Аляксандар Лукашэнка перакананы, што занепакоенасьць у грамадзтве з нагоды распаўсюду каранавірусу будзе добрым урокам для тых, хто мае шкодныя звычкі, паведамляе ягоны сайт.
«Для наркаманаў і курцоў гэта добры ўрок. Мы гэта бачым па цяжкіх захворваньнях на пнэўманію, асабліва абцяжараную каранавірусам. Гэта добры ўрок — падумаць аб тым, як арганізоўваць сваё жыцьцё пасьля так званай пандэміі», — заявіў Лукашэнка.
Да крымінальнай адказнасьці за нарказлачынствы прыцягнута нямала моладзі, многія адбываюць пакараньне ўпершыню. Таму, заявіў Лукашэнка, ён даручыў асобна прапрацаваць пытаньне аб магчымасьці памілаваньня такіх асобаў:
«Трэба прызнаць, што адказнасьць за такую моладзь ляжыць у тым ліку на дарослых. Не змаглі ўсачыць за гэтымі падлеткамі ні бацькі, ні пэдагогі. Бясспрэчна прасочваецца недастатковасьць прафіляктычных мераў з боку дзяржаўнай сыстэмы».
Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што пакараньне за нарказлачынствы — гэта прафіляктыка для ўсіх, а ня толькі для асуджаных.
«Трапілі туды, пабывалі ў месцах пазбаўленьня або абмежаваньня волі, можа быць, пашанцуе — выпусьцім адтуль. І яны ў добрым сэнсе змогуць заразіць гэтым „вірусам“ усіх. І астатнія падумаюць, ці варта гэтым займацца. Гэта добрая прафіляктыка», — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што Камісія ў памілаваньні будзе старанна вывучыць хадайніцтва кожнага прэтэндэнта на памілаваньне.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ