Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў у каментары Tut.by заявіў, што Міністэрства аховы здароўя Беларусі павінна палепшыць інфармаваньне грамадзянаў аб сытуацыі з карнавірусам у краіне.
Па яго словах, насельніцтва мусіць мець поўную інфармацыю пра ўсе рызыкі.
«Недахоп зьвестак можа справакаваць страх», — перакананы Батыр Бердыклычаў.
1 красавіка кіраўніцы Савету рэспублікі Натальлі Качанавай гутарыла з рэгіянальным дырэктарам Эўрапейскага бюро Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Гансам Клюге. Абмяркоўвалася пытаньне запрашэння місіі экспэртаў арганізацыі.
«Для працы групы будуць створаныя ўсе ўмовы: доступ да інфармацыі, падтрымка з боку Міністэрства аховы здароўя і ўраду, каб спэцыялісты маглі аб’ектыўна ацаніць меры, якія прымаюцца, даць неабходныя рэкамэндацыі», — растлумачылі ў беларускім офісе арганізацыі.
Ганс Клюге, па словах прадстаўніка САЗ у Беларусі, падкрэсьліў, што паколькі ўсё разьвіваецца вельмі хутка, адпаведна, і захады кожнай краіны павінны адпавядаць эпідэміялягічнай сытуацыі.
Дзень прыбыцьця місіі ў Беларусь пакуль невядомы, але зацікаўленыя бакі запэўніваюць, што робяць усё магчымае, каб адмыслоўцы прыехалі як мага хутчэй.
Батыр Бердыклычаў выказаўся адносна таго, што Міністэрства здароўя больш не дае інфармацыю аб колькасьці заражаных каранавірусам.
«Мы абмяркоўваем гэтае пытаньне. І вядома, лічым, што калі б падача інфармацыі была больш рэгулярнай і поўнай, было б значна лепш. Наша рэкамэндацыя досыць выразная — палепшыць гэты кампанэнт. Інфармаванне павінна быць рэгулярным і адкрытым. Важны элемент барацьбы з эпідэміяй — уцягваньне ў працэс насельніцтва».
Паводле падлікаў беларускіх СМІ, у Беларусі ад 163 да 217 выпадкаў заражэньня каранавірусам. Вядома, што памерлі два пацыенты.