Калі непасрэднай прычынай сьмерці стаў інфаркт міякарда, то ці мае значэньне, якімі вірусамі быў абцяжараны чалавек, кажа навуковец Дзьмітрый Цаўлоўскі.
У інтэрвію Свабодзе навуковы супрацоўнік Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі адказвае тым, хто вінаваціць мэдыкаў у нібыта спробах схаваць праўду пра каранавірус, і тлумачыць, чаму думкі пра жорсткі карантын трэба зьбіваць, як небясьпечную тэмпэратуру.
Сьцісла:
- Пазамінулая зіма па сьмерцях відавочна выбіваецца ў апошнім дзесяцігодзьдзі. Але рэакцыя ўрадаў і простых грамадзянаў была зусім іншай
- Фармулёўка прычыны сьмерці залежыць у большай ступені ад шпітальных адміністрацыяў (якія ў рознай ступені залежаць ад чынавенства ў розных дзяржавах), чым ад саміх дактароў
- Парады, якія, магчыма, вельмі карысныя ў іншых краінах, мала што мяняюць тут
- Думка пра татальны карантын ва ўмовах сучаснай Беларусі мяне палохае
- Чалавек можа быць значна небясьпечнейшым за хваробу
Зьдзіўляе
Мяне зьдзіўляюць тыя, хто абураецца параўнаньнем COVID-19 з грыпам. Людзі несур’ёзна ставяцца да небясьпечных хваробаў. І цяперашняя пандэмія мала што зьмяніла ва ўяўленьнях нават тых, хто слупянее ад жаху перад каранавірусам. Праўда пра тое, што ў чалавечай папуляцыі паразытуе шмат сьмяротна небясьпечных вірусаў, для некаторых настолькі жудасная, што яны гатовыя прызнаць небясьпеку выключна ад расьпіяранага шарыка з рожкамі.
Цяпер шмат публікуюць статыстыку па сьмерцях. Пазамінулая зіма відавочна выбіваецца ў апошнім дзесяцігодзьдзі. Тады таксама ня вытрымала сыстэма аховы здароўя ў той самай Італіі. Але рэакцыя ўрадаў і простых грамадзянаў была зусім іншай. Наколькі горш сёлета? Відавочна, што гэта не чума. А вось ці больш небясьпечная яна за першы SARS або той самы H1N1 — даведаемся пасьля яе заканчэньня.
Абурае
Фактычна мэдыкаў заклікаюць хлусіць, вінавацячы ў тым, што яны быццам бы хаваюць праўду, ня пішучы ў дыягназе пра каранавірус. Як кажа мая сястра-лекар: «Нічога не замінае хвораму на сухоты захварэць яшчэ і на сіфіліс».
Трэба быць практычным лекарам, каб ставіць дыягназ. Маё абурэньне тычыцца тых, хто патрабуе ад мэдпэрсаналу і ўладаў такой дзіўнай фармулёўкі, альбо падмяняе ў статыстыцы дыягназы з мэдкартак на вынікі аднаго з аналізаў.
Калі хвароба хутка забіла чалавека, наўрад ці ў лекара быў час адназначна пацьвердзіць, што прычына — менавіта вірусная пнэўманія выкліканая модным штамам каранавірусу. Ёсьць і іншыя шляхі да сьмерці ад пнэўманіі. Калі б службы аховы здароўя цяпер займаліся ўдакладненьнем кожнага фатальнага дыягназу замест дапамогі яшчэ жывым хворым, гэта было б сапраўднае злачынства.
Цікавіць
А коды іншых вірусных інфэкцыяў ад лекараў таксама патрабуюць пісаць? Колькі з памерлых мелі герпэс, гепатыт С, іншыя штамы каранавірусаў? Калі непасрэднай прычынай сьмерці стаў інфаркт міякарда, ці мае значэньне якімі вірусамі быў абцяжараны чалавек?
Пацыент можа трапіць у шпіталь у цяжкім стане і падчапіць інфэкцыю ўжо там. І яна не пасьпее на нешта паўплываць. А САЗ атрымае пункцік на карысьць сьмяротнасьці моднай хваробы. Не магу ўгледзець у гэтым ані каліва карысьці.
Не падабаецца
Мне вельмі не падабаецца манера Паўла Севярынца, прыкладам, абурацца дыягназу «неўдакладненая пнэўманія» у выпадках, калі проста не было часу вызначыць яе прыроду. Вірус — гэта не захворваньне, а ўзбуджальнік захворваньня. Той самы вірус можа выклікаць розныя захворваньні, напрыклад, вострае рэсьпіраторнае захворваньне ці пнэўманію. Зь іншага боку, тое самае захворваньне можа быць выклікана рознымі ўзбуджальнікамі.
Мне здаецца, цяпер фармулёўка прычыны сьмерці залежыць у большай ступені ад шпітальных адміністрацыяў (якія ў рознай ступені залежаць ад чынавенства ў розных дзяржавах), чым ад саміх дактароў.
Палохае
Я ня ўпэўнены, што нехта цяпер валодае адзіна правільным адказам на пытаньне, як эфэктыўней змагацца з наступствамі пашырэньня вірусу, але думка пра татальны карантын ва ўмовах сучаснай Беларусі мяне палохае.
Хоць улада ў Беларусі выглядае ледзь не манархіяй зь неабмежаванымі паўнамоцтвамі прэзыдэнта, яна таксама вымушаная дзейнічаць у межах рэальных магчымасьцяў. Эканоміка нашай краіны знаходзіцца ня ў лепшым стане. Грошай на падтрымку грамадзянаў, якія спатрэбяцца ў выпадку жорсткага карантыну, папросту няма дзе ўзяць. У нашых рэаліях можа дайсьці да харчразьвёрсткі.
Старэйшая з дачок у сувязі з пандэміяй прыгадала пра страшэнныя эпідэміі чумы. Спыталася, чаму цяпер яны не паўтараюцца, калі ўзбуджальнік існуе.
І я прыдумаю такую аналёгію. З часам чалавецтва сфармавала сацыяльную імунную сыстэму — санітарна-эпідэмічныя службы. Яны ўвесь час сочаць, каб не ствараліся ўмовы, якімі можа скарыстацца сьмертаносная інфэкцыя. А цяпер мы назіраем, як гэтая сыстэма зьехала з глузду і ў барацьбе з хваробай нішчыць само грамадзтва. Калі такое здараецца з чалавекам, яму тэрмінова патрэбныя лекі, бо з тэмпэратурай за сорак сэрца рана ці позна ня дасьць рады. Суворы карантын — гэта і ёсьць тая небясьпечная тэмпэратура, якую трэба зьбіць.
Выклікае дысананс
Дзяржаўная прэса піша, што «ўсё добра, нічога большага за лякалізацыю выпадкаў рабіць ня трэба». Апазыцыйная абураецца бязьдзейнасьцю ўладаў. А я штодня атрымліваю на пошту рэкамэндацыі, інструкцыі, загады, накіраваныя на супрацьстаяньне пандэміі. Бачу зачыненыя забаўляльныя цэнтры і тэатры. Сам меўся на мінулым тыдні пайсьці ў Купалаўскі, але ня лёс.
Барысаўскі гідролізны завод, які ўваходзіць у структуру Акадэміі навук, цалкам перайшоў на выпуск санітайзэраў і тэрмінова набыў новую лінію разьліву.
Трэба памятаць
Ніякія паводзіны не прымусяць вірус сысьці з папуляцыі. Патрэбны групавы імунітэт. А як яго набыць, гэта пытаньне да спэцыялістаў.
А тыя парады, якія, магчыма, вельмі карысныя ў іншых краінах, мала што мяняюць тут. Мяне з маленства вучылі мыць рукі з мылам адразу, як вярнуўся дахаты. А выйшаўшы з мэдычнай установы — памятаць, што на руках можа быць зараза. Трымаць дыстанцыю зь незнаёмымі і г. д. Здаецца, у нас гэта агульны падыход да выхаваньня, а не вынаходніцтва маіх бацькоў. Астатнія перасьцярогі, кшталту ўстрыманьня ад наведаньня забаўляльных мерапрыемстваў, агучваюцца штогод падчас піку сэзонных захворваньняў. Таму беларусам асабліва нічога мяняць і не даводзіцца.
Ва ўсе часы, у любых абставінах трэба заставацца людзьмі. І памятаць пра тое, што свае ідэальныя ўяўленьні не абавязкова ўкладаюцца ў сьветапогляд іншых. Чалавек можа быць значна небясьпечнейшым за хваробу.
Хвалюе
Жорсткія захады супраць эпідэміі абарочваюцца жорсткімі захадамі супраць людзей. Я міжволі трапіў у шэрагі тых, чыя прафэсійная дзейнасьць запатрабаваная ў спробах зьменшыць шкоду ад вірусу. Каб быць карысным, я павінен штодня прыяжджаць у лябараторыю. Перад працай я вяду сваю трохгадовую дачку ў дзіцячы садок.
Выхавальнікі, кухары і гаспадарча-адміністрацыйны пэрсанал не павінны сядзець дома. Ужо не атрымліваецца абысьціся толькі супрацоўнікамі гандлю і мэдычным пэрсаналам. Грамадзкі транспарт таксама не функцыянуе безь людзей, а ў мяне няма ўласнай машыны.
І я заўважыў, што эфэктыўнасць маёй працы залежыць ад таго, як функцыянуе атачэньне. Нават зусім лёгкая, амаль не заўважная вэрсія карантыну, якая назіраецца цяпер у Менску, ужо стварае нязручнасьць. Адправілі ў адпачынак гутніцу — невядома калі можна будзе адрамантаваць посуд. Суседнюю лябараторыю перавялі на скарочаны працоўны тыдзень — на пару дзён застаюся без дыстыляванай вады. Калі ж дазволяць працаваць толькі «абраным», чыя праца зьвязаная з супрацьдзеяньнем пандэміі, гэтых дробязяў набярэцца дастаткова каб спаралізаваць маю працу.
Жорсткі карантын — гэта інфантыльнае хаваньне пад коўдру замест актыўнага вырашэньня праблемы. Сядзеньне на канапе не спрыяе будаўніцтву шпіталяў, падрыхтоўцы лекараў, вытворчасьці мэдычнага абсталяваньня і лекаў. Гэта шлях у багну.
Адчуваю гонар
Беларусы распрацавалі ўласныя тэсты на модны вірус. Аналізы робяць мэтадам real-time PCR. Гэта надзвычай дакладны інструмэнт, што б ні казалі канапныя аналітыкі.
Набор для аналізу ўтрымлівае некалькі рэагентаў і сумесяў. Сярод іх ёсьць унікальныя, адказныя за «пазнаваньне» генэтычнага коду менавіта таго, што мы шукаем. Гэта алігануклеатыды з флюарэсцэнтнымі, у нашым выпадку, меткамі. Іншыя — стандартныя, аднолькавыя для вялікай колькасці тэст-сыстэмаў.
Айчынныя наборы ўтрымліваюць тыя самыя, ухваленыя Сусьветнай арганізацыяй здароўя, алігануклеатыдныя пасьлядоўнасьці, што і тэст-сыстэмы замежных вытворцаў. Наколькі мне вядома, прынамсі адно прадпрыемства цалкам камплектуе набор уласна зробленымі кампанэнтамі. Ёсьць яшчэ калектыў, які ня робіць уласна тэст-сыстэму, а гандлюе высокатэхналягічнымі кампанэнтамі. Сярод іх кліентаў, напрыклад, Інстытут эпідэміялёгіі, дзе праводзіцца большасьць тутэйшых аналізаў. Але нямала замежных пакупнікоў. І гэта ня толькі краіны-суседкі. Напэўна, немцы ці амэрыканцы не заказвалі б беларускія рэагенты, каб мелі сумнеў наконт іх якасьці.
Засмучае
З падачы журналістаў сфармаваны недавер да айчыннай навукі і навукаёмістай прамысловасьці. Заганны стэрэатып «дзяржаўнае — значыць дрэннае» моцна адбіваецца на нашым іміджы. СМІ зацята тыражуюць любую недарэчнасьць, сказаную чыноўнікам Акадэміі навук, лёгка абагульняючы з усёй галіной. А вось добрыя словы на адрас канкрэтных вучоных ці паведамленьні пра дасягненьні падносяцца пад соўсам «нягледзячы на агульную заганнасьць».
Часам здаецца, што супраць беларускай фармакалягічнай індустрыі ўвогуле вядзецца ўнутраная інфармацыйная вайна. Некалькі дзён таму, прыкладам, я прачытаў у фэйсбуку чарговае «беларускі парацэтамол нікому не дапамагае» ў выкананьні журналісткі. Магчыма, нейкая лябараторыя ў Беларусі ўжо і працуе ў накірунку вакцыны супраць каранавірусу. Вакцына — гэта штучна створаны фрагмэнт абалонкі вірусу. Першая частка — дасьледаваньне структуры гэтага каранавірусу — ужо зробленае. Спэцыялісты па штучных бялках у нас ёсьць. Ёсьць інфраструктура для біявыпрабаваньняў. Можна сьцьвярджаць, што тэхнічных перашкодаў няма.
Шмат нашых навукоўцаў разьехалася па сьвеце. Таму я б моцна зьдзівіўся, калі б у перадавых групах у ЗША і Эўропе не знайшлося дзясятка нашых суайчыньнікаў.