У сьвеце ідзе праца над дзясяткамі пэрспэктыўных вакцынаў супраць COVID-19, пэўныя праекты ўжо праходзяць клінічныя выпрабаваньні — гэта значыць праверку не ў прабірках або на жывёлах, а на людзях.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Тым ня менш, стварэньне вакцыны і праверка яе эфэктыўнасьці і бясьпекі — вельмі працяглы працэс, і гатовы прэпарат ня зьявіцца ў агульным доступе, нават паводле самых аптымістычных ацэнак, не раней чым да канца гэтага году.
Расейская служба Свабоды пагутарыла з Канстанцінам Чумаковым. Гэта намесьнік дырэктара па навуцы ў аддзеле вакцынаў Food and Drug Administration (FDA, Упраўленьне санітарнага нагляду за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў), прафэсар Унівэрсытэту Джорджа Вашынгтона і Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту (ЗША). Канстанцін Чумакоў удзельнічае ў дасьледаваньні бясьпекі і эфэктыўнасьці вакцынаў, якія ўхваляюцца для допуску на рынак у ЗША.
Клінічныя выпрабаваньні бліжэйшым часам пачнуцца ў Нью-Ёрку і ў Балтыморы на базе інстытуту вірусалёгіі чалавека пры мэдычнай школе Мэрылэнду пад кіраўніцтвам Робэрта Гала, аднаго зь першаадкрывальнікаў вірусу імунадэфіцыту чалавека.
У інтэрвію Радыё Свабода Канстанцін Чумакоў патлумачыў, чаму хутка зрабіць вакцыну немагчыма, расказаў пра тое, чым адрозьніваюцца розныя тыпы прафіляктычных прэпаратаў і чаму вакцыны супраць іншых хваробаў тэарэтычна могуць прадухіляць і COVID-19. Чумакоў падкрэсьліў, што выказвае ў інтэрвію ўласную думку, а не афіцыйную пазыцыю FDA.
— Калі абагульніць ацэнкі таго, колькі прыйдзецца чакаць вакцыну супраць новай каранавіруснай інфэкцыі, атрымліваецца нешта каля двух гадоў — прычым большую частку часу зойме не распрацоўка, а выпрабаваньне прэпарата. Ці можна гэты працэс скараціць для COVID-19, ахвяраваўшы нейкімі стадыямі клінічных або даклінічных выпрабаваньняў?
— Два гады — гэта аптымістычны прагноз, калі ўсё складаецца спрыяльна. Звычайна на стварэньне вакцыны можа ісьці да дзесяці гадоў і больш, лічачы ад пачатку распрацоўкі ідэі. Гэта ўключае ў сябе ня толькі правядзеньне ўсіх дасьледаваньняў і выраб вакцыны, але і яе тэставаньне спачатку на жывёлах, затым на невялікай колькасьці добраахвотнікаў, каб убачыць, ці пацьвярджаецца чаканы імунны адказ і ці абараняе вакцына ў рэчаіснасьці ад інфэкцыі. І толькі пасьля гэтага прыступаюць да вырашальнай, трэцяй фазы, калі вакцыну даюць ужо вялікай колькасьці людзей, каб убачыць, колькіх зь іх вакцына зьберажэ ад інфэкцыі ў параўнаньні з тымі, хто атрымае інэртны кантрольны прэпарат (плацэба).
Пасьля гэтага пачынаецца працэс вырабу вакцыны, які таксама займае шмат часу, бо даводзіцца наладжваць вытворчасьць. Калі кампанія гатовая пайсьці на фінансавую рызыку і пачаць працэс вытворчасьці, пакуль яшчэ ідуць клінічныя выпрабаваньні, дык можна выйграць час. Але за кошт клінічных выпрабаваньняў працэс скарачаць нерацыянальна, таму што выпрацоўка антыцелаў у адказ на вакцыну не абавязкова азначае, што яны чалавека абараняюць. Бываюць зваротныя сытуацыі, калі наяўнасьць антыцелаў ня толькі не дапамагае хвораму, але і пагаршае стан хваробы. Таму скарачаць клінічныя выпрабаваньні вельмі рызыкоўна. Так што два гады — гэта ўжо вельмі паскораны рэжым.
— Пры гэтым раздаваліся і гучныя абяцаньні, што вакцына можа быць гатовая на працягу некалькіх тыдняў, як заяўлялі, напрыклад, у Ізраілі.
— Гэта гульня словаў. У дадзеным выпадку вакцынай называюць нейкі прэпарат, які выклікае імунны адказ. Але ён не прайшоў стадыяў, якія я назваў вышэй. Ня кожны прэпарат, які выклікае імунны адказ, прыносіць карысьць. Ад такога прэпарату да вакцыны вельмі доўгі шлях. Каб такі прэпарат назваць вакцынай, трэба даказаць, што ён і эфэктыўны, і бясьпечны, гэта значыць, ён павінен абараняць чалавека. Калі прэпарат выклікае імунны адказ, але людзі працягваюць хварэць, якая ж гэта вакцына?
— Хваля пандэміі можа прайсьці сама сабой у сілу натуральных прычынаў, як гэта было ўжо з Эболай і іншымі новымі для чалавецтва інфэкцыямі. А па-другое, калі новай хвалі COVID-19 наканавана здарыцца, скажам, увосень, дык да гэтага часу, з аднаго боку, ужо, можа, падасьпее вакцына або тэрапэўтычны сродак, а з другога боку, клініцысты з напрацаваным ужо вопытам будуць нашмат лепш спраўляцца з хваробай?
— Людзі дзеляцца на тых, хто бачыць шклянку напалову пустой, і на тых, хто бачыць шклянку напалову поўнай. У многіх краінах, такіх як Кітай, Паўднёвая Карэя, гэтая эпідэмія ўжо завяршаецца, у іншых — у поўным разгары, як у ЗША і Эўропе, а ў некаторых толькі пачынаецца, як у Японіі або ў Расеі. Вядома, захварэць давядзецца яшчэ шматлікім тысячам, калі не мільёнам людзей. Але чалавецтва перажыло і нашмат страшнейшыя пандэміі, такія як «гішпанка». Цяпер у нас абсалютна іншы арсэнал сродкаў, і ўся навуковая супольнасьць актыўна працуе па многіх напрамках над рашэньнем гэтай праблемы. Няма сумненьняў, што вакцына будзе, як будуць і эфэктыўныя лекі, якія дазволяць нашмат зьнізіць сьмяротнасьць. Праца ідзе поўнай хадой, і я не зьдзіўлюся, калі на працягу бліжэйшых тыдняў і ці месяцаў пачнуць паступаць абнадзейлівыя вынікі. Хоць пакуль складана прадказаць, калі ўсе гэтыя сродкі трапяць у аптэкі і бальніцы, але запэўніваю вас, гэта будзе раней, чым думаюць пэсымісты, — сказаў Канстанцін Чумакоў.
Друкуецца ў скарачэньні. Цалкам пачытаць можна тут
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ