Бешанковіцкі раённы цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі (Віцебская вобласьць) працуе дыстанцыйна. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў намесьнік старшыні райвыканкаму Сяргей Аўчыньнікаў.
Аднак ён адмовіўся патлумачыць прычыны. Тэлефон кіраўніцы цэнтру не адказвае.
У райвыканкаме сказалі, што цяпер «на бальнічным» старшыня райвыканкаму Галіна Ўнуковіч, намесьнікі старшыні Мікалай Заблоцкі і Сяргей Акуневіч. Аднак там не патлумачылі, ці зьвязана гэта з каранавірусам. У кіраўніцы аддзелу ідэалягічнай працы Натальлі Апанасёнак, якая таксама на бальнічным, «прастуда».
У Віцебскім абласным цэнтры эпідэміялёгіі і гігіены сказалі, што Бешанковіцкі раённы цэнтар гігіены «на ізаляцыі на два тыдні», аднак таксама не патлумачылі прычыны.
Паводле інфармацыі мясцовага выданьня Beshankovichy.by, у Бешанковіцкім раёне рэзка вырасла колькасьць хворых на пнэўманію. Мяркуецца, што захварэлі таксама і супрацоўнікі Бешанковіцкага райвыканкаму.
Як піша «Наша ніва», у рэанімацыі памерла 57-гадовая дэзынфэктар Бешанковіцкай санітарна-эпідэміяляічнай службы Натальля Літвякова, астатніх шпіталізавалі.
***
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі на 9 красавіка прызнаныя 1468 выпадкаў COVID-19, памерлі 16 чалавек, выпісаныя здаровымі 139.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.