Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Богдан: Беларусі ў барацьбе з пандэміяй рызыкоўна малпаваць навакольны сьвет


Сяргей Богдан
Сяргей Богдан

Свабода задае вядомым інтэлектуалам пытаньні пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека.

Сёньня прапануем вашай увазе адказы доктара палітычных навук, навуковага супрацоўніка Свабоднага ўнівэрсытэту Бэрліну Сяргея Богдана.

— Беларусь — адна з нешматлікіх краінаў у сьвеце, якая не прыняла жорсткіх мераў супраць пандэміі: не зачыніла межы, не закрыла школы і ВНУ, кіраўнік дзяржавы кажа, што пандэмія — гэта «псыхоз», маўляў, на трактары ніякі каранавірус ня страшны, краіна адзіная ў Эўропе правяла футбольны чэмпіянат. Падобнай жа рыторыкай карыстаецца і прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару. З кіраўнікоў іншых больш менш вядомых краінаў — здаецца, ніхто. Як вы ацэньваеце імавернасьць таго, што Лукашэнка ўсё ж мае рацыю ў сваёй амаль ні на каго не падобнай палітыцы адносна пандэміі?

— Мне давялося назіраць барацьбу з пандэміяй у Нямеччыне, Іране і Расеі. Замест адраснага ратаваньня самых уразьлівых ды імклівай лякалізацыі агмянёў, бачыў збольшага размазаныя па ўсім грамадзтве, дарагія захады, часам амаль рытуальныя. Таму выснова ў мяне старая. Сёньняшняе змаганьне зь немаччу ізноў паказала, што сучасная палітыка часьцяком мала зьвязаная з навукова абгрунтаванымі падыходамі, арыентаванымі на дзейснае вырашэньне пытаньняў.

Захады, прынятыя заходнімі палітыкамі, ужо ня кажучы пра постсавецкія краіны, наўрад ці больш рацыянальныя за тое, што робіць Менск. Зрэшты, вінаваціць толькі палітыкаў таксама цяжка — у грамадзтве няма адпаведнага попыту. Цікавая сытуацыя была, калі профільны Інстытут Робэрта Коха ў Нямеччыне цьвёрда заявіў, што няма навуковых падстаў для абавязковага нашэньня масак, а іх усё адно пачалі прапагандаваць і нават уводзіць — прычым у Ене дайшлі да абсурду, вымагаючы проста ўвогуле любыя маскі або неяк захінуць шарфам ці хусткай рот (што бессэнсоўна), калі жадаеш зайсьці ў краму. Празь нейкі час Інстытут Коха вымушаны быў ухваліць маскі, толькі зьбянтэжана дадаўшы кароткі сказ, маўляў, навуковых падстаў няма, але... Што гэта, калі не маніпуляцыя грамадзтвам, ахопленым страхам перад хваробай?

Затое прыляцеўшы 21 сакавіка ў Нямеччыну, ужо калі пачаліся карантынныя захады, я зьдзіўлена адцеміў, што ў бэрлінскім аэрапорце ані тэмпэратуры не правяралі, ані пыталіся, скуль лячу. Ці яшчэ — мая сям’я якраз-такі захварэла, але спачатку яны фізычна не маглі паехаць на тэст у клініку праз высокую тэмпэратуру, а калі ачунялі і паехалі — тэст ім праводзіць адмовіліся, бо, маўляў, у вас тэмпэратуры няма. А бальнічны запытаеце ў лекара па тэлефоне! Гэта было ў Бэрліне, паўтаруся. Ці можна тут гаварыць пра эфэктыўнае прадухіленьне распаўсюду віруса? І што там кажуць пра схаваную кітайцамі ці іранцамі статыстыку?

Карацей, калегі Лукашэнкі ў іншых краінах рэагуюць хутчэй ня ўласна на вірус, а на масавую скрайнюю занепакоенасьць, якая пагражае палітычнымі наступствамі. Апошняя не была распазнаная як штосьці анамальнае, бо гэтым разам яе прырода зьвязаная і з зусім навачаснымі тэхналягічнымі зьмяненьнямі (якія зрабілі магчымым некантраляваны распаўсюд часта сумнеўнай інфармацыі, здатнай выклікаць паніку), і з перакшталтаваньнем грамадзтва ў пляне каштоўнасных арыентацыяў.

Я маю на ўвазе зьяўленьне ўсё большага пласту людзей, чый экзыстэнцыйны досьвед мізэрны, умоўна кажучы, сьмерць і пакуты для іх не настолькі знаёмыя, як яшчэ пару пакаленьняў таму, і таму цяперашняя навала выглядае нейкім канцом сьвету.

Таксама варта адзначыць заняпад навуковай галіны і месца навукі (нават у заможнай Нямеччыне — апошнія гады назіраў зблізу, як рыхтуецца скасаваць дзеля ашчаджэньня сродкаў цэлыя дэпартамэнты ўсходнебэрлінскі ўнівэрсытэт Гумбальта, а заходнебэрлінскі Вольны ўнівэрсытэт распрадаваў нерухомасьць — абодва не апошнія ВНУ ў сьвеце).

Некалі быў такі жарт, што радыкальныя ісламісты мяркуюць — навошта нам кампутары, калі ў нас ёсьць вярблюды. Дык вось у сучасным грамадзтве мусіць дэвіз падобны — навошта нам ВНУ і фундамэнтальная навука, калі ў нас ёсьць Ілан Маск, Гугл і Ютуб.

— Цяперашняя пандэмія на думку некаторых спараджае суровую дылему паміж выжываньнем людзей, уратаваньнем іх ад хваробы, і выжываньнем эканомікі, якая таксама ёсьць умова выжываньня людзей. Пра гэта гаворыць, прынамсі, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ды і палітыкі — прыхільнікі карантыну і локдаўну — таксама пра гэта гавораць. Ці ёсьць рашэньне гэтай праблемы ў агульным выглядзе, ад чаго залежыць яе рашэньне ў той ці іншай краіне?

— Цяперашнія захады па барацьбе зь вірусам здатныя прычыніць больш стратаў, чым сам вірус. Нават калі браць толькі чалавечыя ахвяры. Але замераць вынікі ўзьдзеяньня такога кшталту структурных чыньнікаў цяжэй, чым падлічыць колькасьць памерлых ад вірусу. Ясна, што сьвет зараз бадзёра шыбуе да эканамічнага каляпсу. І нават калі пакінуць у баку апакаліптычныя варыянты, то проста рэзкі эканамічны спад і інфляцыя (нават на Захадзе — глядзім на аб’ёмы надрукаваных грошай) здатныя загнаць у труну тысячы й тысячы людзей. Каб даведацца, што нас чакае, варта прыгадаць сусьветную эканамічную крызу 1929 году.

— Ці не мяняе разуменьне гуманнасьці гэтая дылема? Ці не мяняе разуменьне гуманнасьці пікавыя перагрузкі шпіталёў хворымі, недахоп неабходнага мэдычнага абсталяваньня — калі даводзіцца рабіць выбар — каго лячыць?

— Разуменьне гуманнасьці мяняецца ўвесь час. Але апісаны выбар — нешта экстраардынарнае і ў навіну выключна для заможных заходніх краінаў. У рэшце сьвету якраз наяўнасьць грошай і іншыя мэркантыльныя меркаваньні і вызначаюць, каго ратаваць, а каго — не.

— На ваш погляд, ці магчымыя ў Беларусі кардынальныя палітычныя зьмены, калі, насуперак перакананьні прэзыдэнта Лукашэнкі, эпідэмія ў краіне набудзе значныя маштабы?

— Калі гістэрыя набярэ значныя маштабы, многія ўрады могуць ляснуцца. Бо давядзецца выдаткоўваць апошнія грошы на тле эканамічнага каляпсу нават на відавочна непатрэбныя ці неэфэктыўныя захады, абы пазьбегнуць «вірусных бунтаў».

Гэта добра відаць зараз па Іране, дзе праблема не ў памерлых, а ў тым, як гэта ўспрымаецца грамадзтвам. А яно там па каштоўнасных спажывецкіх арыентацыях на геданістычны лад жыцьця не асабліва адрозьніваецца ад заходняга. Таму ўрад і выграбае апошнія грошы з недатыкальных запасаў і раздае сродкі, эфэктыўнасьць якіх незразумелая, бо захворваемасьць расьце. Анягож людзі там ня тое што ў масках ходзяць, але нават і ў пальчатках, паранаідальна мыюць і спэцсродкамі, і простай вадой спрэс усё (расходы вады такія, што ўстановы перасьцерагаюць, што Тэгерану можа не застацца вады на лета!) — а колькасьць выпадкаў павялічваецца.

Сьвятары наведваюць хворых на каранавірус, Тэгеран
Сьвятары наведваюць хворых на каранавірус, Тэгеран

Эканамічныя наступствы захадаў па барацьбе з эпідэміяй велізарныя — у Нямеччыне эканамічны спад за 1 квартал амаль 10%, а было толькі пару тыдняў карантыну. Цэлыя галіны эканомікі ляглі і ня ўстануць безь мільярдных датацыяў. І на мікраўзроўні тэндэнцыі адпаведныя: прыватны бізнэс тут жа пасьля пачатку карантыну пачаў падвышаць цэны на самыя неабходныя харчовыя тавары.

СМІ ж вяшчаюць толькі пра страхі эпідэміі і якія б яшчэ абмежаваньні ўвесьці — амаль не закранаючы праблемы таго, што на тле страты многімі даходаў, росту цэнаў і друкаваньня новых грошай менш заможныя грамадзяне могуць зьбяднець дашчэнту. У такой сытуацыі глеба пад небясьпечны папулізм пасьля таго, як пачнуць адчувацца наступствы сёньняшняй палітыкі — ідэальная.

І тое ў заможнай краіне, дзе ёсьць запасы, і дзе ёсьць мэханізмы стрымліваньня папулізму і экстрэмізму. Беларусь жа ня мае такіх запасаў трываласьці і грошай, таму для яе пагатоў рызыкоўна малпаваць навакольны сьвет. Але калі гістэрыю раскруціць, то можна і Менск прымусіць да такіх самых дзеяньняў сумнеўнай эфэктыўнасьці, што могуць дэстабілізаваць існуючую палітычную сыстэму.

— Ужо зараз эканамічныя экспэрты фіксуюць падзеньне ўсясьветнай эканомікі, і прагназуецца далейшае падзеньне — спрэчкі толькі пра тое, наколькі глыбокім ён будзе. Хто з гэтага віру выйдзе пераможцам ці хаця б хто прайграе менш за іншых — ЗША, Кітай, ЭЗ, Расея?

— Усе пералічаныя краіны — па вушы глябалізаваныя ва ўсіх сэнсах. Таму пацерпяць ад сёньняшняй сытуацыі ўсе. Але вынікам будзе не вяртаньне да больш сувэрэнных дзяржаў — але да расхістваньня дзяржаваў далей, яны аслабнуць. Бо за ўсе сёньняшнія захады плацяць дзяржавы — і нават заможная Нямеччына здымае абмежаваньні па ўзроўні дапушчальнай запазычанасьці.

Аслаблыя дзяржавы найперш скінуць сацыяльныя функцыі, адукацыю, ахову здароўя (як ні парадаксальна!) — бо інтарэсы слабейшых сацыяльных слаёў у апошнія гады няма каму адстойваць. Частка гэтых функцыяў будзе прыватызаваная і камэрцыялізаваная. Паўстане і новая эканоміка — з большым кантролем эканомікі ды і грамадзтва з боку новых карпарацый, пераразьмеркаваньнем багацьця з экспрапрыяцыяй грошай дробнага бізнэсу і шэраговых грамадзянаў, новай канфігурацыяй глябальнай эканомікі, міжнароднай супрацы і эканамічнага ўзаемадзеяньня ды інш.

— Ці чакаеце вы ў выніку крызісу вялікай, усясьветнай вайны?

— Вялікай не (няма каму!), але новых гарачых кропак — так. Нават не такія вялікія прыродныя катастрофы канца 2000-х ладна паспрыялі «Арабскай вясьне» 2011 году. А тут маштаб куды большы. Напрыклад, на Блізкім Усходзе ўжо відаць значныя зрухі — крышыцца «Шыіцкі паўмесяц», ушчэнт развальваецца палестынскі праект — а новая пошасьць «штурхане падаючага».

— Як пандэмія ўжо мяняе і яшчэ памяняе сьвет у сэнсе інтэлектуальнай моды? Якія ідэалёгіі, вераваньні набудуць большую папулярнасьць, як сьвет сам сабе будзе тлумачыць, што зь ім адбываецца?

— Архаізацыя мысьленьня грамадзян і грамадзкага дыскурсу парадаксальным чынам будзе накладацца на рост сацыяльнага кантролю з боку непадлеглых дэмакратычнаму кантролю структураў. Расьце роля сродкаў камунікацыі і інфармаваньня празь інтэрнэт, але мяняюцца і паводзіны дзяржаўных структураў. Ужо зараз відаць, як нават у даволі высокаадукаваным нямецкім грамадзтве рытуальным чынам выконваюцца нават бессэнсоўныя загады, прычым з энтузіязмам і гатовасьцю пайсьці і на новыя абмежаваньні (толькі тэхнічныя дэталі замінаюць увядзеньню адсочваньня па сотавым — вядома, выключна ў інтарэсах тых, за кім сочаць).

Пра Ўсходнюю Эўропу і гаварыць няма чаго — карцінкі з Масквы неўзабаве можна будзе выкарыстоўваць для ілюстраваньня Оруэлавага «1984». Прычым абмяжоўваюцца базавыя рэчы, якія абыходзяць кожнага грамадзяніна і часта наўпрост шкодзяць яго здароўю — забарона індывідуальнага вольнага перасоўваньня нават у ваколіцах рацыянальна барацьбой супраць вірусу не абгрунтуеш. Але калі можна абмежаваць такое — пагатоў можна і больш абстрактныя правы.

— Пандэмія спараджае ў сьвеце і прыклады салідарнасьці, узаемадапамогі, ахвярнасьці і прыклады эгаізму, прама паводле гулагаўскага закону — памры ты сёньня, а я — заўтра. А чаго больш? І чаго будзе больш далей?

— Пандэмія паглыбіць ранейшыя тэндэнцыі — на атамізацыю грамадзтва, спажывецкую веру ў вырашэньне праблемаў матэрыяльнымі сродкамі, аслабленьне дзяржавы і буйных грамадзкіх структураў, архаізацыю і прымітывізацыю мысьленьня, грамадзкага дыскурсу і палітыкі пад узьдзеяньнем новых камунікацыйных магчымасьцяў, распад цэласных ідэалёгіяў. На зьмену ідуць больш прымітыўныя і абмежаваныя альтэрнатывы.

Тыя ж валянтэры — гэта дабрачыннасьць, якая ня можа ўстойліва вырашыць аніводнай сур’ёзнай праблемы. Для таго патрэбныя грамадзкія рухі з цэласнымі ідэйнымі плятформамі і дзяржавы, здатныя ажыцьцяўляць структурныя рэформы. Але зараз тэндэнцыі дакладна ня ў гэты бок разьвіваюцца. Прыклад Бэрні Сандэрса ілюструе гэта як найлепш — нават пандэмія ня змусіла людзей зацікавіцца разьвіцьцём грамадзкай сыстэмы аховы здароўя.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG