10 красавіка прадстаўнікі Сусьветнай арганізацыі здароўя (World Health Organization, WHO) азнаёміліся з захадамі дзеля пераадоленьня каранавіруснай інфэкцыі на Віцебшчыне.
У складзе дэлегацыі супрацоўнікі Эўрапейскага бюро WHO ў Капэнгагене, штаб-кватэры арганізацыі ў Жэнэве і яе прадстаўніцтва ў Беларусі. Сярод іншага, яны сустрэліся з кіраўніком аблвыканкаму Мікалаем Шарсьнёвым і наведалі мэдычныя ўстановы, піша газэта «Віцьбічы».
«Мы прынялі рашэньне абараніць насельніцтва, захаваўшы эканоміку, не спыняючы прадпрыемствы, вытворчасьць прадукцыі сельскай гаспадаркі, — адзначыў віцебскі чыноўнік. — Зачыніцца і ізалявацца значна прасьцей, ва ўмовах дзейнай эканомікі ахоўныя мерапрыемствы выконваць складаней. Лекары павінны лячыць, а ўлада — вырашаць астатнія пытаньні».
Паводле прэсавай службы Віцебскага аблвыканкаму, супрацоўнік Эўрапейскага бюро WHO Патрык О’Конар падкрэсьліў, што задача місіі ня ў тым, каб нешта кантраляваць, а перш за ўсё каб ацаніць працу мэдыкаў, зразумець, якую сыстэму захадаў рэалізуе краіна ва ўмовах пандэміі і які досьвед можа быць цікавы іншым краінам. У гэтыя дні аналягічныя місіі працуюць у Італіі і Гішпаніі.
Паводле экспэртаў, у пэрыяд распаўсюду інфэкцыі каранавірусу стаіць задача расьцягнуць працэс і не дапусьціць усплёску захворваньня з усімі нэгатыўнымі наступствамі. Адносна посьпеху ў кітайскім Ухані Патрык О’Конар сказаў, што да навінаў з гэтай правінцыі трэба ставіцца зь цьвярозым аптымізмам, бо там максымальна жорсткія меры змагла сабе дазволіць краіна зь вялікімі магчымасьцямі.
Паводле словаў экспэрта, у Эўропе таксама ёсьць шэраг краінаў, якія разглядаюць магчымасьць аслабленьня карантынных захадаў пасьля Вялікадня. Аднак афіцыйная пазыцыя WHO застаецца асьцярожнай, сказаў ён:
«Мы лічым, што і на глябальным узроўні, і на ўзроўні асобных урадаў трэба быць гатовымі, што з распаўсюдам вірусу прыйдзецца змагацца цягам 12–18 месяцаў. Цалкам магчыма, што за гэты час будуць атрыманыя эфэктыўныя вакцыны, але трэба няспынна клапаціцца аб тым, каб не было перагрузкі сыстэмы аховы здароўя і дзейнічалі ўсе іншыя бар’ерныя захады. З Азіі паступаюць паведамленьні пра магчымасьць другой хвалі. Захоўваючы аптымізм, трэба захоўваць і насьцярожанасьць. Гэта не забег на кароткую дыстанцыю. Гэта доўгі маратон», — падкрэсьліў Патрык О’Конар.
Бакі сышліся ў тым, што адзінага рэцэпту барацьбы з інфэкцыяй няма, кожная краіна выбірае найбольш прымальны для яе шлях. Пік захворваньня Беларусь і іншыя дзяржавы, хутчэй за ўсё, пройдуць цягам бліжэйшых месяцаў. Але намаганьні павінны быць пасьлядоўнымі.