Як мае выглядаць інфармацыя пра пандэмію ў цывілізаванай эўрапейскай краіне. Распавяду пра Чэхію, дзе я жыву.
Міністэрства аховы здароўя абнаўляе інфармацыю тры разы на дзень: 8:30, 18:30, 0:30. Па краіне і па рэгіёнах. Па ўзроставых катэгорыях. Па полу (мужчыны-жанчыны).
Штодня, часам і некалькі разоў на дзень, праходзіць урадавая прэс-канфэрэнцыя з жывой трансьляцыяй па агульнанацыянальным тэлебачаньні.
Дадзеныя па Чэхіі па стане на сёньняшнюю раніцу: праведзена тэстаў 60990, пацьверджана хворых з дыягназам каранавірус — 3604, паправіліся 61, памерлі 40.
Інфармацыя па гэтай краіне можа быць паказальнай, таму што насельніцтва Чэхіі параўнальнае зь беларускім — 10 мільёнаў. Ад 12 сакавіка ў краіне абвешчана крызіснае становішча, фактычна абмежаваны карантын.
Акрамя таго, на сайце Міністэрства аховы здароўя даступная інфармацыя:
- сьпіс пунктаў тэставаньня
- графік пацьверджаных выпадкаў COVID 19
- колькасьць шпіталізаваных, іх стан
разьмеркаваньне ахоўнага матэрыялу па сталіцы і рэгіёнах (краі), у тым ліку:
- акуляры
- дэзынфэкцыя
- маскі
- рэсьпіратары
- рукавіцы
- шчыты для твару
- камбінэзоны
- бахілы на абутак
- камплекты для тэставаньня
- хуткасныя тэстэры
(Прэсавая канфэрэнцыя па стане эпідэміі ў Чэскай рэспубліцы. На першым пляне (справа налева) міністр аховы здароўя Чэхіі Адам Войцех і яго намесьнік, прафэсар-эпідыміёляг Раман Прымула.)
Напрыклад па Празе разьмеркавана: 2 мільёны масак, 924 тысяч рэсьпіратараў, каля 40 тысяч ахоўных камбінэзонаў.
1 красавіка была прэзэнтаваная сьвежая чэская статыстыка, як уплываюць меры карантыну на Ro — базавую рэпрадукцыйную лічбу эпідэміі (сярэдняя лічба людзей ва ўразьлівай папуляцыі, якіх заражае адзін інфікаваны). Да 12 сакавіка — Ro складала 2,64. Праз дзень пасьля ўвядзеньня крызіснага становішча і закрыцьця школ Ro 1,84. Пасьля 16 сакавіка (абмежаваньня вольнага перамяшчэньня асоб, абавязковае нашэньне масак у транспарце і крамах) Ro складае 1,2.
Асабліва ўважліва адсочваецца адзін паказчык: працэнт пазытыўных тэстаў з агульнай колькасьці пратэставаных пацыентаў. Чэскі эпідэміёляг Раман Прымула назваў актуальную лічбу 6,1 працэнта, паводле яго гэта «лічба надзеі» (то бок са 100 тэстаў прыблізна 6 даюць станоўчы вынік). У Італіі гэта лічба для параўнаньня складае 20 працэнтаў.
Там, дзе ёсьць інфрамацыя, няма панікі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.