Этна-гурт Vuraj прадставіў новы рэліз Kalyna. У яго ўвайшлі песьні, якія музыкі адшукалі падчас веснавой экспэдыцыі па Берасьцейскай вобласьці.
Музыкі выдалі сьпевы, запісаныя на берасьцейскім Палесьсі і Пружаншчыне.
У рэлізе чатыры трэкі, але толькі дзьве песьні. Cправа ў тым, што акрамя «вурайскіх» варыянтаў, можна паслухаць і аўтэнтычнае выкананьне жывымі носьбітамі традыцыі.
«Гэтым раз мы паставілі перад сабой задачу максымальна захаваць аўтэнтыку твораў — мэлёдыі, вымаўленьне, настрой і нават традыцыйную манеру выкананьня», — кажа лідар Vuraj Сяржук Доўгушаў.
З гэтай мэтай на запіс адной з песень запрасілі вакалістку полацкага гурту Варган Ганна Лутава, якая засьпявала з Доўгушавым у дуэце. У другой кампазыцыі разам з Вураем гучаць галасы спявачак з народнага калектыву «Бабіна Лета».