Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўная царква заклікала хворых вернікаў не хадзіць у храм і ўхваліла прафіляктычную самаізаляцыю


Абразы ў праваслаўнай царкве Уваскрасеньня Хрыстова ў Ашмянах
Абразы ў праваслаўнай царкве Уваскрасеньня Хрыстова ў Ашмянах

Беларуская праваслаўная царква раіць хворым людзям не хадзіць у храмы і ўхваляе паводзіны тых, хто перайшоў у самаізаляцыю для прафіляктыкі. Сынод БПЦ зьвярнуўся да вернікаў у сувязі з каранавірусам.

У звароце гаворыцца, што колькасьць беларусаў, хворых на каранавірус, перавысіла 1000 людзей, ёсьць памерлыя.

Сынод БПЦ заклікаў сьвятароў і вернікаў строга прытрымлівацца санітарных нормаў, рэкамэндаваных Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. Людзям з сымптомамі сэзонных вірусных захворваньняў (падвышаная тэмпэратура цела, насмарк, боль у горле, цяжкасьці з дыханьнем) царква раіць устрымацца ад удзелу ў грамадзкіх набажэнствах, зьвярнуцца да лекараў і строга прытрымлівацца іх указаньняў.

«Сьвецкім, якія дзеля клопату пра здароўе блізкіх пераходзяць на рэжым самаізаляцыі і ў сувязі з гэтым прыпыняюць свой удзел у грамадзкіх набажэнствах на час эпідэміі, такія паводзіны не залічваюцца за грэх», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

БПЦ нагадала, што ладзяцца онлайн-трансьляцыі набажэнстваў. Кожны можа прыняць удзел у малітве праз інтэрнэт. У звароце адзначана, што цэрквы ня будуць зачыняцца.

Кіраўніцтва БПЦ настойліва рэкамэндуе сьвятарам асьвячаць вербы на Вербніцу і сьвяточныя стравы перад Вялікаднем выключна на тэрыторыі на адкрытым паветры каля царквы.

Вернікаў просяць маліцца, каб спынілася пашырэньне каранавірусу. У цэрквах штодня ў пэўныя гадзіны будуць званіць званы, як заклік да гэтай малітвы. Да таго ж, царква ўхваліла ўсе формы дапамогі лекарам у гэты час.

«Кожны з нас у сытуацыі, якая склалася, закліканы зноўку ўсьвядоміць каштоўнасьць і крохкасьць чалавечага жыцьця. Надышоў час зьяднацца... Зараз вельмі важна, каб кожны пастараўся крыху менш думаць пра сябе і крыху больш клапаціцца пра блізкіх», — гаворыцца ў звароце Сыноду БПЦ.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG