Пандэмія ніяк не паспрыяла кансалідацыі беларускага грамадзтва перад абліччам небясьпекі, а толькі абвастрыла антаганізм паміж прыхільнікамі і праціўнікамі існага палітычнага рэжыму.
Сьцісла:
- Беларусь — гэта краіна з расколатым грамадзтвам. Таму любы крызіс, нават стыхійнае бедзтва, вядзе толькі да паглыбленьня антаганізму.
- Улады зыходзяць з канцэпцыі, што паніка — значна большая пагроза для краіны, чым каранавірус. Таму і змагаюцца з тымі, хто выказвае недавер да дзяржаўных інстытутаў.
- Посьпех барацьбы з каранавірусам моцна залежыць ад даверу грамадзтва да ўладаў. У Беларусі любому крызісу спадарожнічае якраз рост недаверу да існага рэжыму.
Любы крызіс выяўляе, выцягвае на паверхню сацыяльныя працэсы, якія ў звычайным жыцьці схаваныя пад тоўстым слоем штодзённасьці.
У экспэртным асяродзьдзі даўно ўжо ўмацавалася думка, што Беларусь — гэта краіна з расколатым грамадзтвам. Тут сацыяльна-палітычны антаганізм мае асаблівы характар у зьвязку зь нявырашанасьцю праблемы гістарычнага выбару. Але гэта ня толькі палітычны, а сьветапоглядны раскол, ён распаўсюджваецца на ўсе сфэры жыцьця.
У іншых краінах пераадолець супрацьстаяньне, аб’яднаць народ дапамагала пагроза сацыяльнай або прыроднай катастрофы, агульнанацыянальная трагедыя. Спрацоўваў інстынкт самазахаваньня соцыюму. У Беларусі сытуацыя іншая. Тут раскол настолькі глыбокі і непрымірымы, што любы крызіс, нават стыхійнае бедзтва, вядзе толькі да паглыбленьня антаганізму. Напрыклад тэхнагенная катастрофа — Чарнобыльская аварыя — ня толькі ня стала фактарам кансалідацыі соцыюму, а наадварот, ператварылася ў дадатковы чыньнік расколу. Штогод дзень гадавіны аварыі на АЭС 26 красавіка становіцца днём вострага палітычнага супрацьстаяньня ў краіне.
Тое самае можна сказаць і пра пандэмію каранавірусу. Яна ніяк не паспрыяла кансалідацыі перад абліччам небясьпекі, а толькі абвастрыла антаганізм паміж прыхільнікамі і праціўнікамі існага палітычнага рэжыму. Пра гэта можна судзіць па тых дыскусіях, якія ідуць у сацыяльных сетках.
І галоўным чыньнікам расколу, як звычайна, стаў Аляксандар Лукашэнка. Дакладней, ягоная дзіўная пазыцыя адносна COVİD-19. Зразумела, што яна абурыла большасьць насельніцтва.
Улады зыходзяць з канцэпцыі, што паніка — значна большая пагроза для краіны, чым каранавірус. Таму яны найперш і змагаюцца з панікай. А хто яе распаўсюджвае? Вядома, ворагі — тыя, хто ня верыць, што ўлады кажуць праўду. Таму Лукашэнка даў загад КДБ разабрацца зь «нягоднікамі, якія ўкідаюць гэтыя фэйкі».
Затрыманьне, а потым вызваленьне галоўнага рэдактара незалежнай інтэрнэт-газэты «Ежедневник» Сяргея Сацука — гэта такое папярэджаньне ўсім незадаволеным. Змаганьне з пандэміяй ідзе паралельна з барацьбой з палітычнымі праціўнікамі. Прыхільнікі рэжыму (Ігар Марзалюк, Пятро Пятроўскі) заклікаюць улады караць людзей, якія распаўсюджваюць фэйкі.
Нядаўна вядомы амэрыканскі філёзаф Фрэнсіс Фукуяма на старонках The Atlantic сфармуляваў вельмі важную выснову. Посьпех барацьбы з каранавірусам моцна залежыць ад даверу грамадзтва да ўладаў. Прычым гэтае правіла дзейнічае як у дэмакратычных, так і ў недэмакратычных краінах.
Дык вось, у Беларусі любому крызісу спадарожнічае якраз рост недаверу насельніцтва да ўлады. Так было падчас фінансавага крызісу 2011 году, калі рэйтынг Лукашэнкі абрынуўся да самай нізкай рысы. Тое самае адбываецца і цяпер. Пандэмія стала дадатковым чыньнікам расколу і зьняверы.
Тут хіба варта дадаць, што каранавірус ня стаў чыньнікам кансалідацыі і для апазыцыі. Хачу нагадаць, што крызіс праекту «праймэрыз», выхад з кампаніі Паўла Севярынца і Аляксея Янукевіча быў выкліканы ня толькі спрэчкамі наконт удзелу прадстаўнікоў улады ў рэгіянальных сходах, але і рознагалосьсем наконт таго, ці мэтазгодна працягваць кампанію падчас пандэміі.
Але ёсьць і пазытыўныя прыклады самаарганізацыі грамадзтва ў гэтыя драматычныя часы. Многія бацькі дамаўляюцца, каб не вадзіць дзяцей у школы. У крамах, аптэках, іншых грамадзкіх месцах людзі стыхійна трымаюць дыстанцыю ў чэргах. Ажыўляецца валянтэрскі рух. Гэта тое, што некаторыя апазыцыйныя лідэры назвалі «народным карантынам».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ