Дасьледчая кампанія SATIO 26–27 сакавіка правяла апытаньне 1002 беларусаў пра сытуацыю з пандэміяй каранавірусу. Вынікі дасьледаваньня публікуе Thinktanks.by.
«Дасьледаваньне незалежнае і ня мае замоўніка, — пішуць дасьледчыкі. — Мы зрабілі яго для вас і для нас. Каманда SATIO перажывае пандэмію разам з вамі. Заставайцеся дома!»
Як зьменіцца сытуацыя з каранавірусам цягам месяца:
- 62% апытаных лічаць, што пагоршыцца;
- 11%, што ня зьменіцца;
- 17%, што палепшыцца;
- жанчыны больш пэсымістычныя за мужчын: адказ пра пагаршэньне выбралі 64% супраць 59%;
- чым лепшая адукацыя, тым больш пэсымізму: толькі 47% людзей зь сярэдняй адукацыяй лічаць, што сытуацыя пагоршыцца, супраць 68% з вышэйшай.
Ці недаацэньваюць пагрозу:
- 47% апытаных лічыць, што рэакцыя на пагрозы каранавірусу адпавядае ўзроўню гэтай пагрозы;
- 31%, што большасьць недаацэньвае пагрозу;
- 13%, што большасьць пераацэньвае яе;
- чым старэйшыя рэспандэнты, тым менш яны схільныя адказваць, што пагрозу пераацэньваюць: так адказалі 18% ва ўзросьце 18–24 гадоў, але толькі 7% ва ўзросьце 55–64 гадоў;
- найбольш тых, хто лічыць пагрозу недаацэненай, ва ўзросьце 45–54 гадоў (36%).
Найбольш імаверныя наступствы пагаршэньня сытуацыі:
- 59% рэспандэнтаў мяркуе, што сыстэма аховы здароўя ня зможа дапамагчы ўсім у Беларусі;
- 48%, што вырасьце колькасьць вымушаных водпускаў за свае грошы;
- 44%, што ўпадзе курс рубля;
- 40%, што зьнізяцца заробкі;
- 29%, што павялічыцца недахоп лекаў і сродкаў мэдыцынскай абароны;
- 21%, што вырасьце беспрацоўе;
- 14%, што зьявіцца дэфіцыт прадуктаў харчаваньня і тавараў першай неабходнасьці;
- толькі 3%, што вырасьце злачыннасьць.
Што рабіць проста цяпер:
- 70% апытаных лічаць, што ўжо сёньня трэба забараніць усе грамадзкія імпрэзы;
- 56%, што закрыць на карантын усе навучальныя ўстановы;
- 53%, што прымусіць працадаўцаў перавесьці на дыстанцыйную працу ўсіх, каго магчыма;
- 39%, што ўвесьці буйныя штрафы за рызыкоўныя паводзіны, якія могуць спрыяць распаўсюду каранавірусу;
- 30%, што закрыць усе аб’екты гандлю, акрамя «жыцьцёва важных»;
- 29%, што арганізаваць асобныя гадзіны наведваньня крамаў і аптэк для людзей з групаў рызыкі;
- 19%, што ўвесьці ўсеагульны камэнданцкі час;
- 8%, што нічога з гэтага ня трэба рабіць.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.