Найгоршы этап пандэміі каранавірусу ў Нью-Ёрку, магчыма, мінуў, заявіў у панядзелак, 13 красавіка губэрнатар штату Нью-Ёрк Эндру Куома.
Падчас штодзённага прэс-брыфінгу ён паведаміў, што атрымалася «ўзяць пад кантроль распаўсюджваньне інфэкцыі». Мяркуючы па ўсім, «найгоршае ў мінулым, калі мы будзем працягваць дзейнічаць разумна», сказаў губэрнатар.
У той час, як колькасьць памерлых у штаце ад COVID-19 перавысіла 10 тысяч чалавек, колькасьць сьмяротных выпадкаў пачала зьніжацца, лік пацыентаў, шпіталізаваных з дыягназам COVID-19, таксама пайшоў на спад.
Губэрнатар лічыць, што амаль поўнае прыпыненьне эканамічнай актыўнасьці, закрыцьцё школ і ўнівэрсытэтаў, карантынныя захады дапамаглі стрымаць распаўсюд каранавірусу.
Адначасова Эндру Куома паведаміў, што ён сурольна з губэрнатарамі шасьці суседніх штатаў рыхтуе плян паступовага аднаўленьня працы фірмаў і прадпрыемстваў. Дэталі пляну пакуль невядомыя, але ён пачне ажыцьцяўляцца толькі пасьля маштабнага тэставаньня жыхароў штатаў з тым, каб атрымаць яснае ўяўленьне аб узроўні заражэньня.
Ня выключана, што першымі да працы змогуць вярнуцца тыя, хто перахварэў на COVID-19 і атрымаў імунітэт да гэтай інфэкцыі. Нічога не гаворыцца пра тое, калі гэты плян пачне ажыцьцяўляцца.
На момант публікацыі ў ЗША пацьвердзілі 587 тысяч выпадкаў COVID-19 і 23 644 сьмерці інфікаваных (паводле абодвух паказьнікаў — першае месца ў сьвеце). За 13 красавіка там зафіксавалі 26 641 новы выпадак COVID-19 і 1535 новых сьмерцяў. У штаце Нью-Ёрк найбольш інфікаваных і памерлых у ЗША: 195 655 хворых і 10 056 памерлых.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.