Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран прапануе Ўкраіне падпісаць мэмарандум аб паразуменьні ў справе зьбітага самалёта


Іран падштурхоўвае Ўкраіну падпісаць мэмарандум аб паразуменьні ў справе крушэньня ўкраінскага самалёту над Тэгеранам, які абавязвае Ўкраіну і сем’і ахвяраў адмовіцца ад зваротаў у суд. Пра гэта паведаміла іранская служба Свабоды Радыё Фарда.

Як паведамляецца, Іран накіраваў праект мэмарандуму аб паразуменьні ў Міністэрства замежных справаў Украіны, згодна зь якім Кіеў і семʼі загінулых павінны прызнаць «чалавечую памылку» як прычыну катастрофы.

Дакумэнт таксама прадугледжвае, што Ўкраіна і семʼі загінулых не павінны распачынаць супраць Ірана крымінальныя справы і судовыя разборы з патрабаваньнем кампэнсацыі і публікацыі дадзеных бартавых самапісцаў.

Міністэрства замежных справаў Украіны не адказала на просьбу Свабоды пракамэнтаваць гэтую інфармацыю.

Экспэрт у авіяцыйным праве Андрэй Гук на просьбу ўкраінскай Свабоды адзначыў, што, прапаноўваючы Ўкраіне такія дамоўленасьці, Іран можа паспрабаваць стварыць падзел паміж краінамі, грамадзяне якіх загінулі ў выніку катастрофы.

Акрамя таго, зазначыў Гук, той факт, што Іран называе чалавечую памылку як прычыну катастрофы, не азначае, што Тэгеран бярэ на сябе адказнасьць за тое, што адбылося.

Самалёт Boeing 737-800NG авіякампаніі «Міжнародныя авіялініі Ўкраіны» рэйсу PS752 з Тэгерана ў Кіеў быў забіты неўзабаве пасьля вылету раніцай 8 студзеня. Усяго ў самалёце загінулі 176 чалавек — 167 пасажыраў і 9 членаў экіпажу. Сярод загінулых — грамадзяне сямі краінаў, у тым ліку 11 украінцаў (усе 9 чальцоў экіпажу і 2 пасажыры). Толькі 11 студзеня ўлады Ірану, пасьля некалькіх дзён пярэчаньняў, афіцыйна прызналі віну ў зьбіваньні ўкраінскага самалёту паветранай абаронай праз памылку.

11 сакавіка пасол Украіны ў Канадзе Андрэй Шаўчэнка заявіў, што ўлады Ірану пагадзіліся перадаць бартавыя самапісцы Ўкраіне. Аднак пасьля гэтага не было інфармацыі пра перадачу чорных скрынь ва Ўкраіну.

Крушэньне ўкраінскага самалёту ў Іране. Што трэба ведаць

  • Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6:10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
  • Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
  • Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
  • Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.
  • Паводле першай рэакцыі іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка.
  • 11 студзеня, праз 3 дні пасьля катастрофы, прэзыдэнт Ірана Хасан Роўхані прызнаў, што іранскія вайскоўцы па памылцы зьбілі пасажырскі Boeing 737 «Міжнародных авіяліній Украіны». Ён распарадзіўся знайсьці вінаватых у гэтай трагедыі.
  • Камандуючы ваенна-касьмічнымі сіламі Ірана Амір Алі Хаджызадэ паведаміў, што апэратар супрацьпаветранай абароны Ірану самастойна вырашыў выпусьціць крылатую ракету па самалёце, ня здолеўшы звязацца з камандаваньнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG