На Магілёўшчыне, якая лічыцца спакойнай у сэнсе эпідэміі каранавірусу, 8-тысячны Слаўгарад стаіць асабняком. Тут за няпоўны тыдзень пад падазрэньне ў захворваньні на COVID-19 трапіла больш за два дзясяткі чалавек. У чатырох каранавірусная інфэкцыя пацьвердзілася. Пад мэдычным наглядам застаюцца яшчэ 13 чалавек: 4 у Магілёве і 9 у Слаўгарадзе.
Афіцыйна ў Магілёўскай вобласьці зарэгістраваныя 30 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі.
Слаўгарадзкі раён адзін з найбольш пацярпелых у рэгіёне ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пад адсяленьне трапілі 25 тутэйшых вёсак.
«Здавалася, радыяцыю перажылі і цяпер нас беды меліся абыходзіць бокам»
Паводле жыхароў, у райцэнтры пра шпіталізацыю ў мясцовую бальніцу жанчыны з падазрэньнем на COVID-19 стала вядома ў суботу, 4 красавіка. Чуткі пра гэта імгненна разьнесьліся па Слаўгарадзе. На вуліцах заўважна паменела людзей, а тыя, што выбіраліся з дамоў, былі ў масках, апавядае адна зь першых суразмоўніц, маладая жанчына.
«Я чамусьці была ўпэўненая, што Слаўгарад самае бясьпечнае месца, — кажа яна. — Здавалася, радыяцыю перажылі і цяпер нас беды меліся абыходзіць бокам, а тут такое...».
Кабета, якую забралі ў бальніцу, з той жа вёскі, што і суразмоўніца. Напярэдадні яна завезла туды дзяцей, а потым давялося тэрмінова ехаць па іх. Жанчына ня ведае, ад каго зямлячка заразілася. У вёсцы кажуць, што ад сына, які прыехаў з заробкаў з Расеі.
Суразмоўніца лічыць, што цяпер кожнаму трэба быць гатовым да таго, што давядзецца паляжаць колькі тыдняў у інфэкцыёнцы.
«Жахліва іншае, — падсумоўвае яна. — Калі прыяжджае хуткая дапамога і цябе кладуць у капсулу, якая нагадвае труну. А потым пра цябе людзі пачынаюць гаварыць рознае. Мы ж у маленькім горадзе жывём...».
4 пацыенты з каранавірусам і 13 на падазрэньні
Выпадак каранавіруснай інфэкцыі ў Слаўгарадзе быў афіцыйна прызнаны 6 красавіка.
У той жа дзень з мэдычнага асяродзьдзя Свабодзе стала вядома, што хворую на COVID-19 кабету і яшчэ чатырох чалавек з пацьверджаным станоўным тэстам напярэдадні ўначы перавезьлі ў Магілёўскую інфэкцыйную бальніцу. Кантакты ж першага ўзроўню засталіся ў Слаўгарадзе чакаць вынікаў абсьледаваньня.
Пазьней стала вядома пра шпіталізацыю работнікаў Слаўгарадзкага філіялу акцыянэрнага таварыства «Бабушкина крынка». На прадпрыемстве ўдалося высьветліць, што цяпер у раённай бальніцы 9 іхных кіроўцаў.
У Цэнтральнай раённай бальніцы паведамілі, што на 8 красавіка пацьверджаныя выпадкі каранавіруснай інфэкцыі ў 4 чатырох жыхароў раёну. Яны пад наглядам у Магілёве. Там жа з прыкметамі вострага рэсьпіратарнага захворваньня перабываюць яшчэ чацьвёра. У Слаўгарадзкай жа лякарні знаходзяцца 9 чалавек. У дваіх тэсты не пацьвердзілі каранавірусу, але яны застануцца пад мэдычным наглядам два тыдні. Яшчэ 7 — чакаюць вынікаў.
Высьветліць удалося, што кабета, якую першай шпіталізавалі з каранавірусам, пераведзеная з рэанімацыі магілёўскай лякарні ў агульную палату.
«Каго ні запытай — баіцца. Трэба было карантын уводзіць»
Тым часам, жыхары Слаўгарада наракаюць на адсутнасьць інфармацыі, што адбываецца з каранавіруснай інфэкцыяй у райцэнтры. Гэта дае падставы для панікі і пагалосак.
«Нічога ня ведаем, што робіцца, але мусім, — кажа міначка непадалёк ад бальніцы. —— Жывём тым, што баба бабе расказала. А раёнцы нашай забароняць пра такое пісаць. Не паверыце — мы тут як на фронце. Ня ведаем, адкуль стрэліць».
Вуліцы райцэнтру бязьлюдныя. Рэдкія мінакі, якія выходзяць па сваіх справах з дамоў, стараюцца найхутчэй вярнуцца. Новы жылы масіў на ўскрайку вуліцы Калініна таксама «нежывы». Ён заселены пераважна моладзьдзю.
«Вядома ж у Слаўгарадзе гавораць пра каранавірус, — адзначае малады мужчына, які вывеў на прагулку дачку. — Каго ні запытай усе баяцца. Многія кажуць, што трэба было карантын уводзіць. Садкі і школы пазачынялі б тады. А так, дзеці труцца між сабой і пошасьць могуць перадаваць».
Суразмоўца ў масцы. Кажа, што ў яго грып. Лекары зьбіваюць тэмпэратуру і кажуць, каб ён выклікаў іх, калі прэпараты не дадуць рады. Мужчына тлумачыць, што цяпер кожны ў Слаўгарадзе любую прастуду ўспрымае як каранавірус. Трохгадовая дачка, стаміўшыся слухаць дарослых, запытала ў журналіста, ці хворы ён, бо ў масцы. Пачуўшы адмоўны адказ, пахвалілася, што ёй, «як тату, у руку зрабілі ўкол».
«Людзі трымаюцца самаізаляцыі...»
Яшчэ адзін жыхар мікрараёну на Калініна адзначае, што да каранавірусу тутэйшыя гульнявыя пляцоўкі былі поўныя дзятвы. Цяпер жа на ёй ні душы.
«Горад пустынны, — кажа ён. — Людзі трымаюцца самаізаляцыі. Усе сядзяць па дварах. Я, як пэнсіянэр, толькі сабаку выводжу і нікуды больш».
Нямала суразмоўцаў наракае, што ў мясцовых аптэках не набыць масак і дэзынфэкцыйных сродкаў. Правізары прызнаюць праблему і кажуць: попыт на такія тавары высокі і не заўжды пасьпяваюць іх падвозіць. Калі дастаўляюць, то імгненна разьбіраюць.
На раніцу 8 кастрычніка, паводле начальніка абласнога ўпраўленьня аховы здароўя Аляксандра Старавойтава, на Магілёўшчыне было пацьверджана 30 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі. За суткі колькасьць хворых павялічылася на 9 чалавек. Двое пацыентаў маюць патрэбу ў кіслароднай падтрымцы.
Першы выпадак каранавіруснай інфэкцыі быў выяўлены 1 красавіка ў мэдыка з Крычава. Яна заразілася ў Віцебску на курсах павышэньня кваліфікацыі. Цяпер ад каранавіруснай інфэкцыі ў вобласьці лечацца акрамя жыхароў Слаўгарада і Крычава таксама жыхары Магілёва, Бабруйску, Кіраўску, Магілёўскага раёну ды Асіповічаў.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.