Свабода задае вядомым інтэлектуалам пытаньні пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека.
Сёньня прапануем вашай увазе адказы палітоляга, галоўнай рэдактаркі інтэрнэт-выданьня «Наше мнение» Валерыі Касьцюговай.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Сьцісла
- Унівэрсальнай рацыі ў палітыцы адносна кітайскага вірусу не існуе.
- Лукашэнка даўно не залежыць ад грамадзкай думкі і ў яго няма ні магчымасьцяў, ні жаданьня яе высьвятляць
- Калі ўрады ня будуць наглядна паказваць, навошта грамадзяне ўвесь папярэдні час плацілі падаткі, хто ж будзе іх плаціць у будучыні?
- У Беларусі пытаньне, каго лячыць, нават не ўзьнікне — вы ж таксама ведаеце, каго будуць лячыць у нас у першую, другую, трэцюю і ў ніякую чаргу
- Магчымасьць палітычных пераменаў заўсёды застаецца, і хвароба таксама можа быць фактарам такіх пераменаў
- Пандэмія не прынясе істотных зьменаў ані ў склад 10 найбуйнейшых эканомік, ані ў суадносіны гэтых эканомік унутры топ-5
- Пандэмія ўнясе сур’ёзныя зьмены і ў левы, і ў правы парадак дня. На левым адабʼецца экалягічны экспэрымэнт, які зараз адбываецца, а на правым — міграцыйны
— Беларусь — адна з нешматлікіх краінаў у сьвеце, якая не прыняла жорсткіх мераў супраць пандэміі: не зачыніла межы, не закрыла школы і ВНУ, кіраўнік дзяржавы кажа, што пандэмія — гэта «псыхоз», маўляў, на трактары ніякі каранавірус ня страшны, краіна адзіная ў Эўропе правяла футбольны чэмпіянат. Падобнай жа рыторыкай карыстаецца і прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару. З кіраўнікоў іншых больш менш вядомых краінаў — здаецца, ніхто. Як вы ацэньваеце імавернасьць таго, што Лукашэнка ўсё ж мае рацыю ў сваёй амаль ні на каго не падобнай палітыцы адносна пандэміі?
— Ну як жа ні на каго не падобнай — сытуацыя ў Нікарагуа і ў ЛНР даволі падобная. Але ўнівэрсальнай рацыі ў палітыцы адносна кітайскага вірусу ня існуе. Урады сьвету прадстаўляюць увесь спэктар рэакцый, якія, наколькі можна меркаваць, залежаць ад грамадзкай думкі, іерархіі грамадзкіх каштоўнасьцяў, рэсурсаў дзяржавы і дамінуючых у канкрэтнай краіне ўяўленьняў пра эканоміку.
Лукашэнка даўно не залежыць ад грамадзкай думкі і ў яго няма ні магчымасьцяў, ні жаданьня яе высьвятляць. У іерархіі грамадзкіх каштоўнасьцяў і асабліва ў кіроўнай клясе пераважаюць каштоўнасьці эканамічнага выжываньня. Уяўленьні пра эканоміку па-ранейшаму належаць яшчэ эпосе мадэрну, яны склаліся ў СССР, калі рост вытворчасьці і ўсеагульная занятасьць уяўляліся ўласна эканомікай. Спалучэньне гэтых трох фактараў і абумовіла рашэньне, што ў дзяржавы і дзяржаўнай сыстэмы няма ані рэсурсаў, ані матывацыі для сурʼёзных абмежавальных мераў.
— Цяперашняя пандэмія на думку некаторых спараджае суровую дылему паміж выжываньнем людзей, уратаваньнем іх ад хваробы, і выжываньнем эканомікі, якая таксама ёсьць умова выжываньня людзей. Пра гэта гаворыць, прынамсі, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ды і палітыкі — прыхільнікі карантыну і локдаўну — таксама гавораць. Ці ёсьць рашэньне гэтай праблемы ў агульным выглядзе, ад чаго залежыць яе рашэньне ў той ці іншай краіне?
Як мне ўяўляецца, сучасныя эканомікі абапіраюцца найперш на зьбіральнасьць падаткаў. Таксама, акрамя «старых» эканамічных фактараў — росту вытворчасьці тавараў і паслугаў, ступені разьвіцьця інфраструктуры і ўстойлівасьці фінансавага сэктару, важную ролю адыгрываюць «новыя» фактары — перш за ўсё краінавая рэпутацыя, ад якой залежыць і максымальны канчатковы кошт вырабляемых тавараў і паслуг, і даступнасьць крэдыту.
Для лідэраў дылема яшчэ больш суровая, чым выбар паміж эканомікай росту і прадухіленьнем каляпсу сыстэмы аховы здароўя, паколькі на другім баку ўраўненьня аказваецца выжываньне людзей, краінавая рэпутацыя і падатковая дысцыпліна. Бо калі ўрады не будуць наглядна паказваць, навошта грамадзяне ўвесь папярэдні час плацілі падаткі, хто ж будзе іх плаціць у будучыні?
І як наагул у далейшым забясьпечваць ляяльнасьць грамадзянаў да дзяржаваў, якія ўхіліліся ад дапамогі грамадзянам? Доступ жа да міжнароднага гандлю заўсёды залежаў ад краінавай рэпутацыі, менавіта таму Кітай зрабіў усе магчымыя «кніксэны» і рэвэрансы на адрас міжнароднай супольнасьці, каб не пашкодзіць рэпутацыі сваіх тавараў і паслуг.
Да ўсяго сказанага, на мой погляд, канкрэтна ў Беларусі выбар нават у рамках старой эканамічнай парадыгмы на карысьць эканомікі парадаксальны. У той час як попыт на большасьць тавараў, за выключэньнем мэдычных, харчовых і лічбавых, рэзка скарачаецца, запаволеньне эканамічнай актыўнасьці ў тых краінах, дзе яно ажыцьцяўляецца, збольшага кампэнсуецца скарачэньнем матэрыяльных выдаткаў. У Беларусі ж выдаткі вытворчага сэктару застаюцца тымі ж, адпаведна, даходы эканомікі стануць яшчэ ніжэй. Хоць, наша эканоміка ніколі і не была пра даходы.
— Ці не мяняе разуменьне гуманнасьці гэтая дылема? Ці не мяняе разуменьне гуманнасьці пікавыя перагрузкі шпіталёў хворымі, недахоп неабходнага мэдычнага абсталяваньня — калі даводзіцца рабіць выбар — каго лячыць?
— Ну ў Беларусі пытаньне, каго лячыць, нават не ўзьнікне — вы ж таксама ведаеце, каго будуць лячыць у нас у першую, другую, трэцюю і ў ніякую чаргу. Тут уласныя ўяўленьні аб гуманнасьці, зрэшты, як і паўсюль. Іншая справа, што гэтая эпідэмія, наколькі я магу судзіць, найбольш маральна востра ўспрымаецца ў найбольш культурна багатых грамадзтвах (і ў тых, якія арыентуюцца на іх), для якіх як раз характэрна высокая працягласьць жыцьця, значны сэктар эканомікі, які абапіраецца на ўжо непрацуючых, і асаблівая грамадзкая каштоўнасьць «трэцяга ўзросту».
— На ваш погляд, ці магчымыя ў Беларусі кардынальныя палітычныя зьмены, калі, насуперак перакананьні прэзыдэнта Лукашэнкі, эпідэмія ў краіне набудзе значныя маштабы?
— На мой погляд, магчымасьць палітычных пераменаў заўсёды застаецца, і хвароба таксама можа быць фактарам такіх пераменаў. Мне здаецца вартым чакаць, што ў многіх краінах паскорацца працэсы пераразьмеркаваньня ўлады, а ў некаторых — пройдуць палітычныя прота-рэвалюцыі, якія, вядома ж, неабавязкова будуць мець посьпех.
— Ужо зараз эканамічныя экспэрты фіксуюць падзеньне ўсясьветнай эканомікі, і прагназуецца далейшае падзеньне — спрэчкі толькі пра тое, наколькі глыбокім ён будзе. Хто з гэтага віру выйдзе пераможцам ці хаця б хто прайграе менш за іншых — ЗША, Кітай, ЭЗ, Расея?
— Мне здаецца, што пандэмія не прынясе істотных зьменаў ані ў склад 10 найбуйнейшых эканомік, ані ў суадносіны гэтых эканомік унутры топ-5, прынамсі, у бліжэйшыя 10 гадоў.
— І ці чакаеце вы ў выніку крызісу вялікай, усясьветнай вайны?
— Не сказаць, каб я была настолькі крыважэрная, каб чакаць усясьветнай вайны. Аднак, мяркую, што рэпутацыйныя страты шэрагу дзяржаў у ходзе пандэміі прывядуць да росту злачыннасьці і неляяльнасьці, лякальных грамадзянскіх, а затым і лякальных ваенных канфліктаў.
— Як пандэмія ўжо мяняе і яшчэ памяняе сьвет у сэнсе інтэлектуальнай моды? Якія ідэалёгіі, вераваньні набудуць большую папулярнасьць, як сьвет сам сабе будзе тлумачыць, што зь ім адбываецца?
— Думаю, мяне яшчэ больш будзе цікавіць разьвіцьцё культурных трэндаў з фокусам на ізаляцыі, спэцыфіцы групавой сацыяльнай дынамікі ў замкнёных прасторах, праблемах «трэцяга ўзросту». Амаль упэўненая, што гэтыя напрамкі атрымаюць дадатковы стымул. Цікава будзе паглядзець, наколькі рэакцыя на пандэмічны крызіс карэлявала зь іерархіяй грамадзкіх каштоўнасьцяў у розных краінах, думаю, што дасьледаваньні каштоўнасьцяў стануць яшчэ больш папулярнымі.
Але думаю таксама, што будзе павялічвацца папулярнасьць кансьпіралягічных тлумачальных мадэляў.
Яшчэ думаю, што пандэмія ўнясе сурʼёзныя зьмены і ў левы, і ў правы парадак дня. На левым адабʼецца экалягічны экспэрымэнт, які зараз адбываецца, выкліканы зьніжэньнем эканамічнай актыўнасьці, а на правым — міграцыйны.
— Пандэмія спараджае ў сьвеце і прыклады салідарнасьці, узаемадапамогі, ахвярнасьці і прыклады эгаізму, прама лягерным законе — памры ты сёньня, а я — заўтра. А чаго больш? І чаго будзе больш далей?
— Мне здаецца, што прыкладаў салідарнасьці больш, але хутчэй за ўсё гэта асаблівасьці майго бачаньня.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ