Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты могуць ўвесьці мыта на імпарт сырой нафты для таго, каб абараніць амэрыканскую нафтавую галіну ад рэзкага абвалу цэн на сусьветным рынку.
Трамп адзначыў, што мыта можа быць уведзена ў выпадку, калі Расея і Савудаўская Арабія ў найбліжэйшы час не дамовяцца аб скарачэньні аб’ёмаў здабычы нафты.
Трамп заявіў пра гэта ў суботу падчас брыфінгу, прысьвечанага барацьбе з эпідэміяй каранавіруснай інфэкцыі. Прэзыдэнт ЗША цяпер праводзіць такія брыфінгі штодня.
У пятніцу Трамп сустракаўся з прадстаўнікамі нафтаздабываючых кампаній, шэраг якіх — у першую чаргу ўласьнікі радовішчаў сланцавай нафты — былі вымушаныя прыпыніць працу з прычыны рэзкага падзеньня цэнаў, у выніку чаго здабыча такой нафты стала нерэнтабельнай.
У той жа час прадстаўнікі нафтаперапрацоўчага бізнэсу напісалі Трампу ліст з просьбай ня ўводзіць мыта, паколькі яго ўвядзеньне прывядзе, апроч іншага, да росту цэнаў на бэнзін. ЗША імпартуюць нафту як з Савудаўскай Арабіі, так і з Расеі.
Раней у суботу было абвешчана аб тым, што канфэрэнцыя прадстаўнікоў краін — экспартэраў нафты, заплянаваная на 6 красавіка, пераносіцца. Як паведамляе Reuters, пасяджэньне, якое плянуецца ў фармаце відэаканфэрэнцыі з прычыны пандэміі, пройдзе, магчыма, 8 ці 9 красавіка.
Прычына адтэрміноўкі тлумачыцца спрэчкай паміж Масквой і Эр-Рыядам, якія ўзаемна ўскладаюць адно на аднаго адказнасьць за падзеньне цэнаў на нафту, адзначае агенцтва Reuters.
На правядзеньні канфэрэнцыі настойваў Трамп, які заявіў на днях аб неабходнасьці тэрмінова стабілізаваць сусьветны рынак нафты.
У суботу Трамп выказаў надзею на тое, што Расія і Саудаўская Арабія — вядучая сіла ў арганізацыі АПЭК — дамовяцца.
- 30 сакавіка цэны нафту на сусьветным рынку дасягнулі 18-гадовага мінімуму — барэль Brent каштаваў таньней за 20 даляраў. Попыт на нафту ўпаў у сувязі з жорсткімі мерамі для барацьбы з распаўсюджваньнем каранавірусу.
- Былі рэзка абмежаваныя перамяшчэньня ўсіх відаў транспарту, спынілі працу многія прадпрыемствы.
- Аднак краіны АПЭК і Расея не змаглі дамовіцца аб зьніжэньні аб’ёмаў здабычы нафты, што паскорыла падзеньне цэн. Пасьля паведамленьняў аб тым, што дамоўленасьць ўсё ж магчымая, цэны вырасьлі, цяпер цана нафты балянсуе каля адзнакі 30 даляраў за барэль.