У Аршанскім раёне зарэгістравалі першую сьмерць пацыента з каранавірусам. Пра гэта стала вядома 9 красавіка. У памерлага «шматлікія хранічныя захворваньні былі абцяжараныя каранавіруснай інфэкцыяй», паведаміў «Аршанскай газеце» галоўны дзяржаўны санітарны лекар Аршанскага раёну Сяргей Белы.
Ён таксама сказаў, што агулам у Аршанскім раёне на 9 красавіка зарэгістравана 11 выпадкаў каранавірусу, у дзевяці пацыентаў стан здавальняючы.
У раёне зрабілі больш за 390 тэстаў на каранавірус. Пасьля паўторнага адмоўнага тэсту на COVID-19 зьнялі з мэдычнага назіраньня 26 чалавек.
Агулам на раніцу 9 красавіка, паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі:
- 1331 пацыент з каранавірусам шпіталізаваныя;
- зь іх 55 маюць патрэбу ў прымусовай вэнтыляцыі лёгкіх;
- 139 выпісаныя здаровымі;
- памерлі 16 інфікаваных каранавірусам — прызнаныя тры новыя сьмерці.
Разам гэта дае 1486 прызнаных выпадкаў — плюс 420 выпадкаў за дзень.
У Віцебскай вобласьці, паводле афіцыйнай статыстыкі на 9 красавіка, 364 чалавекі шпіталізаваныя, 35 выпісаныя, 7 памерлі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ