Пракуратура Віцебскай вобласьці і Віцебская транспартная пракуратура праверылі выкананьне захадаў для зьніжэньня рызыкі пашырэньня на тэрыторыі рэгіёну каранавірусу COVID-19.
Як паведамляе Генпракуратура, высьветлілася, што належны кантроль пры арганізацыі транзытных аўтамабільных перавозак на тэрыторыі Віцебскай вобласьці не наладжаны. БелаПАН адзначае, што больш за ўсё выпадкаў інфікаваньня каранавірусам COVID-19 зарэгістравана ў Менску і Віцебскай вобласьці.
Патрабаваньні пастановы Саўміну ад 25 сакавіка «Аб мерах для прадухіленьня завозу і распаўсюджваньня інфэкцыі, выкліканай каранавірусом COVID-19» у частцы прыпынку (стаянкі) кіроўцаў міжнародных ліній на выдзеленых спэцыялізаваных месцах, як правіла, не выконваліся. Пры гэтым упаўнаважаныя дзяржаўныя органы пакінулі захаваньне такіх нормаў без кантролю.
Пракурорскія работнікі Віцебскай вобласьці выявілі факты доўгай стаянкі транзытных кіроўцаў у месцах, ня вызначаных пастановай: прыпыначных пунктах, на якіх разьмешчаны аб'екты страхаваньня, заправачных станцыях, узбочынах дарог і ў населеных пунктах.
Пры праверцы дакумэнтаў кіроўцы не выкарыстоўвалі прадметаў індывідуальнай засьцярогі — масак, пальчатак.
Па выніках праверкі пракуратура Віцебскай вобласьці запатрабавала ад начальніка абласнога філіялу Транспартнай інспэкцыі наладзіць належны кантроль над транспартам і накіравала інфармацыю начальніку УУС Віцебскага аблвыканкаму аб выяўленых парушэньнях. Выкананьне актаў рэагаваньня ўзялі на кантроль.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.