтаваліся да падобных мерапрыемстваў, штогод глядзім, каб у нас мэдычныя работнікі былі экіпіраваныя. Ну, і потым таксама куплялі, дакуплялі, калі была абвешчана эпідэмія. Таму цяпер мы маем усе неабходныя сродкі індывідуальнай засьцярогі».
Ці ёсьць сярод лекараў цэнтру інфікаваныя каранавірусам?
«У нашай лячэбнай установе, на шчасьце, на дадзены момант мэдычных работнікаў з COVID-19 пакуль няма».
Сярод цяперашніх пацыентаў клінічнага мэдцэнтру ў Ждановічах — сябра выканкаму Міжнароднай фэдэрацыі самба Ўладзімер Япрынцаў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ