Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават дырэктарам падключыцца да Zoom праблема!» Ці рэальна ў школах Беларусі ўвесьці дыстанцыйнае навучаньне?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Свабода выслухала розныя, шмат у чым процілеглыя меркаваньні: чыноўніцы, стваральніка праекту «Інфаўрок», дырэктара цэнтру «Фабрыка ведаў».

Вакацыі ў Беларусі працягнулі да 13 красавіка. Карантын у краіне афіцыйна ня ўведзены. Але і настаўнікі, і чыноўнікі разумеюць, што вялікую колькасьць дзяцей бацькі проста ня пусьцяць у школу. Мінадукацыі дагэтуль ня вызначылася, як дзеці будуць вучыцца далей.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Лепш крывая-касая дыстанцыйная адукацыя, чым нічога»

Дырэктар адукацыйнага цэнтру «Фабрыка ведаў», рэпэтытар Аляксандар Луцэвіч лічыць, што дыстанцыйнае навучаньне трэба ўводзіць тэрмінова.

Аляксандар Луцэвіч
Аляксандар Луцэвіч

«Лепш крывая-касая дыстанцыйная адукацыя, чым нічога. Вельмі хутка зрабіць ці скапіяваць „онлайн-мадэль“ цяперашняй сыстэмы, якую мы крытыкуем, немагчыма. Але цяперашні карантын, які афіцыйна не абвешчаны, значна горшы, чым неідэальнае дыстанцыйнае навучаньне.

Ня трэба „ўключаць“ пэрфэкцыянізм — маўляў, „мы ня зможам хутка зрабіць ідэальна, таму мы ня будзем рабіць наагул“. Цяпер трэба зрабіць, як атрымаецца», — перакананы ён.

Луцэвіч разумее, што не паўсюль па вёсках шпаркі інтэрнэт, ня ўсе сем’і маюць кампутары. І як адзін з магчымых варыянтаў прывёў у прыклад Украіну, дзе ўрокі трансьлююцца па тэлебачаньні, а потым настаўнікі прапрацоўваюць матэрыял з вучнямі.

«Прычым украінскі фармат, так бы мовіць, не прымушае настаўнікаў саміх рыхтаваць онлайн-урокі (бо некаторыя, асабліва выкладчыкі сталага веку, не адважацца на гэта). А тут настаўнік працуе на засваеньне матэрыялу, кантралюе».

У адукацыйным цэнтры «Фабрыка ведаў» даволі даўно ўкаранілі дыстанцыйнае навучаньне. Напачатку таксама былі праблемы з выкладчыкамі, яны супраціўляліся. Але вымушаны былі шукаць новыя формы, адпрацоўваць іншыя мадэлі.

«Вядома, і дзеці нашы прасунутыя, умеюць сьпісваць, спампоўваць, рабіць copy-paste з інтэрнэту. Таму трэба шукаць творчыя падыходы. Але неабходна, каб дзеці нечым займаліся ў гэты пэрыяд, калі ім працягваюць вакацыі ці калі бацькі іх зноў ня пусьцяць у школу. Бо выпускныя клясы больш матываваныя, яны будуць самастойна займацца, а 7–8 клясы — наўрад ці.

Магчыма, адразу мы ня зможам рабіць ідэальную мадэль дыстанцыйнага навучаньня, але трэба як мага больш дзяцей ахапіць. Калі ўсіх не ахопім — зробім паўтарэньне гэтага пройдзенага матэрыялу на пачатку наступнага навучальнага году», — кажа Аляксандар Луцэвіч.

«Праблема ў тым, што ў Мінадукацыі не хапае сьмеласьці даць настаўнікам свабоду»

Стваральнік праекту «Інфаўрок» Ігар Жабароўскі раней працаваў настаўнікам матэматыкі ў адной са сталічных школ. На яго думку, тэхнічныя магчымасьці, каб перайсьці на дыстанцыйную вучобу, у Беларусі ёсьць.

Ігар Жабароўскі
Ігар Жабароўскі

«Ёсьць добрыя рэсурсы, у тым ліку і „Інфаўрок“. Наш „Інфаўрок“ — цалкам бясплатная онлайн-школа (якая, дарэчы, рэкамэндаваная Міністэрствам адукацыі Расеі), і ўсе настаўнікі і вучні, якія ёй карыстаюцца, ня плацяць нават за інтэрнэт.

Важна, каб у настаўніка была свабода. Да прыкладу, расейскі настаўнік сам выбірае, ісьці яму на „Інфаўрок“, на іншы камэрцыйны ці дзяржаўны рэсурс. Трэба, каб у Беларусі Мінадукацыі таксама дазволіла свабоду выбару. А ня так, як цяпер, — трэба займацца па адным падручніку, падабаецца ён настаўніку ці не. Цяперашнія падручнікі не ідэальныя. А тэхнічна на дыстанцыйнае навучаньне мы можам перайсьці», — кажа Ігар Жабароўскі.

Што тычыцца тэхнічных магчымасьцяў саміх вучняў, то, на думку Ігара Жабароўскага, гэта невялікая праблема, бо працаваць можна зь любога смартфона, які ёсьць у кожнага — зусім не абавязкова мець кампутар альбо ноўтбук.

«Пытаньне не тэхнічнае. Праблема ў тым, што ў Мінадукацыі не хапае сьмеласьці, волі, каб дазволіць настаўнікам рабіць сьвядомы выбар — выкарыстоўваць усё сучаснае, што ёсьць. Сёньня ёсьць дастатковая колькасьць добрых і расейскіх, і заходніх пляцовак. Бо па якім падручніку вучыць матэматыку — ня так важна, яе можна вучыць і на амэрыканскім сайце. Трэба, каб у настаўніка была свабода выбару, каб настаўнік мог сам выбіраць, якімі рэсурсамі яму карыстацца», — выказаў меркаваньне стваральнік рэсурсу «Інфаўрок».

Што да кантролю ведаў, узаемадзеяньня з вучнямі, праблема таксама цалкам вырашальная, перакананы спадар Жабароўскі.

«Ёсьць тэхнічныя магчымасьці кантролю. На нашай пляцоўцы настаўнік можа адсачыць, што рабіў вучань, колькі часу яму спатрэбілася, калі гэта тэст — колькі спробаў ён рабіў, „шчоўкаў“ наўгад ці думаў. Калі на тэст патраціў 10 сэкундаў, відавочна, што адказваў ня думаючы.

Але зразумела, што любыя сыстэмы кантролю ўсё адно можна абыйсьці. Калі вучань катэгарычна ня хоча займацца, ніякія сыстэмы кантролю не дапамогуць — што дыстанцыйна, што ў школе», — перакананы стваральнік «Інфаўрока».

Што да настаўнікаў, тут таксама ня так усё змрочна, нягледзячы на тое, што ў школах працуе даволі шмат выкладчыкаў сталага веку, якія ня вельмі «прасунутыя» ў ІТ-тэхналёгіях.

«Насамрэч настаўнікі вельмі хутка вучацца самі. Але і тыя, хто стварае гэтыя адукацыйныя плятформы для школ, улічваюць і сярэдні ўзрост настаўнікаў, і сярэднія здольнасьці», — мяркуе Ігар Жабароўскі.

Каб хутка перайсьці на дыстанцыйнае навучаньне, патрэбная толькі каманда зьверху.

«Вясковыя школы не гатовыя да дыстанцыйнага навучаньня»

Супрацоўніца ўпраўленьня адукацыі аднаго з райвыканкамаў Менскай вобласьці на ўмовах ананімнасьці расказала, што яны кожны дзень кантактуюць зь Міністэрствам адукацыі, і ў Мінадукацыі разумеюць, што многія дзеці ня прыйдуць у школу пасьля вакацый. Але каманды рыхтавацца да пераходу на дыстанцыйнае навучаньне пакуль няма.

«Перад вакацыямі мы ў раёне маніторылі, колькі дзяцей хадзіла ў школу. Аказалася, каля 40% дзяцей сядзелі дома. Вучні выпускных клясаў яшчэ хадзілі на заняткі, а малодшыя — не. Я падазраю, што і школы, калі давалі зводкі ва Ўпраўленьне адукацыі, крыху завышалі лічбы. Пасьля вакацый прыйдзе яшчэ менш», — мяркуе чыноўніца.

Але арганізаваць дыстанцыйнае навучаньне ня так проста, бо, на яе думку, многія школы да гэтага не гатовыя. Так, для сталічных школ, некаторых гарадзкіх гімназій у рэгіёнах, нават для асобных моцных вясковых школ — гэта рэальна.

«А вёска ўся „ляжа“, таму што ў нас няма магчымасьці дыстанцыйна навучацца. Прычым на гэта ёсьць і тэхнічныя прычыны: слабы інтэрнэт на вёсцы, не ўва ўсіх сем’ях ёсьць ноўтбукі і кампутары. Так, дзеці збольшага маюць смартфоны, але карыстацца імі ўмеюць ня ўсе — рэжуцца ў гулькі, перапісваюцца ў сацсетках, а карыстацца адукацыйнымі плятформамі наўрад ці здольныя», — кажа яна.

Шмат праблем паўстане і перад настаўнікамі. Проста «паставіць» урок на дыстанцыйны рэсурс — не праблема, можна «загугліць» матэрыял, зрабіць спасылку, што, да прыкладу, «не» зь дзеясловам пішацца асобна. І кавалак падручніка ці прэзэнтацыю выкласьці — не праблема, кажа чыноўніца.

«Але якая зваротная сувязь? Даслаць па электроннай пошце хатняе заданьне — настаўнік яго праверыць. Але колькі дзяцей гэта зробяць, самастойна пачытаюць, адправяць?

Калі ты хочаш праводзіць заняткі ў рэжыме онлайн — гэта іншае. Вясковыя школы ні да чога не гатовыя. Гэта ўсё пусты гук», — перакананая чыноўніца.

Не гатовыя да дыстанцыйнага навучаньня і многія настаўнікі вясковых школ. Ёсьць, вядома, прасунутыя, здольныя настаўнікі, але ў вясковых школах шмат выкладчыкаў пэнсійнага ўзросту, якія збольшага ўмеюць на кампутары проста адкрыць сайт, нешта пачытаць, нават спампаваць.

«А працаваць у рэжыме відэасувязі для іх — гэта праблема. У нас і цяпер нарады з дырэктарамі школ празь відэасувязь праходзяць. І ня ўсе школы могуць падключыцца. У іх жа не праграмісты працуюць, а простыя настаўнікі інфарматыкі пасьля БДПУ. Дык дырэктарам школ падключыцца да Zoom праблема. А тут трэба дзіцяці падключыцца! Гэта пакуль нерэальна.

Калі б быў афіцыйна абвешчаны карантын, была б падстава працягнуць навучальны год. Давайце сумленна скажам — красавік будзе закрыты, сядзім дома, а вучобу працягнем у чэрвені на 2–3 тыдні (акрамя выпускных клясаў). Але так жа ня зробяць», — мяркуе супрацоўніца ўпраўленьня адукацыі аднаго з раёнаў, у якім бальшыня школ — вясковыя.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG