Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гурт «Стары Ольса» прагучаў у папулярным сэрыяле пра вікінгаў


Гурт «Стары Ольса», 2019 год
Гурт «Стары Ольса», 2019 год

Кампазыцыя «Куранта» ў выкананьні беларускага гурту «Стары Ольса» гучыць у эпізодзе «Ледзяная панна» (The Ice Maiden) сэрыялу «Вікінгі» (Vikings).

Сэрыял «Вікінгі» выходзіць з 2013 году на канале History, мае высокія рэйтынгі і ацэнкі (8,6 бала на IMDb), шэраг узнагародаў.

У разасланым гуртом прэс-рэлізе расказалі, што музычная кіраўніца сэрыялу Мікаэла Сіманс зьвязалася з «Ольсамі» ў студзені 2018 году, калі гурт гастраляваў па Злучаных Штатах — шукала інструмэнтальную музыку, блізкую да пэрыяду сэрыялу, зь лютнямі і шалмеямі, але бяз дудаў і гусьляў.

Калі знайшла гурт «Стары Ольса», кажа Сіманс, была вельмі радая, бо запіс вельмі пасаваў і да часу дзеяньня сэрыялу, і да таго ж «вельмі таленавіты гурт».

Удзельніца гурту Марыя Шарый адзначае: на самой справе мэлёдыя «Куранты» на шэсьць стагодзьдзяў пазьнейшая за пэрыяд, паказаны ў «Вікінгах». Але сэрыял і не прэтэндуе на дакладную рэканструкцыю.

Тым часам сьпеў вакаліста «Ольсаў» Алеся Чумакова загучыць на канале Netflix у сэрыяле «Вядзьмар» — у беларускім перакладзе, які цяпер робіцца для інтэрнэт-сэрвісу, ён сьпявае песьню-мэм «Toss A Coin To Your Withcer» у перакладзе Сяржука Сокалава-Воюша.

Гурт «Стары Ольса» цяпер рыхтуе музычную лекцыю пра Рэнэсанс і сярэднявечча ў Беларусі да Эўрапейскага дня старадаўняй музыкі, які адзначаецца канцэртамі і фэстамі ў Эўропе.

Летась «Стары Ольса» адзначыў 20-годзьдзе, за гэтыя гады выдаў 10 студыйных альбомаў, тры канцэртныя і адзін аўдыёспэктакль. Гурт робіць дакладныя копіі старадаўніх інструмэнтаў і рэканструюе даўнія музычныя традыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG