Краіны-вытворцы нафты падпісалі дамову, якая прадугледжвае найбуйнейшае ў гісторыі скарачэньне здабычы нафты. Яно складзе 10 мільёнаў барэляў у суткі — гэта дзясятая частка ўсясьветнага спажываньня да пачатку пандэміі каранавірусу.
Пагадненьне 26 краінаў заканчвае цэнавую вайну на рынку нафты, разгорнутую на пачатку сакавіка Расеяй і Саудаўскай Арабіяй. Маскве давядзецца зьнізіць здабычу амаль у 4 разы ў параўнаньні з тым, ад чаго яна адмовілася на пачатку сакавіка.
Расеі і Саудаўскай Арабіі давядзецца скараціць здабычу на два месяцы на 22% ад 11 мільёнаў барэляў у суткі, гэта значыць да 8,5 мільёна. Такім чынам, на іх прыпадзе палова скарачэньня ў пагадненьні, — тлумачыць выданьне The Bell.
Перамовам папярэднічала самае буйное зьніжэньне цэнаў на нафтавым рынку за дзесяцігодзьдзі. Наступствы пандэміі пагоршылі рознагалосьсі паміж Расеяй і Саудаўскай Арабіяй вакол умоваў папярэдняга пагадненьня аб скарачэньні здабычы. У выніку цэны на нафту ўпалі ў некалькі разоў, у нейкі момант аказаўшыся ніжэй, чым 20 даляраў за барэль.