Сэрвіс Google Maps пачаў публікаваць дэталёвы аналіз паводзінаў карыстальнікаў падчас пандэміі каранавірусу. Асобная справаздача (PDF) ёсьць і пра Беларусь.
Зьвесткі тычацца ня кожнага чалавека ў сьвеце — толькі тых, хто карыстаецца сэрвісамі Google на смартфонах і не адключае гісторыі лякацыі.
Зьвесткі ананімныя. Іх публікуюць, каб дапамагчы ўладам ацаніць эфэктыўнасьць карантынаў і «сацыяльнага дыстанцыяваньня» (да заклікаў «заставацца дома» далучалася і Мінздароўя Беларусі, хоць карантыну ў краіне не абвяшчалі).
Паводле Google, на канец мінулага тыдня беларусы, калі параўноўваць са «звычайнымі паводзінамі», сталі:
- на 14% менш хадзіць у рэстарацыі, кавярні, забаўляльныя цэнтры, музэі, кінатэатры і бібліятэкі;
- на 5% больш хадзіць у крамы, на кірмашы і ў аптэкі;
- на 41% больш хадзіць у паркі і сквэры;
- на 7% менш карыстацца грамадзкім транспартам;
- на 3% больш знаходзіцца на працоўных месцах;
- на 2% менш знаходзіцца дома.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.