Школьныя канікулы, хутчэй за ўсё, падоўжаць на тыдзень, заявіў Аляксандар Лукашэнка 3 красавіка ў Смалявіцкім раёне, адказваючы на пытаньні журналістаў, паведамляе БелТА.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Я ў гэтай сытуацыі сам знаходжуся як бацька, — сказаў Лукашэнка. — І я лічу, што патрабаваньні падоўжыць вакацыі з боку бацькоў, мэдыцыны — гэта няправільна.
Але калісьці я сказаў, што мы ня будзем ціснуць [у арыгінале сказана «довлеть». — РC] над бацькамі. Гэта іхныя дзеці, іхнае жыцьцё. І як яны прымуць рашэньне ў гэтым каранапсыхозе, так і будзе.
Таму я катэгарычна супраць, я ня згодны, што трэба дзіця выключыць з дзіцячага садку ці школы, падоўжыўшы вакацыі. Але калі паабяцаў, што будзе так, як просяць бацькі, так і будзе».
Тым ня менш, паводле яго, трэба вывучыць патэнцыйную напаўняльнасьць клясаў.
«Хочуць, каб мы працягнулі канікулы, заўтра мне даложыць міністар адукацыі. Заўтра-пасьлязаўтра мною будзе прынята рашэньне. Хутчэй за ўсё, мы працягнем на тыдзень», — сказаў Лукашэнка.
«Сытуацыя супакоілася»
Паводле Лукашэнкі, тыднёвыя вакацыі далі дзецям магчымасьць пабыць «у пэўным асяродзьдзі».
«Сытуацыя супакоілася [у арыгінале сказана «устаканилась». — РC], — заявіў Лукашэнка. — Калі яны пабудуць тыдзень дома, страху ня будзе. Заўтра-пасьлязаўтра мною будзе прынятае адпаведнае рашэньне.
Хутчэй за ўсё, мы працягнем на тыдзень вакацыі. Выключна таму, што гэтага хочуць бацькі і ня ўсе адпускаюць дзяцей у школу ў гэты пэрыяд. Я разумею бацькоў. Тут здаровы чалавек безь дзяцей захварэе ад таго, што адбываецца вакол».
Паводле UNESCO, на 3 красавіка ўрады большасьці краінаў сьвету часова закрылі навучальныя ўстановы, спрабуючы стрымаць распаўсюджваньне пандэміі каранавірусу COVID-19.
Закрыцьці навучальных установаў на агульнанацыянальным узроўні закранаюць больш за 89% навучэнцаў сьвету, іх увялі ў 188 краінах. Шэраг іншых краін закрылі школы лякалізана, не па ўсёй краіне.
У Беларусі карантыну ў школах ня ўводзілі. Цяпер вучні на вясновых вакацыях, з 30 сакавіка па 4 красавіка ўключна. Заняткі ў школах мелі б аднавіцца ў панядзелак 6 красавіка. У бальшыні краінаў, ахопленых пандэміяй, дзеці вучацца дыстанцыйна.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.