Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры польская пісьменьніца Вольга Такарчук у сваім эсэ на партале culture.pl разважае пра тое, як пандэмія каранавірусу зьмяняе наш сьвет.
З майго акна я бачу белую шаўкоўніцу, дрэва, якое зачароўвае мяне і было адной з прычынаў таго, чаму я жыву тут. Шаўкоўніца — шчодрая расьліна, усю вясну і лета яна корміць дзясяткі птушыных сем’яў сваімі салодкімі і карыснымі пладамі. Аднак цяпер шаўкоўніца ня мае лісьця, таму я бачу кавалак ціхай вуліцы, па якой рэдка хто ходзіць, ідучы ў бок парку. Надвор’е ва Ўроцлаве амаль летняе, сьвеціць сьляпучае сонца, неба блакітнае, а паветра чыстае. Сёньня, калі я выгульвала сабаку, я бачыла дзьвюх сарокаў, якія адганяюць саву ад свайго гнязда. Мы з савой глядзелі адна адной у вочы з адлегласьці няцэлага мэтра.
У мяне такое ўражаньне, што жывёлы таксама чакаюць, што цяпер будзе.
Для мяне ўжо даўно сьвету было аж зашмат. Зашмат, захутка, загучна.
Так што ў мяне няма «траўмы ізаляцыі» і я не пакутую ад таго, што не сустракаюся зь людзьмі. Я не шкадую, што закрылі кінатэатры, мне ўсё роўна, што не працуюць гандлёвыя цэнтры. Я хвалююся толькі, калі падумаю пра ўсіх тых, хто страціў працу. Калі я даведалася пра прафіляктычны карантын, я адчула нейкую палёгку і ведаю, што многія людзі адчуваюць тое самае, хоць ім за гэта і сорамна. Мая інтравэртнасьць, якую доўга ўціскаў і катаваў дыктат гіпэрактыўных экстравэртаў, абтрэслася і выйшла з шафы.
Я гляджу праз акно на суседа, запрацаванага адваката — я яшчэ нядаўна бачыла, як ён раніцай выяжджаў у суд зь перакінутай праз плячо тогай. Цяпер ён у мешкаватым спартовым касьцюме змагаецца з гальлём у садзе, мабыць, узяўся за прыборку. Бачу пару маладых людзей, якія выгульваюць старога сабаку, які амаль ня ходзіць зь мінулай зімы. Сабака хістаецца на нагах, і яны цярпліва ідуць побач самым павольным крокам. Сьмяцярка зь вялікім грукатам зьбірае сьмецьце.
Жыцьцё працягваецца, а як інакш, але ў зусім іншым рытме. Я прыбрала ў шафе і вынесла перачытаныя газэты ў кантэйнэр для паперы. Перасадзіла кветкі. Забрала ровар з рамонту. З прыемнасьцю гатую ежу.
Настойліва вяртаюцца да мяне карцінкі зь дзяцінства, калі было значна больш часу і яго можна было «марнаваць»: гадзінамі глядзець у акно, разглядаць мурашак, ляжаць пад сталом, уяўляючы, што гэта каўчэг. Або чытаць энцыкляпэдыі.
Хіба ж ня сталася так, што мы вярнуліся да нармальнага рытму жыцьця? Што ня вірус — парушэньне нормы, а якраз наадварот — ненармальным быў той мітусьлівы сьвет да вірусу?
Бо ж вірус нагадаў нам тое, што мы так жарсна адмаўлялі — што мы кволыя істоты, зробленыя з самай далікатнай матэрыі. Што мы паміраем, што мы сьмяротныя.
Што мы не аддзеленыя ад сьвету сваёй «чалавечнасьцю» і выключнасьцю, але што сьвет — гэта нібы нейкая вялікая сетка, у якую мы ўплеценыя, зьвязаныя зь іншымі існаваньнямі нябачнымі ніткамі залежнасьцяў і ўплываў. Што мы залежым адны ад адных і незалежна ад таго, зь якіх далёкіх краёў мы паходзім, на якой мове размаўляем і якога колеру ў нас скура, мы аднолькава захворваем на хваробы, аднолькава баімся і аднолькава паміраем.
Ён даў нам зразумець, што незалежна ад таго, наколькі слабымі і ўразьлівымі мы сябе адчуваем, вакол нас ёсьць людзі, якія яшчэ слабейшыя і маюць патрэбу ў дапамозе. Ён нагадаў, наколькі далікатныя нашы старыя бацькі, бабулі і дзядулі і наколькі ім належыцца нашая апека.
Ён паказаў нам, што наша ліхаманкавая рухлівасьць пагражае сьвету. І выклікаў тое самае пытаньне, якое мы рэдка наважваліся сабе задаць: чаго мы насамрэч шукаем?
Вось жа страх перад хваробай вырваў нас з зачараванага кола і па неабходнасьці нагадаў нам пра існаваньне гнёздаў, з якіх мы паходзім і ў якіх мы адчуваем сябе ў бясьпецы. І нават калі мы былі найбольшымі падарожнікамі, у такой сытуацыі, як гэтая, мы заўсёды будзем імкнуцца да нейкага дому.
Тым самым нам адкрыліся сумныя праўды — што ў момант пагрозы мысьленьне вяртаецца ў замкнутыя і эксклюзіўныя катэгорыі нацыяў і межаў. У гэты цяжкі момант аказалася, наколькі слабая на практыцы ідэя эўрапейскай супольнасьці. Эўразьвяз фактычна здаў матч бяз бою, дэлегаваўшы прыняцьце рашэньняў у часы крызісу нацыянальным дзяржавам. Я лічу закрыцьцё дзяржаўных межаў самай вялікай паразай гэтага марнага часу — вярнуліся старыя эгаізмы і катэгорыі «свае» і «чужыя» — з чым мы змагаліся апошнія гады з надзеяй, што ніхто ўжо больш ня будзе фарматаваць наш розум. Страх перад вірусам аўтаматычна выклікаў самае простае атавістычнае перакананьне, што вінаватыя нейкія чужынцы і што яны заўсёды аднекуль прыносяць пагрозу. У Эўропу вірус трапіў «аднекуль», ён ня наш, ён чужы. У Польшчы падазраванымі сталі ўсе тыя, хто вяртаецца з-за мяжы.
Хваля замыканьня межаў, жахлівыя чэргі на памежных пунктах, мабыць, былі шокам для многіх маладых людзей. Вірус нагадвае: межы існуюць і маюцца добра.
Я таксама баюся, што вірус неўзабаве нагадае нам пра іншую старую ісьціну: наколькі мы няроўныя. Адныя з нас паляцяць прыватнымі самалётамі ў дамы на востраве альбо на самоту ў лесе, а іншыя застануцца ў гарадах, каб абслугоўваць электрастанцыі і водаправод. Трэція будуць рызыкаваць здароўем, працуючы ў крамах і шпіталях. Адны заробяць на эпідэміі, іншыя страцяць усё, што зарабілі за жыцьцё. Крызіс, які надыходзіць, можа падарваць тыя прынцыпы, якія здаваліся нам стабільнымі; многія краіны ня справяцца зь ім, і пры іх распадзе абудзяцца новыя парадкі, як гэта часта бывае пасьля крызісаў. Мы сядзім дома, чытаем кнігі і глядзім сэрыялы, але насамрэч мы рыхтуемся да вялікай бітвы за новую рэальнасьць, якую мы ня можам нават сабе ўявіць, паволі разумеючы, што нічога ўжо ня будзе такім, як раней. Сытуацыя прымусовага карантыну і ўвязьненьня сям’і ў хатняй казарме можа прымусіць нас усьвядоміць тое, чаго мы зусім не хацелі б прызнаваць: што сям’я нас катуе, што шлюбныя сувязі ўжо даўно спарахнелі. Нашы дзеці выйдуць з карантыну з інтэрнэт-залежнасьцю, і шмат хто з нас усьвядоміць бессэнсоўнасьць і бясплённасьць сытуацыі, у якой мы мэханічна і па інэрцыі існуем. А што калі ў нас вырасьце колькасьць забойстваў, самагубстваў і псыхічных хваробаў?
На нашых вачах растае, як дым, цывілізацыйная парадыгма, якая фармавала нас апошнія дзьвесьце гадоў: што мы — валадары сусьвету і можам усё, і што нам належыць сьвет.
Надыходзяць новыя часы.