Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ісьці ў храм ці не — справа сумленьня кожнага». Што сьвятары ў правінцыі кажуць людзям перад вялікімі сьвятамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі штодня павялічваецца колькасьць выпадкаў заражэньня каранавірусам, але ўлады адмовіліся ад усеагульнага карантыну. Напярэдадні вялікіх рэлігійных сьвятаў — Вялікадня ў каталікоў і пратэстантаў і Вербніцы ў праваслаўных — Свабода пацікавілася ў сьвятароў у розных рэгіёнах Беларусі, што яны робяць і кажуць вернікам у сувязі з эпідэміяй каранавірусу.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Кіраўніцтва каталіцкай царквы ў Беларусі заклікала вернікаў адсьвяткаваць Вялікдзень дома (не хадзіць у храмы). Беларуская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату абмежавалася правіламі прафіляктыкі каранавірусу. Аб’яднаная царква хрысьціянаў веры Эвангельскай у Беларусі (пратэстанты) таксама не выказвалася пра захады дыстанцыяваньня перад сьвятамі. Што кажуць вернікам сьвятары розных канфэсій у невялікіх гарадах і мястэчках?

Вернікі каталіцкага касьцёлу ў Ашмянах падчас службы ў Вербную нядзелю
Вернікі каталіцкага касьцёлу ў Ашмянах падчас службы ў Вербную нядзелю

Дзьмітры Сьвірыд, пастар царквы хрысьціян веры эвангельскай «Галгофа» (Слаўгарад, Магілёўская вобласьць)

«Вернікам сталага веку раім заставацца дома, бо яны ўразьлівыя перад каранавірусам. Тыя, хто мае праблемы са здароўем, і дзеці таксама могуць не хадзіць на службы. Астатняя ж паства сама вырашае, ці хадзіць ёй у царкву».

Па словах сьвятара, зь Менску даведзеныя парады, як праводзіць дзействы, якія вымагаюць шчыльнага кантакту між людзьмі. Напрыклад, абрад «Ламаньне хлеба» павінен праходзіць у пальчатках. На службе замест традыцыйных кубкаў трэба выкарыстоўваць аднаразовы посуд. Рэкамэндавана пазьбягаць поціскаў рук і абавязкова мыць рукі.

Дзьмітры Сьвірыд кажа: у Слаўгарадзе малітоўня невялікая і службы ў ёй непрацяглыя, таму неабходнасьці ў санітарнай апрацоўцы памяшканьня не ўзьнікала. Цяпер на службы прыходзіць дзясятак вернікаў. Раней зьбіралася больш за 20.

Іерэй Сергій Карасьцялёў, настаяцель праваслаўнага храма Ўваскрасеньня Хрыстовага (Крычаў, Магілёўская вобласьць)

Праваслаўны храм Уваскрасеньня Хрыстовага ў Крычаве, архіўнае фота
Праваслаўны храм Уваскрасеньня Хрыстовага ў Крычаве, архіўнае фота

«Пакуль багаслужбы праходзяць у звычайным рэжыме і пытаньне пра закрыцьцё цэркваў не разглядаецца. Калі Госпад спадобіць, зь Ягонай ласкі багаслужэньні будзем працягваць».

Па ягоных словах, згодна з зацьверджанымі у Менску парадамі вернікаў заклікаюць уважліва ставіцца да здароўя. Калі зьяўляюцца прыкметы вірусных хваробаў — ўстрымлівацца ад наведваньня храма, каб «не заражаць іншых», і неадкладна зьвяртацца да мэдыкаў. У саміх цэрквах выконваюцца санітарныя нормы і праводзіцца дэзынфэкцыя.

Сьвятар кажа: цяпер людзей стала меней хадзіць у храмы. Нямала вернікаў на багаслужэньнях у масках. На ўваходзе для іх выстаўлены антысэптык. Дбайна праціраюцца абразы і ручкі ўваходных дзьвярэй.

У царкве ў Дзятлава, ілюстрацыйнае фота
У царкве ў Дзятлава, ілюстрацыйнае фота

Ксёндз Андрэй Кеўліч, пробашч каталіцкай парафіі Маці Божай Бялыніцкай (Горкі, Магілёўская вобласьць)

Заклікае вернікаў устрымацца ад наведваньня службаў. Нагадвае: згодна з распараджэньнем духоўнага кіраўніцтва вернікам дазваляецца ня ўдзельнічаць у публічных цэлебрацыях у сьвяточныя дні.

Па ягоных словах, цяпер у касьцёле санітарныя нормы выконваюцца больш дбайна. Для вернікаў выставілі дэзынфікатары. На час пандэміі зьмененыя некаторыя рэлігійныя дзействы. Напрыклад, Ушанаваньне крыжа абыходзіцца безь яго цалаваньня — паклонам.

Сьвятар кажа: у мінулыя гады на Вербніцу ў касьцёл прыходзіла пад 50 вернікаў, а сёлета было 12.

«На Вялікдзень касьцёл зьбярэ ня больш за 20 чалавек, — кажа ён. — Мы арганізавалі онлайн-трансьляцыі службаў на парафіяльнай інтэрнэт-старонцы, і шмат прыхаджан удзельнічаюць у іх. Будзем праводзіць іх увесь час пандэміі».

Сродак для дэзынфэкцыі рук у горадзенскім Фарным касьцёле. Некаторыя вернікі працягваюць цалаваць святыні, нягледзячы на перасьцярогі
Сродак для дэзынфэкцыі рук у горадзенскім Фарным касьцёле. Некаторыя вернікі працягваюць цалаваць святыні, нягледзячы на перасьцярогі

Айцец Леанід, настаяцель праваслаўнай царквы сьвятога Серафіма Сароўскага (Жлобін, Гомельская вобласьць)

Сьвятар кажа, што літургія ў Вербную нядзелю 12 красавіка плянуецца ў звычайным парадку.

«Мы ў храме больш праціраем, дэзынфікуем іконы, крыжы, ручкі. Калі прычашчаем людзей — усё дэзынфікуем. Служба ідзе сваім парадкам», — кажа сьвятар.

Вербы будуць традыцыйна асьвячацца на вуліцы. Літургія пройдзе ў храме.

«Службаў ніхто не адмяняў, храмаў мы не зачынялі. Людзей стала трохі менш прыходзіць. Кожны чалавек сам робіць выбар. Хто мае сумненьні — сядзіць дома. Застацца дома — тут страху няма. У Вербную нядзелю мы прыходзім, каб праслаўляць Госпада, а вербы — гэта проста сымбалічны знак», — дадаў айцец Леанід.

Ілюстрацыйнае фота. Некалькі сотняў чалавек сабраў Фарны касьцёл Горадні на адной зь імшаў у Вербную нядзелю 5 красавіка
Ілюстрацыйнае фота. Некалькі сотняў чалавек сабраў Фарны касьцёл Горадні на адной зь імшаў у Вербную нядзелю 5 красавіка

Ксёндз Віталь Мышона, пробашч касьцёла Найсьвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Фацімскай (Лельчыцы, Гомельская вобласьць)

Вялікдзень 12 красавіка будзе сьвяткавацца як звычайна, але з улікам рэкамэндацый і інструкцый, якія дадуць касьцельныя ўлады і біскуп.

«Хто хоча — прыходзіць у касьцёл у масках. Хто хоча — калі нямоглы ці хворы — можа атрымаць дыспэнсу (дазвол не ісьці на імшу. — РС). Мы апрацоўваем храм, праводзім дэзынфэкцыю. Кажам людзям, каб захоўвалі бясьпеку, не дакраналіся рукамі да вачэй, вуснаў, твару, каб акуратна сябе ў касьцёле паводзілі. Людзей стала менш хадзіць. На Вербную нядзелю было каля 60-70 чалавек, звычайна ходзіць каля сотні. Кожны мае свой розум», — лічыць ксёндз.

Імшы ў касьцёле пройдуць традыцыйна — увечары ў суботу і ранкам 12 красавіка.

Ілюстрацыйнае фота. Дэзынфэкцыя рук у адным зь беларускіх касьцёлаў
Ілюстрацыйнае фота. Дэзынфэкцыя рук у адным зь беларускіх касьцёлаў

Пятро, настаяцель храма Сьвяціцеля Мікалая Цудатворца (Бабовічы, Гомельская вобласьць)

Пакуль ня можа пэўна адказаць — ці будуць зьмены ў правядзеньні службы на Вербную нядзелю.

«Сытуацыя зьмяняецца штодзень. Мы ня ведаем, што будзе заўтра», — сказаў сьвятар.

Грамада Царквы хрысьціянаў веры эвангельскай (Брагін, Гомельская вобласьць)

Нядзельную службу 12 красавіка правядуць традыцыйна. Царква не зачыняецца, службы ў онлайн не пераходзяць.

«У нас няма ікон, крыжоў, каб іх цалаваць. У нас рукі сьвятару не цалуюць. Таксама ёсьць магчымасьць захоўваць сацыяльную дыстанцыю — людзі не стаяць шчыльна. Пастар таксама стаіць далёка ад людзей. Мы паклапаціліся пра дэзынфэкцыю, пра тое, каб людзям было ў нас бясьпечна. У нас суполка невялікая. Але калі чалавек ня прыйдзе на службу ў нядзелю — ня будзе ніякага асуджэньня. Калі будзе шмат людзей — мы можам на вуліцы правесьці службу», — запэўнілі ў рэлігійнай грамадзе.

Ілюстрацыйнае фота. Жанчына дэзынфікуе абраз падчас набажэнства ў праваслаўнай царкве ў Дзятлава
Ілюстрацыйнае фота. Жанчына дэзынфікуе абраз падчас набажэнства ў праваслаўнай царкве ў Дзятлава

Протаіерэй Мікалай Каляда, настаяцель праваслаўнага прыходу храма Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы (Браслаў, Віцебская вобласьць)

«Пакуль мы працуем у звыклым рэжыме, рыхтуемся да сьвятаў. Ад вышэйшага духоўнага кіраўніцтва не было ніякіх распараджэньняў. Былі толькі ўказаньні прымаць і выконваць гігіенічныя меры перасьцярогі. У храме стаіць антысэптык. Мы апрацоўваем рукі, рэкамэндуем гэта рабіць прыхаджанам. Спэцыяльным растворам праціраем іконы. Падчас набажэнства выкарыстоўваем аднаразовыя кубачкі».

Па словах айца Мікалая, некаторыя прыхаджане прыходзяць у храм у масках, застаюцца ў іх падчас набажэнства. Людзей у храме значна паменела.

«У прыходзе большасьць людзей сталага веку, — кажа сьвятар. — Раней на набажэнства зьбіралася 50-60 чалавек. Цяпер прыходзіць 20-30. Месца цяпер хапае. Людзі свабодна стаяць — на мэтар адзін ад аднаго дакладна».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Протаіерэй Віталь Кісель, настаяцель праваслаўнага прыходу Сьвята-Ільлінскай царквы (Бешанковічы, Віцебская вобласьць)

«Людзей няма, храм стаіць адчынены. На набажэнствы прыйдзе чалавек 3-5, у масках стаяць».

«І патрыярх тлумачыць, і мы кажам, каб маліліся людзі дома, каб захоўвалі гігіену, у масках хадзілі, каб не кантактавалі адзін з адным, выконвалі інструкцыі Мінздароўя, прытрымліваліся дысцыпліны і былі асьцярожнымі».

У храме робяцца неабходныя прафіляктычныя захады.

«Усё мыем, усё апрацоўваем, праветрываем царкву. Мы ўтрох у храме працуем — сьвятар, дыякан і панамар. Усе на адлегласьці стаім. Але храмы пустыя стаяць».

Сьвятар адзначае, што людзей паменела ня толькі ў храмах, але і на вуліцах. Сьвяточныя набажэнствы адбудуцца па звыклым раскладзе.

«На сьвяты будзем маліцца ў храме. Калі хто і прыйдзе вярбу асьвяціць, па магчымасьці будуць старацца на вуліцы пастаяць. Будзем спадзявацца на міласьць Божую».

Ілюстрацыйнае фота. Каталіцкая Вербная нядзеля ў Горадні, 5 красавіка 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Каталіцкая Вербная нядзеля ў Горадні, 5 красавіка 2020 году

Ксёндз Вячаслаў Барок, пробашч рымска-каталіцкай парафіі Сьвятога Язафата Кунцэвіча (Расоны, Віцебская вобласьць)

«Згодна з падыходам усяго каталіцкага касьцёла, з прычыны эпідэміі каранавірусу можна застацца на сьвяты дома. Перадусім гэта для тых людзей, хто пачуваецца хворым, даглядае за людзьмі сталага веку і малымі дзецьмі. Тым ня менш я не магу загадаць людзям заставацца дома. Набажэнства адбудзецца з удзелам вернікаў. Таго, хто не баіцца і здольны захаваць усе меры перасьцярогі, каб заставацца самому здаровым і не заразіць іншага, я заахвочваю прыйсьці ў храм.

Перадусім мы інфармуем людзей, як паводзіць сябе ў небясьпецы каранавірусу. Гэта робіцца падчас кожнага набажэнства.

Некалькі тыдняў у Расонах няма магчымасьці набыць антысэптык. Я інфармаваў мясцовую ўладу пра гэта, аднак пакуль нічога не было зроблена. Я езьдзіў у Полацак, знайшоў дарагі антысэптык у прыватнай краме. Перад тым як ісьці маліцца, мы апрацоўваем рукі, каб падчас імшы ня стаць разносчыкамі пагрозы для іншых».

Ілюстрацыйнае фота. Антысэптык у Фарным касьцёле Горадні
Ілюстрацыйнае фота. Антысэптык у Фарным касьцёле Горадні

Сьвятар адзначае, што колькасьць парафіянаў зьменшылася на 60%. На вялікія сьвяты ў касьцёле зьбіралася да ста чалавек, цяпер — да 30.

«Своечасова і вельмі загадзя на падзеі з каранавірусам адрэагаваў Ватыкан, выдаў адпаведныя дакумэнты, як можна маліцца. Было прынятае беспрэцэдэнтнае ў гісторыі каталіцызму рашэньне, што велікодныя набажэнствы могуць адбывацца нават без удзелу вернікаў. Каталіцкі касьцёл уводзіць магчымасьць асьвяціць дары малітвай дома».

Ксёндз Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі Сьвятой Тройцы (Глыбокае, Віцебская вобласьць)

«Каталіцкі касьцёл адзін зь першых у нашай краіне заклікаў людзей да засьцярогі з прычыны пандэміі каранавірусу. І біскупы, і сьвятары заклікаюць людзей пажылога ўзросту альбо тых, хто адчувае пэўныя сымптомы хваробы, мае слабы імунітэт альбо панічны страх, засьцерагацца і ня ставіць ні сябе, ні іншых у небясьпеку і заставацца дома.

Многія пытаюць, што рабіць. На гэтае пытаньне няма адказу. Гэта справа сумленьня кожнага веруючага чалавека. Мы пакідаем людзям свабоду выбару. Зачыняць храмы і казаць людзям заставацца дома — гэта было б абсалютна несправядліва з нашага боку.

Ілюстрацыйнае фота. Дэзынфэкцыя сьвятынь у Ашмянах
Ілюстрацыйнае фота. Дэзынфэкцыя сьвятынь у Ашмянах

Мы пасьпелі купіць антысэптыкі. Цяпер іх у аптэках у Глыбокім не знайсьці. Яны пастаўленыя пры ўваходзе ў храм. Мы стараемся спавядальні праціраць рэгулярна, калі людзі карыстаюцца споведзьдзю. Праветрываем касьцёл, наколькі магчыма. Стараемся казаць людзям захоўваць дыстанцыю.

За 19 гадоў я першы раз на Вербную нядзелю бачыў менавіта такую колькасьць вернікаў. На трох імшах было каля 500 чалавек. Для такой парафіі, як у Глыбокім, гэта трэцяя частка.

Датычна сьвятой вады ў маім храме абмежаваньняў няма. Адарацыя крыжа ў Вялікую пятніцу, канечне, у літургіі будзе. Калі хто хоча цалаваць крыж, мы будзем пільнаваць — антысэптыкам апрацоўваць крыж, хто баіцца — можна ўшанаваць праз пакланеньне».

Уладзімер Татарнікаў, пастар лютэранскай кірхі сьвятога Іаана (Горадня)

Лютэранская кірха Сьвятога Іаана ў Горадні, архіўнае фота
Лютэранская кірха Сьвятога Іаана ў Горадні, архіўнае фота

«У нас цяпер службы онлайн і паралельна ў рэале. У лютэранскай царкве рашэньне прымаецца не адным чалавекам, а супольнасьцю. У царкву на звычайную службу раней прыходзілі па 40 чалавек, цяпер 6-7 чалавек, пераважна тыя, у каго ёсьць прыватны транспарт.

Перайшлі ў онлайн тыдні два таму. Усясьветная лютэранская фэдэрацыя разаслала ўсім лісты, каб лютэранскія цэрквы на месцах прыслухоўваліся да рэкамэндацый Міністэрства аховы здароўя і распараджэньняў улады.

З санітарных захадаў — дазатары, кожную суботу з антысэптыкам апрацоўваем лаўкі, ручкі. Некаторыя прыходзяць у масках. Я ў масцы ня бачу сэнсу. Мы адмянілі ўсе мерапрыемствы ў храме па-за нядзельнымі службамі. Раней былі арганныя канцэрты, моладзевыя сустрэчы, скандынаўская хадзьба. Усе могуць расьсесьціся па храму на належныя 3-5 мэтраў адзін ад аднаго. Нам прасьцей, чым вялікім цэрквам».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG