Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп заявіў на брыфінгу ў Белым доме 15 красавіка: статыстыка сьведчыць аб тым, што краіна пераадолела пік заражэньняў каранавірусам і паабяцаў ужо ў чацьвер, 16 красавіка, прадставіць «новыя асноўныя прынцыпы» будучага аднаўленьня эканамічнай дзейнасьці ў ЗША.
«Бітва працягваецца, але дадзеныя сьведчаць аб тым, што краіна прайшла пік новых заражэньняў, — сказаў Трамп. — Хоць мы мусім захоўваць пільнасьць, ясна, што нашая рашучая стратэгія працуе».
Падчас прэс-канфэрэнцыі Трампа спыталі, ці вядома яму пра паведамленьні, быццам вірус літаральна «выпушчаны з бутэлькі» ў выніку выпадковага інцыдэнту. Трамп адказаў, што ягоная адміністрацыя спрабуе высьветліць, ці ня стала крыніцай каранавірусу адна з кітайскіх біялябараторыяў ва Ўхані.
Днём раней старшыня Аб'яднанага камітэту начальнікаў штабоў Ўзброеных сілаў ЗША генэрал Марк Мілі заявіў, што, паводле амэрыканскіх выведнікаў, паходжаньне каранавірусу, хутчэй за ўсё, прыроднае і ён зьявіўся натуральным шляхам, хоць цалкам быць упэўненымі ў гэтым нельга.
Трамп на брыфінгу таксама прыгразіў прымусіць чальцоў Кангрэсу або абвясьціць перапынак у сваёй дзейнасьці, або вярнуцца ў Капітолій, нягледзячы на пандэмію каранавірусу. Ён нагадаў, што, з прычыны адсутнасьці большасьці заканадаўцаў у Вашынгтоне, Белы дом ня змог зацьвердзіць кандыдатаў у фэдэральныя судзьдзі і на іншыя ўрадавыя пасады.
«Цяперашняя практыка пакідаць горад, праводзячы фальшывыя фармальныя сэсіі — гэта невыкананьне абавязкаў, якое амэрыканскі народ ня можа сабе дазволіць падчас гэтага крызісу», — заявіў прэзыдэнт ЗША.
«Пікам эпідэміі» ў розных крыніцах называюць розныя падзеі: спыненьне росту колькасьці новых выяўленых выпадкаў вірусу за дзень, росту новых сьмерцяў за дзень або спыненьне росту колькасьці хворых проста цяпер — «актыўных выпадкаў». Ніводная з гэтых падзеяў не дае гарантыі, што пасьля таго, што палічылі пікам, адпаведны паказьнік не пачне расьці зноў.
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка казаў пра «пік эпідэміі» ў краіне 31 сакавіка, калі ў краіне пацьвердзілі 152 выпадкі COVID-19 і адну сьмерць (пасьля высьветлілася, інфікаваныя паміралі і раней). Пасьля той заявы колькасьць інфікаваных у Беларусі вырасла ў 25 разоў, прызналі ўжо 36 сьмерцяў.
У ЗША цяпер працягвае расьці колькасьць штодзённых сьмерцяў ад COVID-19 (толькі за 15 красавіка — 2482) і колькасьць «актыўных выпадкаў» (566 859 на 16 красавіка), але з пачатку красавіка колькасьць новых выпадкаў COVID-19 на дзень трымаецца ў межах 25–34 тысяч.
Доктар Дэбора Біркс з рабочай групы Белага дома адзначыла апошняе, але рэкамэндавала амэрыканцам працяваць практыку сацыяльнага дыстанцыянаваньня і выконваць рэкамэндацыі мэдыкаў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.