Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў прадаваць ахоўныя маскі за мяжу. Ці хапае іх у Беларусі?


Аляксандар Лукашэнка на прадпрыемстве «Славянка». Бабруйск, 21 красавіка 2020 году
Аляксандар Лукашэнка на прадпрыемстве «Славянка». Бабруйск, 21 красавіка 2020 году

Аляксандар Лукашэнка даручыў наладзіць экспарт ахоўных масак пасьля насычэньня беларускага рынку. Такую задачу ён паставіў 21 красавіка падчас наведваньня ў Бабруйску прадпрыемства «Славянка», паведамляе БелТА.

«Мы практычна, калі меркаваць па Магілёўшчыне, насыцілі маскамі рынак. Ужо няма той вастрыні, — сказаў Лукашэнка. — Але давайце гаварыць шчыра. За межамі попыт вялікі? Трэба рэалізоўваць. І мы кампэнсуем тыя выдаткі, якія панесьлі, закупляючы маскі па ўсім сьвеце».

Старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Леанід Заяц паведаміў Лукашэнку, што ў вобласьці штодня расходуецца 20 тысяч ахоўных масак, а шыюць каля 470 тысяч. Запэўнілі Лукашэнку і ў тым, што ў Беларусі «закрылі патрэбы мэдустановаў і аптэк у сродках індывідуальнай засьцярогі», «праблем з гэтым няма, калі дзесьці гэтыя вырабы адсутнічаюць, то гэта кропкавыя пытаньні, якія хутка вырашаюцца».

Лукашэнка дадаў, што калі ў нейкіх аптэках няма масак ці цана на іх моцна завышаная, зь імі варта «цьвёрда разабрацца», а так маскі «трэба прадаваць, калі ёсьць попыт», «трэба дапамагчы людзям».

Ці хапае масак для беларусаў

17 сакавіка ўрад часова забараніў вываз зь Беларусі некаторых мэдыцынскіх тавараў, у тым ліку мэдыцынскіх масак.

Цяпер, як паведамляў «Беллегпрам», у Беларусі за суткі шыюць амаль 2,3 млн масак. Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі 15 красавіка заявіў, што ў аптэках Беларусі «значна палепшылася» сытуацыя з мэдычнымі маскамі: цяпер іх прадаюць у 89,2% аптэк, аднак па онлайн-пошуку ў аптэках маскі знайшліся толькі ў 7,6% аптэк Беларусі.

Паводле онлайн-сэрвісаў, якія паказваюць наяўнасьць тавараў у аптэках, на момант публікацыі сайт apteka.103.by паказаў, што мэдычныя маскі ёсьць у 339 аптэках Беларусі з 3725 наяўных у базе, гэта 9%), а на сэрвісе Tabletka.by розныя віды аднаразовых і шматразовых масак ёсьць у дзясятках, а некаторыя — у некалькіх сотнях аптэк Беларусі (больш за ўсё масак-павязак з бавоўны, якія вырабляе «Світанак», — яны ёсьць у 450 аптэках Беларусі).

16 красавіка Генпракуратура Беларусі накіравала старшыні канцэрну «Беллегпрам» і міністру аховы здароўя загад «аб скасаваньні парушэньняў заканадаўства пры рэгістрацыі і вытворчасьці мэдыцынскіх масак», заявіўшы, што эфэктыўнасьць масак, якія вырабляе канцэрн «Беллегпрам», не перавышае 10%.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG