Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сучасны гусьляр: «Гусьлі не гітара — ня трэба вучыцца доўгія месяцы»


Алесь Чумакоў
Алесь Чумакоў

Алесь Чумакоў 15 гадоў адпрацаваў у Мінскэнэрга праграмістам і кінуў працу, каб мець болей часу езьдзіць на гастролі і выступаць з гуртом сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса». Да таго ж ён майструе традыцыйныя беларускія гусьлі і вучыць іншых граць на старадаўнім інструмэнце — ня толькі сярэднявечную музыку, але і сучасныя мэлёдыі.

Усё пачалося з ірляндзкіх песень

Алесь Чумакоў прыгадвае, што захапленьне беларускімі гусьлямі пачалося з танцавальнай вечарыны, куды яго запрасілі зайграць пару ірляндзкіх песень. Да гэтага ён меў ужо за сьпінай некалькі клясаў скрыпкі, гітару, якую асвоіў у пятай клясе, і школу аўтарскай песьні.

«Я прасьпяваў некалькі песьняў пад гітару, і ў той праграме за мной сьледам выступаў дудар Зьміцер Сасноўскі, які зьбіраўся граць танцы».

Алесь падыграў Зьмітру Сасноўскаму. І празь некалькі дзён музыкі дамаўляліся ўжо пра першую рэпэтыцыю новага гурту сярэднявечнай музыкі і «дзялілі», хто на чым будзе граць.

«Стары Ольса» выступае на фэстывалі «Вольнае паветра», 2016 год
«Стары Ольса» выступае на фэстывалі «Вольнае паветра», 2016 год

«Зьміцер Сасноўскі тады паказаў нам усю калекцыю, усе ягоныя дуды, флейты, жалейкі, мандаліну, ліру колавую, гусьлі былі, розныя бубны... Ён кажа: „Зьбіраем гурт, сярэднявечная музыка“. Вочы ва ўсіх гараць! „Давайце хто на чым будзе граць у гэтым гурце?“

Ільля Кубліцкі кажа: я гітарыст. Ну, калі асвою, на лютні буду граць. Грыфныя струнныя — і ўсё, больш нічога ня буду. Кацярына Радзівілава тады сказала, што яна прафэсійная флейтыстка і толькі на флейтах будзе граць. У лепшым выпадку жалейкі язычковыя. Андрэй Апановіч тады, адпаведна, сказаў: я барабаншчык, буду граць на барабанах.

І я тады сказаў: добра, нічога не застаецца, я буду граць на ўсім астатнім».

Літаральна празь некалькі тыдняў гурт «Стары Ольса» ўжо выходзіў на сцэну «Рок-каранацыі». Алесь узгадвае, што падчас першага выступу ён выйшаў на сцэну з мандалінай і колавай лірай, але ўжо тады ведаў, што гусьлі перадусім:

«Я зразумеў, што закахаўся ў гусьлі — самы прыгожы струнны інструмэнт».

Нашыя гусьлі адрозьніваюцца і да расейскіх, і ад літоўскіх

«Жураўлі» ў выкананьні гусьляра Алеся Чумакова
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:55 0:00

«Прыйшлося перажыць стадыю апошняга з магікан, калі зь цяжкасьцю ўдалося вырваць інфармацыю, што за інструмэнт, як на ім гралі. Навучыцца, паставіць рукі правільна. Бо настаўнікаў на той момант не было».

Алесь Чумакоў прыгадвае як прыйшлося пакатацца па ўсім балцкім рэгіёне — і да майстроў, і з экспэдыцыямі: Літва, Латвія, Эстонія, Расея, Фінляндыя.

«Нашыя гусьлі моцна адрозьніваюцца ад гусьляў усіх суседзяў. Ад расейскіх, літоўскіх. Пра фінскія, карэльскія ўвогуле не кажу — гэта іншы сусьвет. Яны і трымаюць свае гусьлі па-іншаму, і рукі па-іншаму ставяць.

Выйшла, што ў нас традыцыя супольная з паўночнымі суседзямі — з латгаламі. З усходняй часткай Латвіі. Яны называюць гэты інструмэнт „кокле“».

Празь нейкі час Алесь трапіў на канфэрэнцыю ў Санкт-Пецярбург і пазнаёміўся з расейскімі майстрамі і аматарамі гусьляў.

«Адчуў, як у Піцеры любяць гусьлі. Вярнуўся з разуменьнем, што трэба адраджаць менавіта нашыя беларускія гусьлі».

Ці могуць гусьлі пракарміць?

«Маладосьць мая, беларуская» ў выкананьні гусьляра Алеся Чумакова
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:17 0:00

Зробленыя беларускім майстрам гусьлі разьлятаюцца па ўсім сьвеце. Нават пры тым, што робяцца яны не з дарагіх пародаў дрэва і без «інкрустацыі». Але майстар кажа, што і так «можна жыць» і карміцца з гэтага майстэрства.

«Нясьціпла скажу, што гучаць яны добра. З самых простых пародаў дрэва, без пантоў.

Ня варта ісьці за модай. Рабіць устаўкі чырвонага дрэва. Розную такую лухту. Можна зрабіць дарагі інструмэнт. За некалькі тысяч даляраў, пазамаўляць усё гэта,. зрабіць інкрустацыі пэрлямутравыя. Можна рабіць прыгожыя гэтыя цацкі. А можна рабіць традыцыйныя інструмэнты і больш імкнуцца зрабіць якаснае гучаньне».

Гусьлі — гэта вам не гітара

«Радыё Свабода» ў выкананьні гусьляра Алеся Чумакова
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:55 0:00

Пасьля 15 гадоў майстраваньня гусьляў Алесь Чумакоў стварыў сваю мэтодыку, як вучыць граць на гэтым інструмэнце. Музыка кажа, што за чатыры заняткі можна навучыцца асновам і зайграць як старажытную мэлёдыю, так і Макса Каржа, пры жаданьні, вядома.​

«Гусьлі — не гітара, дзе там нешта трэба ціснуць, вучыцца. Доўгія месяцы рэзаць сабе пальцы. Гэта інструмэнт народны. Паставіў рукі і граеш.

Чалавек прыйшоў з поля, рабіўшы свае буракі. Прыйшоў, маючы хвілінку перад сном, зьняў гусьлі са сьцяны — „брым-брым“, тры акорды зайграў, і ў яго ўсё атрымалася».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG