Міністэрства аховы здароўя перастала пубілкаваць агульную колькасьць інфікаваных новым каранавірусам у Беларусі. Але яны ёсьць у дакумэнце ад Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, які апублікаваў Telegram-канал Nexta, і сапраўднасьць лічбаў пацьвердзілі некалькі крыніцаў Tut.by.
1 красавіка Мінздароўя апублікавала зьвесткі пра 157 інфікаваных COVID-19, якія знаходзяцца «знаходзяцца пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні», і прызнала 2 сьмерці інфікаваных. Але агульную колькасьць выпісаных здаровымі не назвала.
Паведамленьні Мінздароўя зь неадназначнымі фармулёўкамі ў сацсетках у жарт называюць «рэбусамі» — розныя СМІ спрабуюць вылічыць, колькі ж выпадкаў прызнае міністэрства. Напрыклад, Onliner.by расьпісваў свае разважаньні як рашэньне школьнай задачы — з улікам ранейшых зьвестак выйшла 215 зарэгістраваных выпадкаў і 2 сьмерці (на партале вырашылі, што сумарна 217 — сьмерці палічылі як дадатковыя выпадкі).
У дакумэнце МНС, які публікуе Nexta, на 1 красавіка і раніцу 2 красавіка лічбы такія:
- 215 выпадкаў заражэньня COVID-19 па ўсёй краіне;
- у іх ліку 102 у Менску;
- 66 у Віцебскай вобласьці;
- 33 у Менскай вобласьці;
- 9 у Гомельскай вобласьці;
- 4 у Горадзенскай вобласьці;
- 1 у Магілёўскай вобласьці;
- 53 чалавекі ачунялі;
- 1 памёр.
Пры тым, што ў дакумэнце МНС прызнаны 1 памерлы, Мінздароўя 1 красавіка прызнавала 2 сьмерці інфікаваных COVID-19, а вечарам 1 красавіка стала вядома пра трэцюю сьмерць інфікаванага, якую Мінздароўя пакуль не камэнтавала.
Прэс-сакратар МНС адмовіўся камэнтаваць Tut.by сапраўднасьць дакумэнту з каналу Nexta. Мінздароўя па-ранейшаму недасяжнае для камэнтароў.
У справаздачах Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) і Эўрапейскага цэнтру прафіляктыкі і кантролю захворваньняў (ECDC) паведамляецца, што на 1 красавіка ў Беларусі прызналі 152 выпадкі інфікаваньня COVID-19.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.